Фестываль моладзевай журналістыкі "Твой стыль": Стартуй якасна!
Гродна | 25-27 мая 2012
about festival O festiwalu

Ганна Шарэнда: “Людзі адчуваюць культурны голад да ўсяго беларускага”

ІІІ Фестываль моладзевай журналістыкі “Твой Стыль” працягвае шэраг эксклюзіўных гутарак з партнёрамі конкурса. Адна з заснавальніц спецыяльнай намінацыі – турыстычная фірма з назвай у гонар язычніцкай багіні ранішняй зоркі  “Мерцана”.  Чаму расце папулярнасць айчыннага турызму, пра намінацыю “Нестандартная Беларусь”  і свае чаканні ад маладых журналістаў распавядае дырэктарка ТАА “Мерцана” Ганна Шарэнда.

-Ганна, у сваёй працы вы абралі беларускі накірунак. Няўжо адпачынак у Беларусі нарэшце стаў камусьці цікавым?

-Так, мы  працуем толькі з маршрутамі па Беларусі, што называецца, “прадаем” Беларусь турыстам . На мой погляд, зараз людзі адчуваюць культурны голад  да беларускага, які патрэбна задаволіць. Відаць, людзям надакучылі карпаратывы і яны шукаюць іншыя варыянты адпачынку. Нават беларуская мова стала больш прывабнай для людзей, яна ўжо не выклікае смех ці гнеў. Зараз шмат месцаў, дзе можна пакаштаваць беларускую кухню, стаць удзельнікам беларускіх свят і нават адгуляць вяселле ў беларускім стылі. Набывае попыт і агратурызм, а таксама месцы для сямейнага адпачынку. Мне здаецца, беларусы пачынаюць разумець, што культура адпачынку павінна прывівацца з дзяцінства. Так робіцца ў Еўропе, але нам да гэтага яшчэ далёка.

-На вашым сайце прадстаўлена шмат маршрутаў: тэматычных, экстрымальных, краязнаўчых, экскурсіі для дзяцей. Распрацаваць новы маршрут – складаны працэс?

-Гэта вельмі цяжкі працэс, асабліва калі зусім не ведаеш мясцовасці. У распрацоўцы маршрута шмат нюансаў: людзей трэба адвезці, накарміць, знайсці жытло, неяк павесяліць. Таксама складана знайсці добрага экскурсавода.  Вельмі мала сярод экскурсаводаў сапраўды зацікаўленых людзей. Лепшыя ў гэтай справе – аматары, якія ведаюць, як зацікавіць людзей. Сухія факты нікому не патрэбны. Людзі любяць розныя жыццёвыя гісторыі: пра шчаслівае ці нешчаслівае каханне і гэтак далей.

-Вашая намінацыя называецца “Нестандартная Беларусь”. А што для вас саміх Беларусь нестандартная і стандартная?

-Беларусь – цікавая краіна, якой ёсць што паказаць турыстам. Мы працуем у гэтай сферы  два гады, але за гэты маленькі час упэўніліся, што амаль у кожнай вёсцы, у кожным куточку краіны можна знайсці нешта цікавае і невядомае шырокаму колу людзей, што можа быць прывабным не толькі для турыстаў-беларусаў, але і для турыстаў з іншых краін. Зараз найбольш папулярныя маршруты, пра якія мы кажам “папсовыя”: Мірскі, Нясвіжскі, Ружанскі замкі, розныя паломніцкія туры. Нам бы хацелася, напрыклад, паказаць беларусам Магілёўшчыну і Гомельшчыну. Там вельмі шмат цікавых месцаў! Але пакуль што знайшлося няшмат ахвотных. Можа, радыяцыі пужаюцца…

-Якія працы вы чакаеце ад маладых журналістаў?

-Гэтая намінацыя – магчымасць для маладзенаў зрабіць свой унесак ў турызм Беларусі. Можна паразмаўляць са сваімі бабулямі і дзядулямі, пашукаць больш цікавых і невядомых фактаў у сваёй мясцовасці. І больш сваіх крэатыўных думак, каб прыцягнуць увагу беларускага  народа да яго гісторыі і культуры. А каб больш заахвоціць маладых журналістаў, скажу, што аўтар лепшага матэрыяла трапіць разам з сябрам на займальную экскурсію “Апошняя крэпасць Расейскай Імперыі”. Аўтар гэтага маршрута – Андрэй Мялешка і прысвечаны ён фартам – пабудовам часоў І Сусветнай вайны. Іншыя ўдзельнікі, якія займуць другое і трэццяе месца, таксама будуць узнагароджаны спецыяльнымі прызамі ад ТАА “Мерцана”.

Размаўляла Ганна Марза

Мы на Flickr

Copyright 2012 "Трэці сектар"