Фестываль моладзевай журналістыкі "Твой стыль": Стартуй якасна!
Гродна | 16-18 мая 2014
about festival O festiwalu

Аляксандр Класкоўскі: Журналіст мусіць заўжды заставацца журналістам

Удзельнікам фестывальнага ток-шоў “Журналістыка ў эпоху інфармацыйных войнаў” стаў кіраўнік аналітычных праектаў інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, палітычны аглядальнік, медыйны трэнер Аляксандр Класкоўскі.

Аляксандр Класкоўскі

Аляксандр (на здымку ніжэй – першы зправа) падзяліўся сваімі ўражаннямі пра фэст і аб удзельніках, расказаў пра ўзровень сучаснай беларускай журналістыкі і выдзяліў асноўныя правілы для журналістаў, працуючых ва ўмовах інфармацыйнай вайны.

фестывальнае ток-шоу

– Аляксандр, у чым роля фэсту “Твой стыль”? Што ён дае ўдзельнікам – і маладым журналістам, і экспертам?

– Увогуле, фестываль “Твой стыль” – гэта з’ява ўнікальная ў беларускай журналістыцы. Самае галоўнае – сапраўды, мерапрыемства не дэкаратыўнае. Бываюць такія парадныя, нейкія дэкаратыўныя імпрэзы, дзе чыста думаюць, як адцягнуцца журналістам. А тут спалучаецца ўсё: гэта і свята, і своеасаблівы трэнінг, і праца мазгоў, і момант спаборніцтва. То бок, комплекснае, сінтэтычнае мерапрыемства, калі моладзь можа навучыцца, падцягнуцца і бляснуць нечым, і, разам з тым, як маладыя кажуць, аддцягнуцца.

Што тычыцца экспертаў. Я ўдзельнічаў толькі ў заключнай частцы фестывалю – у ток-шоў, але ведаю, што напярэдадні прайшлі майстар-класы. Чуў вельмі добрыя водгукі ад ўдзельнікаў. Узяў імправізаваныя інтэрв’ю экспромтам – яны хвалілі выкладчыкаў, адчувалася, што ўсё спадабалася. Магу меркаваць, што гэтыя майстар-классы былі вельмі плённыя.

Як чалавек, які таксама ладзіць трэнінгі, скажу, што любая новая аўдыторыя – гэта і момант развіцця для выкладчыка. Таму што калі ёсць зваротная сувязь і пытанні, у тым ліку і вострыя, ты сам у гэтай творчай дыскусіі яшчэ раз праводзіш тэставанне тых прынцыпаў, якія выкладаеш, і ў нечым нават карэктуеш і методыку выкладання, і спосаб падачы матэрыялу. Я думаю, што тут такая вуліца з двухбаковым рухам. Вядома, як мускулы пры трэніроўцы растуць, таксама і інтэлект, і навыкі навучання. Таму гэта кшталтаванне і для трэнераў.

– У чым, на ваш погляд, адметнасць гэтага фэсту?

– Я не ўдзельнічаў, на жаль,  на мінулых фестывалах “Твой стыль”, але гэты мне падабаецца. Праўда, хочацца, каб аўдыторыя была яшчэ большай.

Здымаю капялюш, якога ў мяне няма, бо сёння добрае травеньскае надвор’е, перад арганізатарамі. Таму што сабраць столькі вядомых майстроў журналістыкі – гэта трэба ўмець, трэба быць добрым менеджэрам, якім і ёсць Вітаўт Руднік і ўся каманда, якая арганізавала фэст. Гэта ўзор таго, як можна зрабіць сапраўды несталічны горад сталіцай журналістыкі.

– Як бы вы ахарактаразавалі маладых журналістаў – удзельнікаў фэсту?

– Моладзь, як заўжды розная. Можа, адтаго што шоу было з раніцы, яна трошкі яшчэ не разгойдалася. Калі ж гэта проста залішняя сціпласць і сарамлівасць, маю на ўвазе не надта смелы ўдзел у дыскусіі, то гэта як раз тое, што журналіст мусіць у сабе пераадольваць.

Я таксама ад прыроды чалавек інтравертны, то бок паглыблены ў сябе. У свой час мне даводзілася сябе нават пераломваць у пэўнай ступені, каб быць больш рашучым у кантактах . Без гэтага журналіст проста сядзе ў галёш. Яму патрэбна не нахабства, але пэўная настойлівасць у здабыванні інфармацыі, у задаванні пытанняў і пэўная разняволеннасць паводзінаў – тое, без чаго журналіст не можа спадзявацца на прафесійны поспех.

– На вашу думку, які ўзровень сёння мае беларуская журналістыка?

– Зноў жа, беларуская журналістыка розная. На жаль, яна сёння расколатая. У нас ёсць выразны падзел на дзяржаўную і недзяржаўную прэсу. Гэта ў сваю чаргу ёсць наступства таго, што палітычная сістэма ў Беларусі неразвітая. Масіў дзяржаўнай прэсы, які існуе ў нас, даўно стаў анахранізмам. У заходніх краінах, у краінах развітай дэмакратыі фактычна няма дзяржаўных медыа. У нас жа гэты масіў, па сутнасці, прапагандысцкі. І, адпаведна, дзяржава падтрымлівае сваю прэсу і стараецца загнаць на андэграўнд прэсу, якую яна лічыць варожай, апазіцыйнай. На жаль, гэта адбіваецца на магчымасцях і на якасці недзяржаўнай беларускай журналістыкі. Але трэба аддаць належнае, што недзяржаўная прэса ўжо два дзесяцігоддзі выжывае ў такім агрэсіўным асяроддзі, трымаюцца і нават развіваюцца моцныя брэнды, якімі прапануецца цалкам якасны кантэнт для айчынных чытачоў.

фестывальнае ток-шоу

– Адносна ток-шоў. Якія высновы вы можаце зрабіць, якія асноўныя правілы вылучыць для журналістаў, працуючых ва ўмовах інфармацыйнай вайны?

– Адзначу, што сама тэма дыскусіі была выбрана ўдала: акадэмічная інфармацыйная вайна ў звязку з Украінай і з Беларуссю, якая так ці інакш апынулася пад уздзеяннем гэтых хваляў.  Дыскусія была вострая. Добра, што ў зале былі людзі, якія падкінулі гаручага матэрыялу. Таму што гэта калізія пастаянна прысутнічае, і для мяне гэта прынцыповае пытанне. Я неаднойчы звяртаўся да яго ў сваіх публікацыях.

Маё крэда – журналіст мусіць заўжды заставацца журналістам. Нягледзячы ні на якія інфармацыйныя войны, мусіць адточваць сваё майстэрства, каб эфектыўна працаваць у такіх экстрэмальных умовах. Але ён не павінен станавіцца нейкім байцом ідэалагічнага фронту, бо гэта псуе рамяство. На ток-шоў былі  і іншыя пункты погляду. Я з задавальненнем падыскутаваў, адчуў баявы палемічны настрой і спадзяюся, што ў зале ўсім было таксама цікава.

То бок, першае правіла – заставацца журналістам. У любых ўмовах трэба працаваць паводле канонаў, этыкі сваёй прафесіі. Тое, пра што я кажу, не выключае грамадзянскай пазіцыі, патрыятызму. Любы журналіст мае права на сваю пазіцыю. Іншая справа, што трэба разбірацца, што ты пішаш. Калі робіш інфармацыйны матэрыял, то мусіш выкладаць факты карэктна. Калі пішаш публіцыстыку, яна можа быць вельмі суб’ектыўнай, але зноў жа, мусіць грунтавацца на сумленным пошуку ісціны, а не на кіданні, апрыёры, нейкай канцэпцыі дзялення на “нашых” і “не нашых”. Вось гэта маё крэда, мой прынцыповы падыход.

Разам з тым, канешне, калі ідзе інфармацыйная вайна, якая месцамі і часам перарастае ў гарачую, сапраўдную вайну, на якой страляюць, то журналісту трэба і тэхналагічна быць гатовым, маецца на ўвазе, што неабходна мець, напрыклад, бронекамізэлькі і іншыя абаронныя сродкі.

Як зазначалася падчас дыскусіі, варта яшчэ больш пільна ставіцца да крыніц інфармацыі, правяраць і пераправяраць з улікам таго, што адбываюцца ўкіды з розных бакоў, ідзе мэтанакіраваная дэзынфармацыя. Таму вельмі важна аддзяляць зярняты ад шалупіння, хутка арыентавацца ў сітуацыі, браць каментарыі ў экспертаў і дапамагаць сваёй аўдыторыі ўбачыць выразную карціну, а не дадаваць тлуму і неразбярыхі за кошт неправеранай інфармацыі, алармісцкіх паведамленняў, якія потым не пацвярджаюцца.

пра цяжкасці працы журналіста ва ўмовах інфармацыйнай вайны размаўляла Анастасія Калач

Мы на Flickr

Copyright 2014 "Трэці сектар"