Фестываль моладзевай журналістыкі "Твой стыль": Стартуй якасна!
Гродна | 25-27 мая 2012
about festival O festiwalu

Людміла Жукоўская: “Павінны быць дзверы, на якіх напісана: “Маладыя журналісты, вам сюды”

У III Фестываля моладзевай журналістыкі “Твой Стыль” шмат аднадумцаў не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. З 2009 году расійскі асветніцкі партал yojo.ru расказвае пачынаючым аўтарам, дзе і як можна навучыцца майстэрству прафесіі, збірае лепшых экспертаў і прафесіяналаў ды абмяркоўвае каштоўнасці ў журналістыцы. Знаёмцеся, кіраўнік праекта і галоўны рэдактар партала yojo.ru Людміла Жукоўская.

-На сайце каротка напісана гісторыя стварэння партала: 2009 год – Год моладзі ў Расіі – супрацоўнікі моладзевага журналісцкага цэнтра стварыла yojo.ru. Раскажыце падрабаязней, у каго і як нарадзілася ідэя такога сайта?

-Я работала ў Саюзе журналістаў Расіі з 2000 года. У 2003-ім мы стварылі моладзевы аддзел. Праз год на яго базе быў створаны Моладзевы журналісцкі цэнтр. З таго часу я з’яўляюся яго дырэктарам. У партала yojo.ru два аўтары – я і мой калега Раман Сярэбраны, дарадчык старшыні Саюза журналістаў Расіі. Нам хацелася стварыць сайт, які расказваў бы не толькі пра нашу арганізацыю, але які быў бы карысны аўдыторыі.

– З чым была звязана неабходнасць, каб у вялізным Саюзе журналістаў быў створаны цэлы аддзел для моладзі? У Расіі маладыя людзі так актыўна ідуць у журналістыку?

-Ідуць! Не гледзячы на ўсе цяжкасці. У Саюзе журналістаў павінны быць дзверы, на якіх было б напісана: “Маладыя журналісты, стукайцеся. Вам сюды”. У маладых журналістаў сваё спецыфічнае кола пытанняў. Да нас звяртаюцца і зусім дзеці: школьнікі старэйшых класаў. Мы выконваем функцыю профарыентацыі. У нас зараз ёсць адна дзяўчынка, якая збіраецца паступаць на факультэт журналістыкі МГУ. Яна ўжо 4 гады працуе ў моладзевай старонцы газеты. Пачынала аўтарам, цяпер яна рэдактар. Чалавеку 16 год, 4 з іх яна ўжо працуе. Таму такая неабходнасць заўсёды будзе. Што да журналісцкай адукацыі, то як любая класічная адукацыя, яна мае зацверджаную праграму, – яна троху непаваротлівая. А змены ў прафесіі ідуць хутка. Паўстае пытанне: наколькі журналісцкая адукацыя адпавядае патрабаванням працадаўцы? Як можна запоўніць гэты прабел? Вы пытаеце, наколькі актыўна людзі ідуць у прафесію. Сёння ніводная справа, ніводны праект не абыходзіцца без інфармацыйнага суправаджэння. Увогуле знайсці працу журналіста няцяжка, цяжэй зарабіць. Менавіта маладым. Лічыцца, што навічкі могуць работаць бясплатна альбо амаль бясплатна. Карацей, ёсць безліч момантаў, якія тычацца ўзросту, нават не столькі ўзросту як такога, а колькі ўзросту ў прафесіі. Малады журналіст – гэта не абавязкова той, каму мала год, гэта той, хто пачынае ў прафесіі.

-І менавіта для такіх вы стварылі партал yojo.ru?

-На такіх мы арыентуемся. І нам хацелася дапамагаць ім не толькі разбірацца ў спецыяльнасці. Важна, каб яны ведалі, добры журналіст працуе для людзей, з’яўляецца голасам многіх і гэта вельмі адказна. Мы імкнемся да таго, каб людзі разумелі важнасць прафесіі. Калі мы сталі маніторыць сваю аўдыторыю, то высветлілася, што нас чытаюць пачынаючы з год 12-14 (увогуле журналістыка прафесія ранняга сталення). Асноўная маса людзей – гэта людзі ва ўзросце ад 16 да 27  – студэнты і маладыя спецыялісты. Інтарэс да нашага парталу праяўляюць  тыя, хто працуе з маладымі журналістамі. Мы вельмі сябруем з усімі журфакамі.

-Эксперты, імёны якіх пастаянна з’яўляюцца на вашым сайце, вельмі ўражваюць разнастайнасцю і саліднасцю. Хоць бы рубрыка “Медыя ў тварах”. Чаму сталым прафесіяналам цікава займацца з навічкамі?

-Мне здаецца, гэта натуральна. У любога чалавека, які дасягнуў пэўнага ўзроўню, узнікае шчырае жаданне падзяліцца сваімі ведамі. Альбо хаця б выказаць свой пункт гледжання на прафесійныя аспекты. У праекце “Медыя ў тварах” мы задавалі адно пытане: як правільна ўвайсці ў прафесію, каб стаць паспяховым.

-А Вам самой чаму гэта цікава?

– У мяне ў жыцці былі дзве мары: я хацела быць настаўнікам і хацела быць журналістам.

-Вы ўдала сумясцілі гэта…

-Калі я пачынала свой прафесійны шлях, не было блогаў. Так бы мне ўдалося сумясціць свае інтарэсы куды раней. Я па спецыяльнасці хімік. Сем год прапрацавала ў школе. Прычым, гэта была школа для цяжкіх падлеткаў. Некаторы час займалася распаўсюдам СМІ, трапіла ў адзін з праектаў Саюза журналістаў і засталася там.

-На сайце вы пра сябе пішаце: “..Мы ствараем якасную інфармацыйную прастору для пішучай моладзі з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй…” Мне таксама даводзілася чуць пра журналістыку як пра спосаб удзелу ў жыцці грамадства. Калі хірург ці бухгалтар робяць сваю працу, пра іх не кажуць, што яны выказваюць сваю пазіцыю. Усё-ткі як вы трактуеце журналітыку: гэта прафесія, як тысячы іншых, ці форма грамадскай дзейнасці?

– Журналістыка – прафесія, якая дазваляе праз сябе выявіць сваю грамадзянскую пазіцыю. Гэта ўнікальная магчымасць менавіта гэтай прафесіі. Калі журналіст штосьці робіць, гэта заўжды закранае многіх. Гэта больш чым проста прафесія.

Размаўляла Хрысціна Марчук

Мы на Flickr

Copyright 2012 "Трэці сектар"