Кола раварыстаў-вандроўнікаў (маршрут Шляхамі Карскага)

budz-1-2Старонка ў Фэйсбуку: https://www.facebook.com/groups/rovar

Матывацыя.

Усё пачалося за доўга да нас, яшчэ ў 20-я гады 20 стагоддзя….

Маленькі Апанас ехаў з бацькам на возе з сенам праз в.Лаша . Каля Мікалаеўскай царквы бацька прыпыніў каня і кажа: “ А ці ведаеш сынку, што ў гэтай вёсцы нарадзіўся хлопчык-Яўхімам яго клікалі. Калі вырас, дык стаў знакамітым вучоным, напісаў шмат розных кніжак. Пра яго і бацюшка ў царкве казаў.”

Аб тым, што пачуў ад бацькі маленькі Апанас часта думаў , дык хто ж гэта такі Яўхім, наш зямляк?…

Беларуская культура так шчыльна звязана з Вашым
імем што адно без другога немагчыма ўявіць.
З ліста Я.Коласа Я. Карскаму.

Той велізарны ўклад, які зроблены ім у навуковую
скарбніцу, тыя доследы аб беларускай мове,вынік якіх
змешчаны ў “Беларусах”, гэта тыя вялікія цэннасці,
што дзея іх кожны беларус мусіць з пашанай схіліць
галаву…
Антон Луцкевіч.

…Прайшло шмат часу пакуль памяць аб вялікім вучоным-вандроўніку( некаторыя даследчыкі яго называюць беларускім Калумбам) стала вядома шырокай грамадскасці і з большага замацавалася ў візуальнай прасторы Гарадзеншчыны. Дзякуючы цікавым, часам выпадковым сустрэчам з неабыякавымі людзьмі, якія спрычыніліся да стварэння і адкрыцця 19 снежня 1964г музея Я. Карскага ў Лашы, тысячы экскурсантаў з Беларусі і замежжа адкрылі для сябе невядомую старонку гарадзенскай мінуўшчыны. Амаль праз трыццаць гадоў, спачатку была закрыта школа з-за “малакаплектнасці”, а праз год і музей. На пачатку 90-х мінулага стагоддзя, у Гародні адной з навучальных устаноў было нададзена імя Я.Карскага, таму і паўстаў у 1995г. ў гімназіі №1 новы музей Я.Карскага. Новая экспазіцыя музея была адкрыта ў 2006г у новым памяшканні. А ў пачатку 2013 на “дэкаду Я.Карскага”, пад час мерапрыемства, якое ладзіцца штогод у сценах гімназіі, плануецца адкрыць пры музеі Я.Карскага і інфармацыйна-этнаграфічны цэнтр. Першая экспазіцыя ў якім будзе прысвечана стваральніку і натхняльніку музеяў Я.Карскага ў Лашы і Гародні Апанасу Цыхуну, заслужанаму настаўніку Беларусі, краязнаўцу і асветніку.

Ад імя ТБМ імя Ф.Скарыны, у планы аддзела адукацыі гарвыканкама па папулярызацыі беларускай мовы на 2010 і наступныя гады, было ўнесена шмат прапаноў, адна з якіх была- аб стварэнні турмаршрутаў па мясцінах, звязаных з жыццём і творчай дзейнасцю нашага земляка Я.Карскага. Валанцёры Гарадзенскай ТБМ сумесна з музеем Я.Карскага да 150 гадовага юбілею Я.Карскага і 100-годдзя А.Цыхуна распрацавалі некалькі турмаршрутаў для розных мэтавых груп.

З пашырэнннем роварнага руху на Гарадзеншчыне ў 2012 г быў распрацаваны і апрабаваны ў траўні месяцы трохдзённы роварны маршрут “Прынёманскімі шляхамі акадэміка Я.Карскага” працягласцю да 150 км. па трох раёнах Гарадзенскай вобласці.З гэтай велавандроўкі паўстала новая нефармальная краязнаўчая роварная суполка “Кола раварыстаў-вандроўнікаў”, якія за некалькі месяцаў аб’ехалі, узялі інтэрв’ю ў некаторых старажылаў, зафіквавалі ў здымках дзесяткі розных геаграфічных аб’ектаў (12 фартоў Гарадзенскай крэпасці, шмат апорных пунктаў часоў І Усясветнай вайны, малыя радзімы Я.Карскага і М.Пачобута-Адляніцкага, вадаёмы крэйдавых кар’ераў , новую ГЭС і шмат іншага). Кароткую справаздачу пра вандроўкі другой паловы 2012 г. можна паглядзець у фэйсбуку, ці “пагугліць” набраўшы назву роварнай суполкі. На лета запланавана стварыць і апрабаваць веламаршрут прысвечаны падзеям 1863-64 гадоў. Гарадзеншчына для большасці жыхароў і турыстаў –сапраўдная Атлантыда, якая патрабуе больш шырокага вывучэння і папулярызацыі, асабліва вёсак і мястэчак.

Шукаючы сучасны фармат папулярызацыі беларускай гісторыі, культуры, славутых і звычайных землякоў мы выбралі распрацоўку турпраектаў.

Фактычна, праект, гэта працяг работы, толькі ў іншай форме, па папулярызацыі нашых славутых землякоў, мовы, гісторыі і культуры, якой займаліся нашы папярэднікі. Таксама і назва праекта іншай быць проста не магла, мы да яе паступова прыйшлі, імя Я.Карскага-своеасаблівы брэнд. У Гарадзенскай культурнай прасторы імя Я.Карскага сёння надзейна замацавана. Гэта і абласная бібліятэка, і вуліца, і назва гімназіі №1, і музей ў гімназіі №1, і штогадовыя стыпендыі лепшым вучням гімназіі, і правядзенне штогадовай дэкады Я.Карскага ў гімназіі, і ўніверсітэцкія чытанні прысвечаныя Я.Карскаму, і рэканструкцыя памяшкання ў гімназіі №1 пад інфармацыйна-этнаграфічны цэнтр музея Я.Карскага, і рэчы акадэміка ў Луцкаўлянскім гісторыка-краязнаўчым музеі і абласной бібліятэцы, і наведванне Гарадзеншчыны праўнукам акадэміка А.Карскім з Санкт-Пецярбурга.

Ствараючы турмаршруты ў рамках турпраекта “ Шляхамі Карскага”мы паставілі перад сабою асноўную мэту: Праз новыя даследаванні мястэчак і вёсак, якія звязаны з жыццём і творчай дзейнасцю акадэміка Карскага стварыць розныя варыянты прывабных турмаршрутаў для пазнавальна -актыўнага адпачынку і папулярызацыі беларускай гісторыі і культуры сярод школьнікаў і дарослых.

На якія мэтавыя групы разлічаны?

Трохдзённы веламаршрут №1 (для студэнтаў і дарослых) ” Прынёманскімі шляхамі акадэміка Я.Карскага” працягласцю 130-150 км. праходзіць па тэрыторыі Гродзенскага, Бераставіцкага і Мастоўскага раёнаў Гродзенскай вобласці і ўяўляе сабой цікавасць для навукова-пазнавальнага, этнічнага і актыўнага турызму.

Ён ахоплівае шмат знакавых населеных пунктаў Гарадзеншчыны звязаных з жыццём і творчай дзейнасцю акадэміка: Лаша – Луцкаўляны –Індура-р.Свіслач-Алекшыцы-Масаляны- Гудзевічы – Лунна – р.Нёман-Плавы- р.Котра-Коматава – Мігова – Александрова-ГЭС на Нёмане-Гародня.

Маршрут ахоплівае в. Лаша – малую радзіму акадэміка, дзе захаваліся могілкі І.Карскага і яго радні. Луцкаўляны, дзе ў школьным музеі экспануюцца асабістыя рэчы Я.Карскага. Індуру-беларуска-габрэйскае мястэчка, некалі цэнтр хасідызма, куды з’язжаліся хасіды з усяго ВКЛ, Масалянскі палац Біспінгаў з выдатным паркам і водасховішчам маляваў яшчэ славуты Напалеон Орда. У Гудзевічах Вас чакае сустрэча з беларусам, чалавекам –легендай і яго літаратурна-этнаграфічным музеем. Лунна- утульнае беларуска-габрэйскае мястэчка на беразе Нёмана. У ваколіцах Коматава першыя людзі з’явіліся раней, чым быў заснаваны Рым, – 11-13 тыс.год таму, назва якога паходзіць ад славутага ятвяга-асілка Комата. Насупраць Коматава на Нёмане выраблялі першыя паравыя караблі на Гарадзеншчыне на заводзе О’Брыён-дэ-Лясі (Дэляс), на беразе Нёмана захаваўся велізарны сярэднявечны могільнік і пахаванні былых гаспадароў маёнтка Мігова каля Коматаўскай царквы. Былы маёнтак Мігова –прыгожыя, трохі змененыя чалавекам краявіды, дзе Я.Карскі любіў працаваць і адпачываць на лецішчы са сваёй сям’ёй, вывучаў мясцовыя гаворкі, пісаў “Беларусаў”. Александрова славілася лепшымі ў акрузе плытагонамі, адносілася да маёнтка Мігова. У музеі гімназіі №1 Я.Карскага ў Гародні Вы пачуеце абагульняючую інфармацыю, убачыце ўнікальныя здымкі радні Я.Карскага. Гімназія з музеем знаходзіцца на тэрыторыі помніка прыроды Румлёва, дзе захаваліся рэдкія 200 гадовыя дрэвы. І нарэшце, пры жаданні абеду ў былым фальварку Каробчыцы, Вы зможаце паспрабаваць беларускія нацыянальныя стравы ў рэстарацыі “Замак Зеваны”, наблізіцца да старэйшай чыгункі, якая адзначыла свой 150 гадовы юбілей. Рэктар Варшаўскага універсітэта Я.Карскі дабіраўся па ёй з Гародні ў Варшаву, Санкт-Пецярбург. У іншых частках ”Гарадзенскага маёнтка”Каробчыцы” можна азнаёміцца з працай кузьні, дома разьбяра, сфатаграфавацца ў стайні з прыгажунамі, пакатацца на конях, паназіраць ў заапарку за жыццём іншых пастаяльцаў экзатычнага жывёльнага свету, а паблізу знаходзіцца ў добрым стане форт Гарадзенскай крэпасці. Прыемных уражанняў!

Выезд ад гатэля”Турыст”

Пасля 35-40 км. вандроўкі першы начлег ў бярэзніку каля Луцкаўлянскага вадасховішча (канечна-марэнная града нёманскага патока сожскага(маскоўскага) ледавіка)

Пасля 40-60 км. вандроўкі другі начлег на беразе Нёмана ад ваколіцаў Лунна да Мігова (дакладнае месца залежыць ад узросту ўдзельнікаў і фізічнай падрыхтаванасці турыстаў )

Астатняя частка вандроўкі 30-50км (залежыць ад колькасці км адоленых за другі дзень вандроўкі) застаецца на трэці дзень.

Адмыслова для першага падарожжа быў арандаваны мінівэн, для турыстычнага рыштунку, на выпадак паломкі ровара, ці стомленасці каго-небудзь з удзельнікаў турмаршрута.

Патэнцыйна маршруты турпраекта могуць быць цікавыя жыхарам Беларусі (знаёмства з беларускай гісторыяй, культурай, прыродай), Усходняй Польшчы (Карскі ў экпедыцыях вывучаў беларускую мову і культуру ў паселішчах, якія знаходзяцца на тэрыторыі Польшчы-Кузніца, Заблудава, Жукі, Саколка, ст.Жэдня, Гарадок, Валілы, ст.Новакаменная, Ліпск, Беласток), у Варшаве (упершыню дэмакратычным шляхам двойчы абіраўся рэктарам Варшаўскага ўніверсітэта), Расіі-вандроўка па мясцінах Санкт-Пецярбурга, дзе жыў і працаваў акадэмік Карскі (ён быў таксама і дырэктарам Інстытута антрапалогіі і этнаграфіі (Кунсткамера).


CACKLE comment system