Фестываль моладзевай журналістыкі "Твой стыль": Стартуй якасна!
Гродна | 25-27 мая 2012
about festival O festiwalu

Кацярына Ганчарова: “Якасны старт у жыццё – гэта грамадскія арганізацыі і ініцыятывы”

Заснавальнік спецыяльнай намінацыі  “Найлепшы матэрыял на тэму моладзевага лідарства” у сёлетнім конкурсе для маладых журналістаў – сайт “Альтэрнатыўная моладзевая платформа”.  Пра тое, як стаць сапраўдным лідарам, што такое ініцыятыва “знізу”  і чым карысныя няўрадавыя грамадскія арганізацыі, мы гутарым з рэдактарамі сайта ampby.org Кацярынай Ганчаровай і Міхасём Матусевічам.

-“Альтэрнатыўная моладзевая платформа” – альтэрнатыва чаму?

К. Г.: Калі мы стваралі свой сайт, то задумалі паказаць маладому беларусу, што акрамя БРСМ і “Маладога Фронту”  у Беларусі ёсць безліч іншых арганізацый. Акрамя рознай ідэалагічнай лабуды існуе многа магчымасцяў, якія прапануюць моладзевыя грамадскія арганізацыі: адукацыя, новая тусоўка, новыя сябры, самарэалізацыя, вандроўкі, вучоба за мяжой – я магу пералічваць вельмі доўга. На працягу ўжо 2-х год на сваім сайце мы акумулюем усё самае цікавае для маладых актыўных беларусаў, якія проста не ведаюць, куды скіраваць сваю энэргію.  Мы як бы такі мост паміж моладзевымі арганізацыямі і моладдзю.

-…і трамплін у актыўнае жыццё, як я разумею?

К.Г.: Так! На маю думку, грамадскія арганізацыі – найлепшае месца для чалавека, які хоча стаць паспяховым. Я ведаю шмат людзей, якія рэалізаваліся ў самых розных сферах. Іх поспех не ў апошнюю чаргу вынікаў са школы, якую яны атрымалі ў моладзевых арганізацыях. Я памятаю свой ўласны досвед. Калі мне было 19 гадоў, мы ладзілі летнік для маладых людзей з фізічнымі абмежаваннямі. Мы ўсе адчувалі сябе, па меншай меры, дырэктарамі піянерлагера! Мы адчувалі, што вось ён – свет на далоні. Мы можам усё! Усе былі лідарамі. Мы лічым, што якасны старт у жыццё – гэта менавіта грамадскія арганізацыі і ініцыятывы.

-Вашая намінацыя называецца “Найлепшы артыкул пра моладзевае лідарства ў Беларусі”. Якога маладога чалавека можна назваць лідарам?

К.Г.: Магчыма, гэта таксама тэма для артыкула. Калі журналісты зададуцца гэтым пытаннем, спытаюць экспертаў, якімі, дарэчы, могуць быць і самі маладыя людзі. Цудоўна было б знайсці рэцэпт беларускага лідарства: колькі трэба дадаць энтузіязму, аптымізму, трэнінгаў і семінараў, адкрытасці і шчырасці? Я думаю, добрым крытэрам было б, наколькі чалавек можа прадукаваць ідэі, збіраць вакол сябе аднадумцаў і ў камандзе гэтыя ідэі рэалізоўваць.

М.М.: Для мяне лідар – чалавек, які ставіць мэты і дасягае іх якасна і эфектыўна.

-Напрыклад, стараста ў класе – гэта лідар, па вашаму?

К.Г.: У лідара павінна быць каманда …

М.М.: …у яго ёсць клас!

К.Г.:  …але старасту можна прызначыць. Вось калі яго выбраў клас – тады так. Сваёй намінацыяй мы хацелі скіраваць увагу журналістаў у першую чаргу ў бок грамадскіх лідараў і на дзейнасць арганізацый, якія дапамагаюць стаць лідарам.

-Дапусцім, я малады журналіст у Маладзечне. Хачу напісаць пра моладзевых лідараў. Дзе мне іх шукаць?

К.Г.: Маладому журналісту дзе б ён ні жыў, трэба проста ўважліва паглядзець навокал – што жывога ёсць у яго горадзе ці мястэчку? Што адбываецца не прымусова “зверху”: нехта загадаў – пайшлі прапалолі ці пасадзілі. А калі гэта ідзе знізу – ад саміх людзей: збіраюцца шыюць гістарычныя строі, таньчаць танцы. У гэтага заўжды ёсць ініцыятар. Нам вельмі хацелася б, каб людзі з таго ж Маладзечна прачыталі гэта і натхніліся.

– Вы верыце ў сілу слова?

К.Г.: Мы верым у маладых беларусаў. Мы збіраем у сябе на старонцы ampby.org  усё самае лепшае – калі ласка, прыходзьце, карыстайцеся, шукайце аднадумцаў. У нас часам такія каментары з’яўляюцца: “Чытаеш і адчуваеш, што можна горы звярнуць”, “Калі ён змог, то чаму я не змагу?” Сапраўды, і ў нас, і ў наш час можна. Мы хацелі б, каб маладыя журналісты таксама ў гэта паверылі.

Размаўляла Хрысціна Марчук

Мы на Flickr

Copyright 2012 "Трэці сектар"