Фестываль моладзевай журналістыкі "Твой стыль": Стартуй якасна!
Гродна | 16-18 мая 2014
about festival O festiwalu

Дзмітрый Сурнін: Журналіст вучыцца бесперапынна

У другі дзень Фестывалю наш расійска-ўкраінскі медыяэксперт Дзмітрый Сурнін правёў свой другі майстар-клас пад назвай “Некалькі параўнальна простых спосабаў палепшыць змест выдання”. Нагадаем, што ў першы дзень Фэста ён распавёў маладым журналістам пра тое, як за шараговай падзеяй убачыць цікавую гісторыю і напісаць запамінальны артыкул. Дзмітрый Сурнін адказаў на некалькі пытанняў спецыяльна для Фестывалю “Твой стыль”.

сурнин

– Дзмітрый, вы на нашым фэсце ўпершыню. Як вы ацэньваеце ўзровень мерапрыемства?

– Мне цяжка ацэньваць і, ўвогуле, у мяне мерапрыемства ўзроўню не мае. Яно бывае добрым, калі людзі выходзяць з добрымі пачуццямі і натхненнем. У дадзеным выпадку так павінна адбыцца, таму што тут дастаткова натхнёныя людзі, што трэба для жыцця, прафесіі. А арганізацыйныя дробязі  менш важныя.

– Наколькі патрэбна правядзенне падобных мерапрыемстваў для маладых журналістаў?

– Мне цяжка сказаць, бо ўсё залежыць ад сітуацыі. Вядома, складана працаваць у медыях, таму што ўсюды мяняецца рынак, эканамічная мадэль, і незразумела, як менавіта будуць развівацца медыя, якая будзе праца. Гэта вельмі складаная сітуацыя, таму што ёсць не так шмат працоўных месцаў. Тым не менш (нават пры тым, што незразумела, як будзе развівацца рынак, не толькі беларускі, а наогул сусветны) патрэба людзей у якаснай, праверанай інфармацыі, цікавых гісторыях, апавяданнях нікуды не дзенецца. Цяпер такі перыяд, які трэба перачакаць, таму такога роду мерапрыемствы, з майго пункту гледжання, важныя для таго, каб людзі адзін аднаго ўбачылі, узаеманатхніліся адзін ад аднаго, атрымалі нейкую матывацыю; усё гэта трэба паспрабаваць. Зразумела, што можна зрабіць памылку, але такія мерапрыемствы важныя для таго, каб станавіцца лепш, незалежна ад свайго непасрэднага акружэння і канкурэнцыі.

– Вы зрабілі кар’еру ў Расіі, паспяхова працуеце ў Кіеве, актыўна кантактуеце з калегамі з Беларусі. Якія прынцыповыя адрозненні і асаблівасці ў журналістыцы гэтых краін?

– Прынцыповага адрознення ў журналістцы не можа быць, калі яна практыкуецца як прафесія сапраўдная, таксама як няма прынцыповых адрозненняў у хірургаў, якія працуюць у Расіі, Беларусі і Украіне. Прынцыповыя адрозненні могуць быць толькі ў магчымасцях, якія ёсць у людзей з пункту гледжання працоўных месцаў, развіцця рынку, зносін і адукацыі. І ў магчымасцях працавыдаткаў, якія неабходныя, каб дамагчыся пэўнай якасці, таму што шмат сілаў у Беларусі, Расіі, Украіне выдаткоўваецца на здабыванне элементарнай інфармацыі, кваліфікаванай, якую ў краінах з развітой інфармацыйнай структурай можна атрымаць па элементарным званку або знайшоўшы ў Інтэрнэце. І калі так казаць, то розніца паміж Украінай, Расіяй і Беларуссю не такая істотная. А вось розніца паміж Украінай, Расіяй, Беларуссю і краінамі, напрыклад, Скандынавіі істотная і звязана з тым, што, пры іншых падобных умовах, журналіст значна менш паспявае і значна менш робіць, так як шмат часу сыходзіць на простыя, базавыя рэчы.

– Ці ўмеюць беларускія журналісты адшукваць і расказваць гісторыі?

– Некаторыя ўмеюць, многія не ўмеюць, гэта ўжо звычайная справа.

– Які журналіст больш паспяховы сёння – універсальны або які спецыялізуецца ў адной тэматыцы ?

– І той, і другі. Калі робіш тое, што табе падабаецца, і гэта добра атрымліваецца, гэта камусьці патрэбна – гэта вялікі плюс. Можна быць выдатным журналістам, які піша толькі пра ежу, і быць вельмі запатрабаваным, калі ты робіш гэта ярка. Людзі хочуць цябе чытаць. Можна быць журналістам, які піша пра ўсё. Але цалкам натуральна, што ў выніку ўсяго ўзнікае спецыялізацыя: камусьці ў дадзены момант цікавей займацца чалавечымі гісторыямі, а па абавязку службы неабходна пісаць пра рынкі. Прафесійны журналіст здольны пісаць на любую тэму. Таму што наша праца – не быць спецыялістамі ва ўсім, а ўмець задаваць дурныя і правільныя пытанні . Многія з правільных пытанняў, як правіла, дурныя, на думку экспертаў. Для таго, каб займацца некаторымі відамі дзейнасці больш якасна і прасунута, патрэбна нейкая самаадукацыя. Але зноў жа, нармальны журналіст вучыцца бесперапынна. Гаворка не ідзе пра нейкія спецыфічныя журналісцкія навыкі, а хутчэй пра тое, што трэба пастаянна засвойваць нейкае праграмнае забеспячэнне, калі ты працуеш з вялікай колькасцю лічбавай інфармацыі. Напрыклад, неабходна мець уяўленне пра Excel. У мяне было 3 па алгебры ў школе, 2 па геаметрыі , але мне давялося ў Excel разбірацца, разумець, як гэтыя формулы працуюць, як вылічваць гэтыя складаныя працэнты. Гэта трэба было. І гэтым усё роўна неабходна авалодваць, бо калі ты пішаш пра эканоміку, табе трэба пачынаць у гэтым разбірацца. Калі ты пішаш пра IT-тэхналогіі, вядома, трэба гэтым займацца. На жаль, у невялікіх рэдакцыях, дзе 2-3 чалавекі, журналіст павінен быць універсалам, але гэта, вядома, цяжкавата. Вы самі бачыце, што і ў маленькіх рэдакцыях складваюцца свае спецыялізацыі, людзі пішуць пра тое, з чым ім больш даводзіцца сутыкацца, дзе ў яго больш кантактаў. І ён з цягам часу, калі чалавек такі неабыякавы, пачынае прасоўвацца, станавіцца экспертам. Можна вучыцца шмат чаму самому.

– Ваша меркаванне з нагоды журналісцкай адукацыі: ці павінен журналіст атрымліваць акадэмічнуя адукацыю або ён можа стаць прафесіяналам, закончыўшы толькі ШМЖ ?

– Любыя шляхі магчымыя. У кожнага шляху ёсць свае плюсы і мінусы. Я б падзяліў акадэмічную адукацыю на ўласна прафесійны складнік і агульнагуманітарны. Я лічу, што журналістам абавязкова трэба выкладаць базавую эканоміку, матэматыку, чаго пры мне не рабілі. Журналістам трэба яшчэ абавязкова выкладаць сацыялогію, законы вялікіх лікаў і г.д. Журналісту трэба ведаць мінімальны графічны дызайн, бо важна ўмець хоць нешта намаляваць, візуалізаваць. Я закончыў два ВНУ: адзін у Расіі, другі ў Амерыцы. ў нас быў вельмі моцны філалагічны складнік, што я лічу вельмі важным. Нас прымушалі чытаць шмат добрай літаратуры. Мы скардзіліся на гэта, але я цяпер разумею, наколькі гэта было патрэбна, таму што ў журналіста не можа быць вельмі вузкі светапогляд. Ён павінен шмат чым цікавіцца, многае разумець. Таму вельмі важна, каб людзі чыталі шмат добрых кніг, можа нават гістарычных, па філасофіі, хоць бы элементарныя асновы. Гэта патрэбна, хоць у момант навучання здаецца, што гэта ўсё мае маленькае дачыненне да справы. Калі складаць агульныя гуманітарныя курсы для журналістаў, то іх трэба неяк паляпшаць. Гэта адносіцца да якасці выкладання ў любых краінах, таму што калі дрэнны выкладчык эканомікі, то і прадмет аказваецца некарысным. Але калі іншы падыход, калі фактычна журналістыка – гэта тая адукацыя, якая кладзецца ўжо на існае, гэта значыць калі ў цябе ёсць ужо нейкая адукацыя і табе проста даюцца нейкія сілы, неабходныя навыкі, якія дазваляюць нешта рабіць. Але для гэтага ты павінен быць досыць спелым чалавекам. Мне яшчэ здаецца, што многае залежыць ад узросту. А ёсць сітуацыі, калі людзі самі чамусьці вучацца, працуюць. Розным людзям падабаецца рознае: ёсць тыя, у якіх дар размаўляць з іншымі людзьмі і яны могуць разгаварыць каго заўгодна, нават не будучы нейкімі мегаадукаванымі таварышамі і атрымліваць доступ да самых розных крыніц. Гэта таксама інфармацыйны дар, такі чалавек знойдзе сабе прымяненне не ў гэтым, так у іншым месцы. Для мяне наяўнасць журналісцкай адукацыі ніколі не было вырашальным фактарам. Наяўнасць вопыту – гэта зусім іншая справа.

– Тры кароткія парады, якія дапамогуць палепшыць любое беларускае выданне ?

– Думайце, для каго вы пішаце і навошта, чаму гэта нехта будзе чытаць. Перад тым, як сядаць пісаць матэрыял, сфармулюйце ў двух сказах, у чым сутнасць гэтага матэрыялу. Як быццам вы прыйшлі на кухню і сказалі маме: «Уяўляеш?» І вось усё, што пасля гэтага «ўяўляеш», будзе сутнасцю гісторыі, таму што шмат матэрыялаў «ні пра што», без фокусу. Трэцяе, вельмі важнае – пішыце самі, перастаньце браць нешта ў іншых. Я разумею, што ёсць праблема рэсурсаў, ёсць праблема часу, але каб нешта пераварыць, трэба нешта з’есці. Калі хтосьці, умоўна кажучы, перастане гадаваць «картоплю», то і ўсім астатнім пераварваць за ім будзе няма чаго. Мы самі нішчым сваю прафесію тым, што не займаемся сваёй працай, а займаемся кансалідацыяй трафіку. Але я бачу, што ў цэлым разуменне таго, што тут ёсць праблема, прыходзіць і відаць, што сітуацыя пачынае паволі змяняцца і многія пачынаюць нешта рабіць самі.

– Не магу не запытацца, якое ўражанне выклікаў у вас наш горад?

– Горад Гродна выдатны, ён захаваў шмат прыемных рэчаў. Захаваў добрую атмасферу, ён чысты, дагледжаны. Але мне тут не хапае трошкі жыцця, хочацца, каб нешта адбывалася на вуліцы. Ідзеш ўвечары – вуліцы, вядома, прыгожыя, але пустыя. Хочацца, каб горад неяк ажыў, бо я думаю, што ён мог бы стаць вузлавых горадам. Гродна – цудоўнае месца для фестываляў, культурнай сталіцы, таму што побач Калінінградская вобласць, Польшча, Літва. Гэта перакрыжаванні самых розных дарог. Вельмі добры горад, мне вельмі падабаецца сюды вяртацца, я тут сябе добра адчуваю. Можа быць таму, што заўсёды прыязджаю ў добры сезон, які не так часта бывае.

Анастасія Шымко

Мы на Flickr

Copyright 2014 "Трэці сектар"