Інтэграцыйная група маладых людзей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі і без “Крок насустрач”

budz-3-9

Назва нашай ініцыятывы “Крок насустрач” – таму што мы верым: нават адзін маленькі крок насустрач адзін аднаму сапраўды можа змяніць чыёсьці жыццё да лепшага!

Большасць з нас не адзін раз былі ўдзельнікамі мерапрыемстваў, якія праходзяць па ініцыятыве беларускага моладзевага грамадскага аб’яднання “Розныя-роўныя”, асаблівасцю якіх з’яўляецца тое, што ў мерапрыемствах на роўных удзельнічаюць як цалкам здаровыя маладыя людзі, так і людзі з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі.

Мы шчыра паверылі ў тое, што кожны ў аднолькавай меры мае шанец, каб жыццё было напоўнена цікавымі падзеямі, прысутнасцю добрых людзей і рознага роду адносін незалежна ад наяўнасці або адсутнасці якіх-небудзь абмежаванняў.

Такім чынам, нашыя галоўныя мэты – павышэнне адукацыйнага ўзроўню моладзі, забеспячэнне ўмоў для ўзаемадзеяння маладых людзей з розным узроўнем фізічных магчымасцяў і, дзякуючы гэтаму, інтэграцыі інвалідаў у грамадства. А таксама разбурэнне тых стэрэатыпаў, якія ўзнікаюць у людзей з розным узроўнем фізічных магчымасцяў у адносінах адзін да аднаго.

Мы спрабуем дамагчыся гэтага з дапамогай правядзення розных адукацыйных мерапрыемстваў, пастаянна звяртаючы ўвагу на тое, што наша мэтавая група – гэта ў першую чаргу моладзь, бо маладыя людзі з абмежаванымі магчымасцямі таксама з’яўляюцца яе часткай.

Мы лічым, што ўсё атрымалася, калі кожны быў паўнапраўным удзельнікам працэсу. Напрыклад, місія “здаровых” не павінна абмяжоўвацца выключна тым, што яны дапамагаюць “дзецям з АМ”, яны могуць і павінны пры гэтым атрымліваць карысныя асабіста для сябе веды і навыкі. У той час як людзі з абмежаваннямі не павінны заставацца пасіўнымі, бо ў іх сілах уносіць свой уклад у мерапрыемствы: не толькі атрымліваць, але і аказваць дапамогу.

Свой першы досвед працы ў інтэграванай групе мы атрымалі ў 2009 годзе, калі правялі двухдзённы семінар “Зносіны без абмежаванняў” пры падтрымцы БМГА “Розныя-Роўныя”. У 2010 годзе сябры нашай групы правялі інтэрактыўны міні-семінар “Асновы эфектыўнай самапрэзентацыі” у рамках навучальнага гуртка для трэнераў Беларускай асацыяцыі клубаў ЮНЕСКА. Яго ўдзельнікамі сталі вучні старэйшых класаў, сябры клубаў ЮНЕСКА. У 2011 годзе пасля навучальнага семінара “Цэнтра навучальных гурткоў” у Гродна мы сталі ініцыятарамі навучальнага гуртка “Жыццё без абмежаваных магчымасцяў“, у якім удзельнічалі маладыя людзі з фізічнымі абмежаваннямі і іх здаровыя аднагодкі. У рамках гуртка быў праведзены шэраг тэматычных сустрэч: “Што такое нефармальная адукацыя? Навучальны гурток, як адна з формаў такой адукацыі”, “Эфектыўнае зносіны – залог твайго поспеху”, “Мужчына і жанчына. Чаму мы такія розныя?”, “З чаго пачынаецца лідэр?”, “Моладзь і рэлігія”, “Будзь у поўным узбраенні – ведай свае правы”, “Што ж такое інтэграцыя?” Вучэбны працэс будаваўся па-рознаму: мы праводзілі ўсялякія заняткі з выкарыстаннем інтэрактыўных методык, арганізоўвалі сумесныя прагляды адукацыйных фільмаў, запрашалі на сустрэчы спецыялістаў-экспертаў, карацей, праводзілі час цікава і з карысцю.

У сакавіку-траўні 2012 па нашай ініцыятыве і пры падтрымцы міжнароднага дзіцячага фонду быў арганізаваны праект па стварэнні сацыяльнага інтэрактыўнага тэатра, у рамках якога прайшоў інтэрактыўны спектакль “Працаваць нельга адмовіцца”. Адной з мэтаў пастаноўкі было прыцягненне ўвагі да праблемы працаўладкавання моладзі, асабліва маладых людзей з абмежаванымі магчымасцямі.

Інтэрактыўны семінар “Інваліднасць вачыма журналістаў” адбыўся ў лістападзе 2012 года. Яго мэтай было пагаварыць пра тое, як пісаць пра людзей з інваліднасцю пазбягаючы “шаблонаў і стэрэатыпаў”, якімі напоўнены сучасныя СМІ. Бо тое, што людзей з інваліднасцю паказваюць у прэсе альбо як “героя”, альбо як “ахвяру”, таксама негатыўна адбіваецца на ўспрыняцці іх грамадствам. Вялікім плюсам мерапрыемства таксама з’яўляецца магчымасць удзельнікаў атрымаць практычны досвед працы ў адкрытай рэдакцыі моладзевага інтэрнэт-выдання “МалаКо”, створанага па ініцыятыве БМГА “Розныя-роўныя”.

Мы працуем, таму што ведаем, што калі людзей аб’ядноўвае нешта на самой справе цікавае, то шмат у чым надуманыя страхі сыходзяць, а на іх месцы вырастаюць новыя, больш шчырыя адносіны адзін да аднаго.

Мы працуем, таму што заўважылі: вялікай праблемай для дзяцей з абмежаваннямі часта з’яўляецца адмаўленне праблем. Людзі проста прывыкаюць жыць так, як ёсць, і ім значна прасцей пакідаць сабе ілюзію, што яны ўсім задаволеныя, чым прымусіць сябе рухацца для таго, каб нешта пачало мяняцца … Наша задача – прапанаваць паглядзець на жыццё трохі пад іншым вуглом, і, можа быць, нейкім чынам прастымуляваць гэтыя змены.

Мы працуем, каб тых, хто сапраўды ведае, што людзі з абмежаванымі магчымасцямі – гэта звычайныя людзі, з часам станавілася ўсё больш і больш.


CACKLE comment system