Фестываль моладзевай журналістыкі "Твой стыль": Стартуй якасна!
Гродна | 25-27 мая 2012
about festival O festiwalu

Алесь Плотка: “Чакаем новых гісторый пра цмокаў”

Прэс-сакратар грамадскай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!” Алесь Плотка расказвае, чаму беларусы – нацыя агню, дзе і як адшукаць цмока ды якіх прац ад маладых журналістаў  чакаюць заснавальнікі спецыяльнай намінацыі “Краіна цмокаў. Старыя-новыя сімвалы Беларусі”. ІІІ Фестываль моладзевай журналістыкі “Твой Стыль”: Стартуй якасна!” распачынае серыю эксклюзіўных інтэрв’ю са сваімі партнёрамі.

-Кампанія “Будзьма беларусамі!” ужо некалькі год займаецца прамоцыяй беларускіх сімвалаў, герояў, шукае адметнасці беларусаў. Цмокі – гэта той сімвал, на якім вы ўрэшце вырашылі спыніцца?

-Цмока мы прапануем як новага і магчымага турыстычнага сімвала Беларусі. Самае важнае тут, што мы прапагандуем пошук новых і забытых сімвалаў, на якіх не вельмі моцна звяртаюць увагу. Мы будзем вельмі ўсцешаныя, калі сама ідэя пошуку такіх сімвалаў будзе развівацца і далей. У пантэон новых-забытых сімвалаў Беларусі “Будзьма!” прапануе цмока. Хто што яшчэ прапануе, гэта пакажа час. Мы спадзяемся, што такіх прапановаў будзе шмат. Наша спадчына вельмі вялікая, але мала даследаваная менавіта як крыніца для брэндынгу.

Цмокі Марыська і Яська

-Ёсць такая навука – антрапалагічны дызайн – якая акурат вывучае брэнды, сімвалы і ўсё такое. Дык вось антрапалагічныя дызайнеры гавораць, што з кожнага брэнда мусіць вынікаць пэўны змест. То бок брэнд – гэта толькі візуалізацыя гісторыі, міфаў, свядомасці. Які культурніцкі змест нясе ў сабе цмок?

-За цмокам ёсць вельмі цікавы бэкграўнд, як яго ўспрымаюць у Беларусі, які ён ёсць у легендах і паданнях. Рэгіён ад рэгіёну яны розняцца, але істотна вось што. Вобразу цмока характэрны ўласцівыя беларусам якасці – акуратнасць, разважлівасць. Зносіны з цмокам, паводле легенды, трэба выбудоўваць крок за крокам: каб ён з’явіўся, трэба насіць яйка чорнага пеўня пад пахай, маленькага цмока трэба карміць яешняй (не гамбургерамі, не капучына!) Лахнэс – сяброўка нашага цмока, як мы кажам, – за ёй стаіць зусім іншае: Шатландыя, іншыя паданні. А тут – яйка, чорны певень, яешня – абсалютна нашыя родныя рэчы. Яны не гучаць надумана.

відэароліку “Краіна цмокаў. Малюем разам” шмат агню. Полымя проста як самастойны вобраз. Для некаторых пачуць, што беларусы – вогненная нацыя – гэта шок! У школе вучаць, што мы нацыя ад зямлі: “Новая зямля”, “Зямля пад белымі крыламі”, у крайнім выпадку “Людзі на балоце”. А тут стыхія агню! Вы вырашылі разбіць гэты стэрэатып?

-Ужо амаль як год мы сцвяржаем, беларусы – гэта шалёны народ. Нам падаецца, што гэта не зусім праўда, што мы такія ўжо памяркоўныя. Я думаю, гэты брэнд “беларуская памяркоўнасць” крыху надуманы. Калі пачынаеш шукаць прыклады беларускай шалёнасці ў сэнсе жыццёвай актыўнасці, то іх шмат. Працуючы з людзьмі розных сфераў, магу сказаць, што актыўнасць з кожным годам змяняецца да лепшага. Ад сябе падзялюся, што да нас звяртаюцца студэнты. Кажуць: “мы ўжо ўсё зрабілі самі, ці маглі б вы толькі падтрымаць нашае мерапрыемства прызамі?” Так што без агню нічога не было б. Вогненны шар, які Сяргей Скараход запусціў з экрана, мы спадзяемся, стане пабуджальным полымем, у тым ліку і для маладых журналістаў у адкрыцці забытых сімвалаў.

-Як бы ты ацаніў, як тэма брэндаў і сімвалаў Беларусі асвятляецца ў СМІ?

-Яна крыху занядбаная. Але калі пачынаеш капаць, то знаходзяцца людзі і пачынаецца дыскусія. Калі мы пачалі гаворку пра цмока, то адгукнулася столькі людзей! З’явілася процьма “за” і “супраць”. Нам падабаецца, што пра гэту тэму пачалі гаварыць. Хтосьці сказаў, што цмок – гэта класна, хтосьці, што не класна, гэты мы прыдумалі. СМІ здольныя падтрымліваць гэтую гутарку. Медыі – гэта добрае люстра для людзей, якія займаюцца брэндынгам, а таксама ацэнка іх дзейнасці.

-Якія работы вы чакаеце ў вашу спецнамінацыю на конкурсе?

-Мы чакаем новых гісторый пра цмокаў: яны вадзіліся побач з кожнай вёскай. Намінацыя называецца “Краіна цмокаў. Старыя-новыя сімвалы Беларусі”. Гэта тычыцца ўсіх істотаў – рэальных ці міфічных – якія маглі б такімі сімваламі стаць. Дамавікі, русалкі: тур па мясцінах русалак, гісторыі ад беларускіх русалак – што заўгодна.  Самае галоўнае – беларускаць і падкрэсліванне таго, чым жа выбітныя гэтыя персанажы. Што да жанру – поўная свабода. Хоць інтэрв’ю з бабулямі, якія кармілі цмокаў яешняй.

– А такія сапраўды ёсць?..

-Натуральна ёсць! Проста да іх яшчэ не даехалі маладыя журналісты.

Размаўляла Хрысціна Марчук

Мы на Flickr

Copyright 2012 "Трэці сектар"