Грамадская дабрачынная арганізацыя “Гродзенскі дзіцячы хоспіс”

budz-3-7Праект “Арганізацыя валанцёрскага руху ў сферы аказання паліятыўнай дапамогі”

Праект рэалізоўваўся на працягу сьнежня 2009 – верасня 2012 года. Працуючы з сем’ямі, якія маюць дзяцей з інваліднасцю на працягу 3 гадоў, мы разумелі важнасць развіцця валанцёрскага руху ў хоспісе.

На сённяшні дзень у г. Гродна каля 1300 дзяцей-інвалідаў ва ўзросце ад 0 да 18 гадоў (з іх 77% – да 14 гадоў, 23% – падлеткі). Каля 300 дзяцей з 3-4 ступенню страты здароўя (26%) маюць патрэбу ў паліятыўнай дапамозе – сістэме медыцынскай, псіхалагічнай, сацыяльнай і духоўнай падтрымкі цяжка і безнадзейна хворых дзяцей і іх сваякоў. Сёння ў г. Гродна паліятыўную дапамогу для дзяцей з абмежаваным тэрмінам жыцця і іх сем’яў аказвае толькі грамадская дабрачынная арганізацыя “Гродзенскі дзіцячы хоспіс” (далей ГДА “ГрДзХ”). Сёння пад апекай арганізацыі знаходзіцца 26 сем’яў. Яшчэ адным важным напрамкам дзейнасці ГДА “ГрДзХ” з’яўляецца арганізацыя мерапрыемстваў, накіраваных на прыцягненне ўвагі грамадскасці да праблем людзей з інваліднасцю і фарміраванне гуманнага стаўлення да людзей з асаблівасцямі ў развіцці як да раўнапраўных членаў беларускага грамадства, а таксама развіццё талентаў і здольнасцяў дзяцей і іх бацькоў.

Аднак магчымасці ГДА “Гродзенскі дзіцячы хоспіс” абмежаваныя ў чалавечым, тэхнічным і фінансавым рэсурсах. У арганізацыі працуе абмежаваны штат супрацоўнікаў, якія не могуць цалкам ахапіць сваёй увагай і клопатам сем’і, якія знаходзяцца пад апекай арганізацыі, задаволіць патрэбы і жаданні хворага дзіцяці ў зносінах, гульнях і даглядзе. Такім чынам, цяжка і безнадзейна хворыя дзеці і іх сваякі атрымлівалі дапамогу, падтрымку і садзейнічанне не ў поўным аб’ёме: не заўсёды супрацоўнікі арганізацыі маглі прапанаваць дапамогу ў наглядзе за дзіцём, калі бацькам трэба вырашаць свае праблемы, не заўсёды хвораму дзіцяці хапала зносін, заняткаў і гутарак. Таксама арганізацыі было складана знайсці людзей для правядзення мерапрыемстваў, накіраваных на змяненне стэрэатыпнага ўяўлення пра людзей з асаблівасцямі ў развіцці.

У рамках рэалізацыі праекту былі арганізаваныя 14 інфармацыйных сустрэч у 6 навучальных установах г. Гродна з мэтай папулярызацыі валанцёрскага руху і развіцця талерантнага стаўлення да людзей з інваліднасцю, захавання і павагі іх правоў і свабод. Было праведзена 6 трэнінгаў для патэнцыйных валанцёраў па навучанні іх арганізацыйна-метадычным аспектах і працэсу камунікацыі з сям’ёй, якая мае дзіця з інваліднасцю, а таксама па развіццю і кіраванню канфліктамі і выкарыстанню ахоўных механізмаў у працы валанцёраў. Таксама ў рамках рэалізацыі праекта былі вырабленыя буклеты “Валанцёр – чалавек добрай волі” і брашуры “Правы людзей з інваліднасцю ў Рэспубліцы Беларусь”.

Паспяховая рэалізацыя гэтага праекта дазволіла падрыхтаваць валанцёраў для працы непасрэдна з цяжка і безнадзейна хворымі дзецьмі, а таксама іх сваякамі, спрыяла інфармаванню грамадства аб правах людзей з абмежаванымі магчымасцямі і іх патрэбах. Праект быў накіраваны на навучанне каля 30 валанцёраў г.Гродна. Рэалізоўваўся на тэрыторыі г. Гродна, партнёрамі выступілі УА “Гродзенскі дзяржаўны універсітэт імя Янкі Купалы” і УА “Цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі”.

Сёння з арганізацыі працуюць каля 35 валанцёраў, якія дапамагаюць у правядзенні большасці мерапрыемстваў, якія арганізуюцца хоспісам, працуюць на дабрачынных акцыях і ў праектах, дапамагаюць у адміністрацыйнай працы хоспіса.


CACKLE comment system