Фестываль моладзевай журналістыкі "Твой стыль": Стартуй якасна!
Гродна | 25-27 мая 2012
about festival O festiwalu

Экскурсія па журналісцкай Гародні ў рамках фестываля “Твой Стыль” запрашае ўсіх цікаўных

Чаму першая газета ва ўсім Вялікім княстве Літоўскім выйшла менавіта ў Гродна? Калі ў нашым горадзе з’явілася абавязковая падпіска? Дзе знаходзіліся падпольныя рэдакцыі і друкарні? Пра што пісаў Васіль Быкаў у “Гродзенскай праўдзе”? Пра гэта і іншае вы даведаецеся пад час экскурсіі па журналісцкім Гродна. Яе аўтар – краязнаўца і экскурсавод з вопытам Віктар Кірэеў.

Сп. Віктар, у нас папулярны экскурсіі “Храмы Гродна”, “Замкі Гродна”. Самае незвычанае, што я бачыла, – “Нефармальны Гродна” – пра першыя андэграўдныя рухі і асяродкі. “Гродна журналісцкі” – ці не прыцягнута гэта тэма “за вушы”?

– Абсалютна не прыцягнута. Першая газета, якая выйшла на землях Беларусі і ўсяго Вялікага княства Літоўскага, называлася “Awizy Grodzieńskie” – 70-ыя гады XVII стагоддзя. Авіза – гэта слова і цяпер ужываецца, але ў вузкай банкаўскай сферы. Сёння гэта значыць банкаўскае паведамленне. Звесткі пра гэту газету ёсць, нават у энцыклапедыі “Гісторыя Беларусі”. Але не шукайце ў першым томе на літару “А”, бо гэта ў дапаўненні. Трэба шукаць у шостым томе: там ёсць фатаграфія экзэмпляра гэтай газеты, зробленая з асобніка 90-х гадоў XVII стагоддзя. Чаму ў гэтыя часы пачынаюцца перыядычныя выданні менавіта ў Гродна? Як вядома, тут з 1673 года праводзіліся Соймы Рэчы Паспалітай. Паслы, шляхта павінны былі ведаць апошнія падзеі ў краі і за мяжой.

“Awizy Grodzieńskie” выходзілі рэгулярна ці толькі да Соймаў?

– Цяпер гэта цяжка сказаць. Здаецца, захаваўся толькі адзін асобнік выдання ў бібліятэцы Ягелонскага ўніверсітэта. Там адзін з нашых беларускіх даследчыкаў яго адшукаў (Яўген Скрабоцкі – заўв. аўт.) “Awizy” выглядалі як газеты таго часу: лісток паперы, набліжаны да сучаснага А4, друкаваны тэкст з абодвух бакой без ілюстрацый, без падзагалоўкаў.

Калі рухацца храналагічна, як развіваліся медыі ў Гродне далей?

– Вядома, гэта праца мела перапынкі. У перыяд Паўночнай вайны, я думаю, у нас ніякіх выданняў не было. Пасля ўсё прыйшлося аднаўляць з нуля. І гэты час прыйшоўся на рэформы знакамітага Антонія Тызенгаўза. Яго актыўная дзейнасць не магла абысціся без газеты. У 1776 годзе пачынаецца выданне “Gazety Grodzieńskiej”. Доўгі час яна лічылася старэйшай на беларускіх землях. Але цяпер вы ведаеце, што было яшчэ больш старое выданне. Таксама быў “Kurier Litewski”. Былі і іншыя польскамоўныя выданні. Калі горад далучылі да Расійскай імперыі, яны паступова зачыняліся. Часам з-за эканамічных прычын, часам па рашэнні царскай ўлады.

І тады ж засноўваюць так званыя “Гродненскія губернскія въдомости”?

– Так. Ва ўсіх губернях акдрылі па сваёй газеце. Спачатку гэты было чыста афіцыйнае выданне. З сярэдзінны ХІХ стагоддзя выходзіць дадатак з рознымі статыстычнымі звесткамі, навуковымі, краязнаўчымі, аб’явамі. Так было да рэвалюцыі 1905 года. Яна была падаўлена, але стала магчыма выдаваць не толькі афіцыйныя газеты. У нас выходзіла газета “Голос Гродно” на рускай мове. Пад час нямецкай акупацыі ў І Сусветную ўсе рускамоўныя выданні былі альбо эвакуяваны ў глыб Расеі, як “Губернскія ведамасці”, альбо проста перасталі выходзіць. У той час з’явілася нямецкая газета “Grodno Zeitung” (“Гродзенская газета” – заўв. аўт.). Што цікава, калі выбухнула рэвалюцыя (не тая 1917 года ў Петраградзе), у 1918 года ў Берліне, дайшлі пэўныя вольнасці і сюды. Вядома, што ў 1919 годзе было 5-6 беларускіх выданняў: “Беларус”, “Бацькаўшчына”, “Беларускі народ”. Рускамоўны “Голас Гродно” аднавіўся. На мове ідыш выходзіла прэса. Нажаль, гэтая гісторыя добра не даследавана. Затым была і польскамоўная прэса, былі і падпольныя газеты КПЗБ. Усё скончылася ў 1939 годзе. Разам з прыходам Чырвонай арміі сталі выдаваць газету, якая мела цікавую назву, – “Свабодная Беларусь”. А ў Беластоку пачалі выдаваць “Беластоцкую праўду”. Менавіта ад яе пачалася гісторыя сённяшняй “Гродзенскай праўды”. Калі ў 1944 годзе выйшаў першы нумар “ГП”, то нумар па парадку быў пастаўлены 580, здаецца, бо палічылі нумары “Беластоцкай праўды”.

Яшчэ пра пачатак ХХ стагоддзя. Уздым нацыянальнага адраджэння, росквіт беларускага друку, вядомая “Наша Ніва”. У  “НН” было багата інфармацыі менавіта з Гродна. Хто туды пісаў? Ці былі тады такія з’явы як уласныя карэспандэнты?

– Тагачасная “НН” не мела такіх магчымасцяў, каб усюды трымаць сваіх карэспандэнтаў, як зараз кажуць штатных. Людзі – адукаваныя, неабыкаваыя, якія цікавіліся навакольным светам – самі туды пісалі. З большага мы ведаем, хто былі тыя людзі. Пазней яны ў той ці іншай якасці прымалі ўдзел у нацыянальным руху.

Падыходзячы да найноўшай часу, хачу спытаць пра так званыя самвыды. Гродзенскі журналіст Валер Задаля меў ідэю цэлую выставу з такіх газет зладзіць. Якое месца Вы аддалі б гэтым “самаробным” газетам у гісторыі нашай перыёдыкі?

– Гэта ідэя паважанага Валера Задалі не была ажыццеўлена ў свой час, а шкада. Напэўна, гісторыкі ва ўніверсітэце сказалі б “гэта тэма не дысертабельна”, але я лічу, што самвыды – каштоўная крыніца ведаў пра наш час.

Пра якія эпізоды з сучаснасці яшчэ будзеце расказваць на экскурсіі?

– У пачатку 90-х тут было многа цікавага. Славутыя газеты “Пагоня”, “Біржа інфармацыі”. Прыгода з Шараметам (-у 1997 годзе журналіст Павал Шарамет трапіў у гродзенскую турму пад час здымак рэпартажа каля беларуска-літоўскай мяжы – заўв. аўт.). Адным словам, запрашаю!

Размаўляла Хрысціна Марчук
Фота: Блог Універсітэта Залатога Веку

Мы на Flickr

Copyright 2012 "Трэці сектар"