Фестываль моладзевай журналістыкі "Твой стыль": Стартуй якасна!
Гродна | 16-18 мая 2014
about festival O festiwalu

Хто і чаму збіраецца прыехаць на фестываль у Гродна?

Усё менш і менш часу застаецца да галоўнай журналісцкай падзеі года ў Беларусі – Фестывалю “Твой стыль”. Напярэдадні мерапрыемства мы звязаліся з тымі, хто ўжо падаў свае заяўкі на ўдзел.

Заяўкі падалі некалькі дзясяткаў чалавек, і кожны дзень заяўляецца нехта новы. Удзельнічаць у фестывалі журналістыкі “Твой стыль” плануюць вельмі розныя асобы: студэнты і выпускнікі журфакаў, школьнікі і настаўнікі, прэс-сакратары, дзейсныя журналісты і фрылансеры, газетчыкі, радыйшчыкі і вэб-журналісты, грамадскія актывісты. Многія з іх раней не ўдзельнічалі ў нашым фэстах, але ёсць і тыя, хто плануе паўдзельнічаць ужо другі або трэці раз.

Мы запыталіся ў будучых удзельнікаў фестывалю, што заахвочвае іх прыехаць у Гродна.

620 fest 1

Масава заяўляюцца на ўдзел у фэсце студэнты Брэсцкага ўніверсітэта імя Пушкіна. Тыя з іх, да каго мы звярнуліся, патлумачылі, што ў маі ў Гродне можна будзе чакаць сапраўднага дэсанту студэнтаў з Брэста. Як і для кожнага ўдзельніка фэсту, гарадзенская імпрэза для іх гэта перадусім новыя веды, атрыманыя на майстар-класах, і новыя карысныя знаёмствы, якія могуць спатрэбіцца ў працы. Гэтак студэнтку спецыяльнасці “Журналістыка” Ганну Івашчанка цікавіць усё звязане з яе любімым жанрам – інтэрв’ю, якое яна вывучае з першага курса.

Студэнцкую аўдыторыю прадстаўляюць таксама людзі з БДУ, ГрДУ, ЕГУ ды іншых універсітэтаў, большасць з іх паспрабавала ўжо журналісцкага хлеба на практыцы.

Журналістка мінскай “Звязды” Дзіяна Серадзюк засталася пад вялікім уражаннем ад фестывалю 2012 года, і сёлета плануе прыехаць з калегай. Па яе словах, фэст дазваляе не толькі павысіць прафесійны ўзровень і пазнаёміцца з майстрамі журналістыкі, але і адэкватна ацаніць сябе самога на іх фоне.

Аляксей Сіпачоў, прафесійна звязаны з відэажурналістыкай (Віленская Тэлевізійная Асацыяцыя), раней у фестывалі “Твой стыль” не ўдзельнічаў. “Журналістыка – гэта вялікая сіла, асабліва ў нашым грамадстве,  дзе кожны дзень парушаюцца правы чалавека. У галіне журналістыкі адчуваецца недахоп прафесійных ды сумленных людзей, бо заўсёды  існуе небяспека апынуцца за кратамі. Таму, як сумленны грамадзянін, лічу неабходным працаваць менавіта журналістам,  прытрымліваючыся прынцыпаў журналісткай этыкі”,  – расказвае Аляксей пра тое, чым зацікавіла яго прафесія. Калі ж мы запыталіся яго, чаго ён чакае ад сёлетняга фэсту, дык пачулі ў адказ пералік ці не ўсіх запланаваных падзей: ад майстар-класаў і прэзентацый да канцэртаў і выставаў. І, канешне ж, знаёмства з калегамі з рэгіёнаў.

620 fest 2

Многія з патэнцыйных удзельнікаў фэсту ўжо раней бывалі ў Гродне і не баяцца заблукаць, але ўнікальную экскурсію па “журналісцкай Гародні” не лічаць лішняй. Тым больш экскусія цікавіць тых, для каго першае знаёмства з Гродна яшчэ наперадзе.

Заяўляецца таксама нямала людзей, звязаных з журналістыкай вельмі апасродкавана, або наогул не звязаных ніяк: ім цікава паўдзельнічаць, бо яны камунікуюць з медыямі па працы, працуюць у сферы медыяадукацыі або проста хоуць пазнаёміцца з журналісцкай тусоўкай.

620 fest 3

Людзі даведваюцца пра фэст з вельмі розных крыніц. Многія – ад знаёмых і калег па прафесіі або ўніверсітэцкіх сябраў, іншыя – з сацсетак, абвестак на сайтах і рассылак.

З Гродна актыўна заяўляюцца на ўдзел у фэсце сённяшнія і былыя навучэнцы Школы Маладога Журналіста і МедыяСтудыі. Вераніка Велігор і Наталля Кісель не прымалі ўдзелу ў фестывалі ў мінулыя гады, хаця і чулі пра яго. Менавіта таму Вераніка ставіць перад сабой задачу максімум – гэтым разам не прапусціць ніводнага майстар-класу.

“Журналістыка заўсёды прываблівала  тым, што была сродкам маёй уласнай самарэалізацыі, – кажа Вераніка. – Больш за ўсё падабалася рыхтаваць матэрыялы, якія нясуць хоць нейкую карысную інфармацыю, якія не жывуць адзін-два дні. Сапраўдны журналісцкі матэрыял – той, які заўсёды будзе актуальным, і праз год-два не стане “ўжо не модным”.

Наталлю цікавяць пытанні папулярызацыі беларускай мовы. Як пачынаючую журналістку яе прывабліваюць знаёмствы з аднадумцамі – маладымі ды вопытнымі журналістамі, а таксама адукацыйная частка фэсту.

Калі вы яшчэ не заяўляліся на ўдзел у фэсце моладзевай журналістыкі “Твой стыль”, а плануеце да нас прыехаць, калі ласка, запоўніце анкету тут.

Аляксей Шота, Вольга Юрэвіч

Здымкі з фестывалю 2012 г.

Мы на Flickr

Copyright 2014 "Трэці сектар"