Фестываль моладзевай журналістыкі "Твой стыль": Стартуй якасна!
Гродна | 25-27 мая 2012
about festival O festiwalu

Наша культурная (у поўным сэнсе гэтага слова) праграма

Чым будзем займацца ў перапынках паміж майстар-класамі профі і прэзентацыямі? Кава-гарбата, размовы са старымі і новымі сябрамі, парачку радкоў на фэйсбук з мабільнага…Мы паклапаціліся пра тое, каб госці фестывалю не сумавалі ні хвіліны, і арганізавалі цэлую культурную праграму. Прадстаўляем цудоўных людзей, якія дапамогуць карысна і культурна (у поўным сэнсе гэтага слова!)  заняць наш вольны час.

Арцём Атрашэўскі


Экстравагантны электронна-музычны перформанс на інструменце тэрменвокс.
«Усё, што вы ўбачыце – вынік таго, як збылася даўняя ідыёцкая мара. У далёкім дзяцінстве я паглядзеў перадачу “очевидное-невероятное” пра Льва Тэрмена і пра яго шматлікія вынаходніцтвы. Ён  выпадкова вынайшаў гэты музычны інструмент –  тэрменвокс.  Мара здзейснілася гадоў на 15 пазней, але …усё да лепшага. Я пазнаёміўся з кампазітаркай Кацяй Шымановіч, якая даўно хацела напісаць што-небудзь авангарднае з электронікай. Я прапанаваў: «давай набуду тэрменвокс і буду на ім граць, а ты – для яго пісаць». На тым і спыніліся. І атрымалася так, што я стаў першым тэрміністам, які граў у Мінскай Кансерваторыі».
Пазней Арцём  граў на тэрменвоксе ў складзе груп “Воплі Відаплясава”,  “Серебряная Свадьба”, “Delay.FM”.
Паспрабаваць паграць на незвычайнай музычнай скрыні змогуць усе жадаючыя. Гэта захапляльна!

Майстар-клас ад гродзенскага філіяла Міжнароднай школы капоэйры «FICAG»



Альгуня Камягіна


Вядучая майстар-класу на хэнд-мэйд выставе прапануе ўсім жадаючым пазнаёміцца з тэхнікай сухога валяння і навучыцца асновам вырабу упрыгожванняў з воўны.
Для ўдзелу ў майстар-класе вазьміце з сабой  троху воўны для валяння і іголкі для асноўнай працы з воўнай.

Ірына Новік

Інжэнерка, выкладчыца і аматарка лялек, каторыя для мяне сталі спосабам пазнання жыцця і самапазнання, вывучэння гістарычнай спадчыны, эстэтызацыі штодзённага побыту і шмат чым яшчэ.

Я вырабляю лялек у розных тэхніках (скульптурны тэкстыль, скрутка, лепка), працую з рознымі матэр’яламі, выкарыстоўваю як традыцыйныя, так і аўтарскія метады іх вырабу.
Гэтым разам прапаную да вашай увагі майстар-клас па вырабе лялек-неразлучнікаў, якіх на Беларусі традыцыйна дарылі  маладзёнам на вяселле.

Пад час майстар-класа мы разам зматаем лялек і паспрабуем разабрацца ў сімвалічных пасланнях і пажаданнях, якія лялькі данеслі да нас ад далёкіх продкаў.

Для вырабу лялек нам спатрэбяцца:
– галінка дрэва, даўжыней 25-27 см.
– кавалкі тканіны:
белага колеру 35х20  – 3 шт.

Чырвонага (альбо іншага яркага, у кветкі, клеткі, гарохі  і г.д.) 10х30(40) – 1 шт.

Цёмнага колеру 10х20 (30) – 1 шт.
Тасьма – шырынёй каля 1 см, 60-70см.
Моцныя ніткі чырвонага, белага і чорнага колераў.
Можна ўзяць таксама нажніцы. Тканіну для вырабу лялек пажадана браць натуральную, мягкую кшталту сітца, саціна і г.д. (традыцыйна лялек рабілі з ужыванай вопраткі).
Юлія Сідзіфарава


Вядучая майстар-класа па вырабе міні-фотаальбома.
Жадаючыя паўдзельнічаць, калі ласка, вазьміце з сабой два лісты паперы памерам 30 на 30 см (падыйдуць нават звычайныя шпалеры), нажніцы, аловак,  клей, фурнітуру (стужкі, гузікі, карункі, шнуры).

Канцэрт гуртоў АКАНА і “Людзі на балоце”.

У суботу, 26 мая, будзем слухаць фольк: аўтэнтычны і рокавы.

Мы на Flickr

Copyright 2012 "Трэці сектар"