Фестываль моладзевай журналістыкі "Твой стыль": Стартуй якасна!
Гродна | 16-18 мая 2014
about festival O festiwalu

Аляксандр Багамолаў: Рэйтынгі і расследаванні – фірмовыя стравы “Forbes”

Пра тое , што такое дзелавыя СМІ і якое месца яны займаюць у сучасным свеце, распавёў у рамках свайго майстар-класа «Дзелавая журналістыка ў Інтэрнэце: якасна, хутка, нясумна» шэф-рэдактар ​​«Forbes Russia Online» Аляксандр Багамолаў.

Аляксандр Багамолаў

Шчыра, калі я ўпершыню пачула тэму майстар-класа, то як чалавек, які асабліва не разбіраецца ў сферы бізнесу і фінансаў, падумала, што на гэтай сустрэчы для мяне будзе вельмі шмат незразумелага і, мабыць, нават сумнага. Самі разумееце, лічбы, тэрміны, формулы… Гэта выключна для тых, хто ў тэме.

І ўявіце маё здзіўленне, калі падчас выступу Аляксандра Багамолава я разумела кожнае яго слова, кожны слайд з прэзентацыі. Змест быў, безумоўна, павучальны, але выкладаўся нейкай вельмі простай мовай па актуальных пытаннях. І, вядома, нельга не адзначыць прыгожае і тонкае пачуццё гумару госця з Масквы. У аўдыторыі панавала цёплая і вельмі сяброўская атмасфера, нягледзячы на высокі статус эксперта. Кожны ўдзельнік майстар-класа мог задаць любое хвалюючае яго пытанне. У выніку “лекцыя” вельмі хутка ператварылася ў гарачую дыскусію.

Тлумачачы, як менавіта «Forbes» удалося ўсяго толькі за дзесяць гадоў заняць першае месца ў Расіі сярод падобных выданняў, Аляксандр адзначыў, што іх часопіс абсалютна адкрыты для грамадства. «Выданне само зарабляе, што вельмі важна для дзелавой прэсы, гэта медыябізнес у чыстым выглядзе. Плюс вялікую ролю ў такой папулярнасці грае рэдакцыйная незалежнасць – так званая «сцяна» паміж рэдакцыяй і камерцыйнымі службамі, што дазваляе журналістам заставацца незалежнымі ў выбары тэм і ракурсаў».

майстар-клас Аляксандр Багамолаў

На Захадзе дзелавая прэса – гэта інструмент капіталіста. Людзі гуляюць, укладваюць грошы, выйграюць ці прайграюць. Папулярнасць дзелавых выданняў там заканамерная. Аляксандр спрабаваў разабрацца, чаму дзелавыя выданні чытаюць у Расіі? «Вядома, у нас няма такой колькасці інвестараў і бізнесменаў. Чаму чытаюць? Гэта знак прэстыжу. Гэта марка. Гэта ганарыстасць. Гэта цікавасць да жыцця багатых і паспяховых людзей».

Даўно склаўся стэрэатып, што дзелавая прэса – гэта заўсёды суха і сумна, але ж яна рэальна ўтрымлівае ў сабе вельмі важную інфармацыю. І як тут быць? Аляксандр бачыць рашэнне праблемы ў міксе інфармацыі – спалучэнні важных дзелавых звестак для бізнесменаў і інвестараў (інвестыцыйны клімат) з забаўляльнай інфармацыяй. «Мы ходзім у гальштуках. І не будзем вас забаўляць»- гэта няправільнае перакананне, лічыць Аляксандр Багамолаў. «Мы не жоўтая прэса, але павінны даваць інфармацыю ў той форме, у якой яе будзе прымаць аўдыторыя. Гэта не добра і не дрэнна. Галоўнае, што дадзеная методыка працуе. Значыць, трэба ўжываць яе ў сваёй практыцы. Настолькі імкліва цяпер развіваецца інфармацыйнае поле, што не варта сябе абмяжоўваць. Выконваючы этычныя нормы, трэба шукаць новую эксклюзіўную інфармацыю і спрабаваць сябе ў розных жанрах”.

Вядома, удзельнікаў майстар-класа зацікавіла пытанне, якімі якасцямі неабходна валодаць, каб уладкавацца на працу ў «Forbes». Шэф-рэдактар ​​адзначыў, што трэба добра і шмат вучыцца і, вядома, умець пісаць, прэпараваць дадзеныя з рынку ў літары ці якасную інфаграфіку.

Сваімі бурнымі, а інакш іх не назавеш, уражаннямі ад майстар-класа з намі падзяліўся Мiкiта Семяненка: «Вельмі станоўчыя эмоцыі пакінуў пасля сябе Аляксандр. Ён распавёў шмат цікавага пра дзелавую журналістыку, пра цяперашняе становішча расійскіх СМІ. Аляксандр добра разбіраецца ў тэме, якую выкладае. Інфармацыя для мяне была вельмі карысная як для  карэспандэнта-пачаткоўца. Я сапраўды задумаўся над тым, каб паспрабаваць сябе ў дзелавой журналістыцы».

Нам мой погляд, майстар-клас цалкам апраўдаў сваю назву – усё было вельмі якасна, хутка і нясумна. Вялікі дзякуй Аляксандру Багамолаву за тое, што дзякуючы яму быў разбураны яшчэ адзін стэрэатып. Аказваецца, сумныя, на першы погляд, лічбы ці біржавыя індэксы таксама могуць ператварыцца ў нешта вельмі прывабнае і цікавае.

Дар’я Курас

Мы на Flickr

Copyright 2014 "Трэці сектар"