Фестываль моладзевай журналістыкі "Твой стыль": Стартуй якасна!
Гродна | 25-27 мая 2012
about festival O festiwalu

Марыюш Кавальчык: “Хочацца, каб маладыя журналісты нас здзівілі”

З 1996 года часопіс PRESS сур’ёзна займаецца аналізам рынку СМІ і рэкламы ў Польшчы, даследуе тэндэнцыі і сочыць за падзеямі ў свеце медыяў і маркетынгу. Пра мэты, якія ставіць перад сабой рэдакцыя, моладзевую журналістыку і пра тое, як перамагчы ў конкурсе, распавядае супрацоўнік PRESS Марыюш Кавальчык.

PRESS гэта часопіс, які добра арыентуецца ў актуальным стане медыяў і мае аўтарытэт у гэтай сферы. Дзе, на ваш погляд, сёння знаходзіцца Польшча, калі казаць пра сусветныя медыйныя тэндэнцыі?

– Незалежныя польскія СМІ развіваюцца цягам апошніх 20 год і спачатку яны капіравалі тое, што рабілася на Захадзе. Але нават сёння нам яшчэ шмат чаго не хапае да нормаў, якія прынятыя ў краінах, дзе за іх захаваннем сочаць найбольш пільна. Польскія медыі ўсё яшчэ вучацца, што такое аб’ектывізм і журналісцкія стандарты. Гэта значыць, што PRESS мае пра што пісаць і яшчэ доўга будзе мець. Акрамя таго, трэба ўлічыць, што журналістыка па сваёй сутнасці дынамічная – то бок, мы не застанемся без працы ў бліжэйшы час.

– А навошта такая колькасць розных і даволі дакладных рапартаў і аналізаў, якія вы робіце? У Беларусі мы неяк і без іх жывем.

– Мэтай PRESS з’яўляецца абмен інфармацыяй паміж усімі ўдзельнікамі медыйнага рынку: выдаўцамі, рэдактарамі, журналістамі. Нас цікавіць гэтая праблематыка з боку бізнэса і этыкі медыяў. Мы хочам быць платформай абмену інфармацыі пра поспехі, пра тое, чым журналісцкае асяроддзе можа ганарыцца, але таксама пра менш прыемныя падзеі ў працы журналістаў. Здараецца недахоп аб’ектывізму, здараецца і ў нас ціск на дзяржаўныя СМІ – мы пішам пра такое адкрыта і без цэнзуры.  Гэта ўсё патрэбна, каб выдаўцы, рэдактары і журналісты не забываліся пра стандарты. Недахопы ў гэтай сферы маюць сур’ёзныя наступствы для свабоды слова.

– Часопіс у вялікай ступені скіраваны да журналістаў – яны складаюць значную частку чытачоў. Журналіст павінен чытаць? Часам здаецца, што ён не мае на гэта шмат часу, сам увесь час піша штосці, распрацоўвае ўласныя тэмы…

– Адкажу інакш: журналісты, якія не чытаюць, павінны займацца чымсці іншым. Гэта прафесія, якая патрабуе арыентацыі ў свеце. І не хопіць толькі праглядаць Інтэрнэт і глядзець тэлебачанне. Трэба ведаць, што адбываецца ў суседняй рэдакцыі. Добрыя тэксты адгукаюцца рэхам у журналісцкай супольнасці. Часам гэта крытычная водгукі – і гэта таксама добра і карысна для журналістыкі. Мы са свайго боку сочым за дзейнасцю рэдакцый, журналістаў і ўладальнікаў медыяў, не дазваляем быць занадта задаволенымі сабой. Намагаемся, каб яны не проста чыталі, але і задумваліся.

– Калі мы ўжо размаўляем пра журналістыку, то што такое “моладзевая журналістыка”? Штосьці такое наогул існуе ці гэта толькі выдумка арганізатараў фэста?

– Ты журналіст або не. І ўсё. Узрост мае значэнне толькі ў кантэксце досведу, таму арганізатары, я мяркую, маюць на ўвазе тых, хто толькі пачынае свой прафесійны шлях. У такім сэнсе фестываль, канешне, патрэбны. Трэба паказваць, што добра, а што кепска ў журналістыцы. І ўзнагароджваць добрыя тэксты – так маладыя журналісты даведаюцца, што мае сапраўдную вартасць.

– Намінацыя, заснаваная вашым часопісам, называецца “Свабоднае слова. Лепшы матэрыял пра пытанні свабоды слова ў Беларусі”. Трэба быць Андрэем Пачобутам, каб перамагчы ў ёй?

– Дакладна не трэба ім быць. Хопіць выканаць тры асноўныя прынцыпы. Па-першае, павінен быць добры тэкст на тэму свабоды слова. Гэта можа быць праблема нейкай канкрэтнай рэдакцыі ці журналіста. Могуць быць прыклады захоўвання або парушэння прынцыпа свабоды слова. Па-другое, гэта павінен быць добры тэкст: цікава напісаны, такі, які хацелася б прачытаць, які меў бы пэўны розгалас. Па-трэцяе, ён павінен адпавядаць усім стандартам журналісцкая працы, то бок, гэта павінна быць праўда, праўда і яшчэ раз праўда.  Выканаць гэтыя патрабаванні няпроста, але журналістыка гэта няпростая прафесія. І гэта акурат павінна заахвоціць моладзь да ўдзелу.

– Але сітуацыя са свабодай слова ў Беларусі не з’яўляецца таямніцай. Няма непакою, што на конкурс будзе заяўлена шмат банальных тэкстаў пра тое, што “усё кепска”?

– Нецікавы тэкст не прадаецца – а гэта істотны паказчык. Таму нас дакладна не цікавіць банальнасць. Я сам не ведаю, што можа перамагчы, бо ў гэтым увесь сэнс: у журналістыцы лічыцца крэатыўнасць, нечаканасць. Хочацца, каб маладыя журналісты нас здзівілі, каб знайшлі тую адзіную найлепшую тэму.

– Адкуль наогул зацікаўленасць часопіса PRESS нашым фестывалем? Яно ўпісваецца ў нейкую агульную зацікаўленасць экзатычнай краінай ля самай мяжы аб’яднанай Еўропы?

– Беларусь ніякая не экзатычная краіна – яна мае свае спецыфічныя праблемы і ўсё. Людзі ў Беларусі не экзатычныя, ім патрэбна тое самае, што і іншым еўрапейцам. Мы акурат займаемся медыямі і лічым, што ім патрэбныя вольныя медыі. PRESS адсочвае сітуацыю са свабодай слова ў Беларусі. Я сам быў там некалькі разоў, сустракаўся з прадстаўнікамі СМІ: гэтак незалежных, як і дзяржаўных. Ад Варшавы да Беларусі нейкія 200 кіламетраў, гэтыя людзі нам блізкія, а свабода слова пад пагрозай. Таму гэта цалкам нашая тэма.

Калі казаць пра наш удзел у фестывалі, то мы проста атрымалі прапанову ад арганізатараў, які лічаць, што маладых журналістаў трэба вучыць на добрых прыкладах. З гэтым мы цалкам згодныя. Скажу адразу пра ўзнагароды. Гэта будзе выдадзеная намі “Біблія журналістыкі”. На яе старонках найлепшыя польскія журналісты пішуць пра тое, як працуюць і як яна пабудавалі свае неверагодныя кар’еры. Ёсць там таксама і больш тэхнічныя рэчы, пра тое, як пісаць, рабіць тэле- і радыёматэрыялы, пра тое, як працуюць найлепшыя палітычныя журналісты ці тыя, хто працуе з тэмай новых тэхналогій і інтэрнэта.

Яшчэ мы прапануем магчымасць пісаць пра тое, што адбываецца ў Беларусі ў нашу рассылку „Presserwis”. Яна штодзённая, мы публікуем там найноўшыя інфармацыі са сферы СМІ з Польшчы і свету, маем даволі шмат падпісчыкаў. Мы б ахвотна пачалі супрацоўніцтва, калі, канешне, пераможца быў бы зацікаўлены.

– Як мог бы выглядаць такі фестываль у Польшчы? Ён наогул мог бы мець месца, сярод мноства розных падзей, у сітуацыі, калі журналісты працуюць свабодна?

– Калі казаць пра конкурс, то ён адбываецца. Часопіс PRESS адзначае лепшых журналістаў, гэтаксама як і фестываль “Твой Стыль”. Журналісты дасылаюць свае матэрыялы, а польскія рэдакцыі выбіраюць найлепшых у кожнай катэгорыі, напрыклад, рэпартаж, інтэрв’ю ці расследванне. Гэты конкурс называецца Grand Press.

Акрамя таго даем таксама званне Журналіста Года. Дарэчы, у гэтым годзе ім стаў Андрэй Пачобут. Наогул, конкурсы такога кшталту карыстаюцца папулярнасцю ў журналісцкім асяроддзі. У кожнай краіне ёсць свае варыянты, напрыклад, самая вядомая Пуліцэраўская прэмія ў Злучаных Штатах.

Што тычыцца самога фестываля, то бок усяго, што адбываецца па-за конкурсам, то мне падаецца, што ў нас нічога такога няма, можа толькі ў журналісцкіх школах. А гэта вельмі важная ініцыятыва – дзякуючы гэтаму можна пазнаёміцца з іншымі людзьмі, абмяняцца досведам – так ствараецца журналісцкая супольнасць.

Размаўляў Аляксей Шота

Мы на Flickr

Copyright 2012 "Трэці сектар"