Фестываль моладзевай журналістыкі "Твой стыль": Стартуй якасна!
Гродна | 25-27 мая 2012
about festival O festiwalu

Андрэй Александровіч: “Дзіўна геаграфічна быць у Еўропе і адчуваць сябе выспай азіяцкасці”

Працягваем гутарыць з нашымі партнёрамі – заснавальнікамі спецыяльных намінацый у конкурсе для маладых журналістаў “Твой Стыль”. Пра еўрапейскі выбар і будучыню беларусаў расказвае кіраўнік інфармацыйнай службы Міжнароднага кансорцыюма “Еўрабеларусь” Андрэй Александровіч.

– Ваша спецнамінацыя называецца “Еўрапейская будучыня Беларусі”. У грамадстве ідуць дыскусіі: наша будучыня на захадзе ці на ўсходзе, а вы ўпэўнена сцвярджаеце, што ў Еўропе?

-Шчыра, я не бачу іншых альтэрнатываў. Дзіўна нават геаграфічна быць у Еўропе і адчуваць сябе выспай азіяцкасці. Пытанне толькі – як хутка гэта адбудзецца і як.

– Чаму вы вырашылі важным заявіць такую тэму на конкурс для маладых журналістаў?

– Як вынікае з нашай назвы – кансорцыюм “Еўрабеларусь” – Беларусь непарыўна звязана з Еўропай: мінулае і будучыня. Нам цікава даведацца, як маладыя людзі бачаць будучыню Беларусі. Пачынаючым журналістам важна ўсведамляць, у якой краіне яны хочуць працаваць, бо журналістыка акурат тая прафесія, дзякуючы якой можна дасягць зменаў у грамадстве.

-Не будзем паглыбляцца ў прычыны, але беларусы няшмат ездзяць у Еўропу. Ці можна даследаваць гэту тэму, калі ты ніколі там не быў?

-Цікавае пытанне, канешне. Пры сённяшніх тэхналогіях для гэтага зусім не абавязкова – наведваць усе еўрапейскія краіны. Я сам першы раз на захад трапіў у год 30. Я думаю, тут галоўнае пытанне еўрапейскіх каштоўнасцяў: ці ты сябе адчуваеш еўрапейцам?

-А што для цябе значыць быць еўрапейцам?

-Тут цэлая безліч якасцяў. Еўрапеец – гэта чалавек, які мае сваю ўнутраную свабоду і дапускае наяўнасць гэтых свабод у іншых.

– Ты кажаш пра такія высокія рэчы, а для многіх беларусаў Еўропа – гэта “Акропаліс”, “Галер’я Бяла” і закупы…

-Ды нават такія моманты ўжо пра нешта кажуць. Для людзей, якія ездзяць на закупы ў Літву і Польшчу, гэта прэстыжна, у іх ёсць выбар. У іх няма думкі, што, набыўшы світар у ГУМе, яны заўтра ўбачаць на вуліцы чалавека ў такім жа світары. Ёсць такое паняцце “галасаваць гаманцом”. У дадзеным выпадку беларусы галасуюць гаманцом за еўрапейскі выбар. Паглядзі на машыны на вуліцах: многа ў Мінску фанатаў расійскага аўтапрому? Можна паглядзець па БТ, як людзі жывуць, і можна прыехаць у “Акропаліс”, дзе на стаянцы палова машын з беларускімі нумарамі.

-У апошнія гады ў СМІ з’явілася даволі шмат перадачаў, рубрык, спецыялізаваных дадаткаў пра Еўрасаюз. Як ты ацэньваеш гэтыя выданні?

-Тут я прыхільнік правіла: паболей газет, прыгожых і розных. Чым больш пра гэта будуць казаць, тым лепш. Асабліва калі ўсе гэтыя перадачы знаходзяць свайго гледача. Калі б гэтыя медыяпрадукты з’явіліся год 10 таму, яны не былі б такія запатрабаваныя. Людзі сталі ездзіць больш, адпаведна ім стала цікавей – што ж там адбываецца?

-Што вы будзеце ацэньваць у дасланых у вашу спецнамінацыю працу? Чаго найбольш чакаеце?

-Канешне, гэта павінна быць цікава, нова, арыгінальна. Можна параўноўваць Беларусь і Еўропу нават у простых жыццёвых рэчах. Гэта можа быць ацэнка экспертаў. Дарэчы, ёсць такі жанр – фантыстыка, альтэрнатыўная гісторыя. Чаму не? Як развівалася б Беларусь, калі б… Галоўнае, чаго хацелася б, гэта разумення таго, што Беларусь не адзінокая, вакол яе не чужыя дзяржавы; разумення, што гэтая будучыня магчыма…

Размаўляла Хрысціна Марчук

Мы на Flickr

Copyright 2012 "Трэці сектар"