Екацярына Чугунова

budz-6-1Дабрачынная дзейнасць пачалася са з’яўленнем ідэі арганізаваць для сацыяльна неабароненых дзетак навагодняе свята – сабраць розныя рэчы і падарункі і перадаць іх у дзіцячыя прытулкі. Для гэтага ў Кантаце з 1 снежня 2012 года пачала працаваць мая суполка (http://vk.com/event45700711) з мэтай прыцягнуць як мага больш людзей да рэалізацыі гэтай ідэі. Я падключыла ўсіх сваіх сяброў і знаёмых для распаўсюджвання інфармацыі, бо патрэбна была любая дапамога, нават у гэтым.

Для дзіцячых дамоў былі неабходныя вопратка, цацкі, сродкі гігіены, абутак, кніжкі. Вядома, напачатку было вельмі цяжка. Асабліва ніхто не адгукаўся – людзі распаўсюджвалі інфармацыю пра акцыю, але дапамагаць ніхто не спяшаўся. Многія ўвогуле асуджалі, кажучы, што нам трэба проста праславіцца. Але мы не здаваліся! І мы пачалі больш актыўна рэкламаваць акцыю ў сацыяльных сетках – не толькі ў Кантакце, але яшчэ і на Гарадзенскім форуме і ў Аднакласніках. І справа зрушылася з мёртвай кропкі. Людзі пачалі тэлефанаваць, а пасля і прывозіць рэчы. Я фатаграфавала ўсе рэчы і здымкі размяшчала ў суполцы. Таксама ў суполцы з’явілася Кніга падзякі, дзе я дзякавала ўсім, хто аказаў нават мінімальную дапамогу дзеткам.

Інфармацыя пра акцыю распаўсюдзілася на гарадзенскія універсітэты – ва ўсіх дэканатах таксама пачаўся збор рэчаў. Я змагла дапамагчы і ў дастаўцы рэчаў, бо некаторым людзям было цяжка даставіць рэчы, але яны не хацелі застацца несаўдзельнымі, таму мы аб’язджалі і збіралі рэчы па горадзе.

Праблема ў тым, што трэба не проста захацець дапамагчы, яшчэ трэба сабраць рэчы і прывесці іх у парадак, прайсці санстанцыю або хімчыстку і мець машыну, каб усё гэта завезці ў пункт назначэння. Таму і нарадзілася гэта акцыя. Я ўсё збіраю і сама вырашаю гэтыя праблемы па апрацоўцы, фасоўцы і развожу па дзіцячым дамам. Усё фатаграфуецца і здымаецца на відэа, каб быць упэўненым, што нічога не згубілася і ўсё дайшло да адрасату. Людзі, якія аддаюць свае рэчы, могуць сачыць за гэтым.

Мяккія цацкі, якія не прымаюцца ў дзіцячых прытулках, але якія вельмі актыўна везлі людзі, мы перадавалі ў малазабяспечаныя сем’і, дзе вырашаецца пытанне пазбаўлення бацькоў бацькоўскіх правоў. Гэтыя сем’і я змагла знайсці, звярнуўшыся да сацыяльнага педагога сваёй школы. Такім дзеткам таксама патрэбна дапамога! І яны таксама вераць у цуды на навагоднія святы.

Мы сабралі рэчы не толькі для Дома малюткі, але і для дзіцячага прытулку на Гая. Гэта быў сапраўдны прарыў!!!

Акцыя з поспехам прайшла, але суполка працягвае сваю дзейнасць. Зараз таксама праводзіцца збор рэчаў для сацыяльных дзетак, якія жывуць у нястачы.

Вельмі важным дасягеннем суполкі з’яўляецца тое, што мы не толькі сабралі рэчы для дзяцей, але яшчэ і расказалі пра праблему шырокаму колу людзей, дзякуючы чаму з’явіліся асобныя ініцыятыўныя групы, якія самі пачалі займацца зборам рэчаў. І гэта вельмі важна.

Вельмі хочацца дапамагчы ўсім, каму гэта неабходна, і я буду рабіць для гэтага ўсё, што ў маіх сілах!


CACKLE comment system