Лана Руднік. Шалёныя! Маладыя! Жжжжурналістыя!

Змяніць памер шрыфта Болей Меней Скінуць
Лана Руднік. Шалёныя! Маладыя! Жжжжурналістыя!

“Мы не можам быць большым, чым мы ёсць…

але тое,  што мы ёсць, нашмат больш, чым мы думаем ”

Адшумеў Фэст маладзёвай журналістыкі “Твой стыль”, які ладзіла да 10-гадовага юбілею нашая арганізацыя ў партнэрстве з ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”. У праграме было шмат цікавага і незвычайнага – прэзентацыі веб-рэсурсаў, маладзёвых выданьняў, майстар-клясы, конкурсы і ўзнагароды, выпускны ШМЖ-10, сустрэча выпускнікоў розных набораў, прэзентацыя “Каталёгу лепшых выпускнікоў і выкладчыкаў праекта”, канцэрты, шоў “Венецыянскія згадкі” і, канешне, шмат эмоцыяў.

Кожны раз, калі “выпускаем” чарговы набор, становіцца адначасова і радасна і сумна.

Радасна, што мы змаглі дайсьці да фіналу, змаглі шмат чаму навучыцца і шмат чаго перажыць разам.

А сумна таму, што прыходзіцца разьвітвацца з добрай камандай і добрай сяброўскай атмасфэрай, якая склалася пад час навучаньня.

Дзесятыя ўгодкі праекта “Школа маладога журналіста” – добрая нагода паразважаць пра тое, што мы пасьпелі зрабіць за гэты час. Наўмысна не хачу канцэнтраваць сваю ўвагу на тыповых праблемах, зь якімі сутыкаецца кожная з грамадзкіх арганізацый у нашай краіне. Як кажуць: “Радасьці мала”, а так хочацца…парадавацца. На гэты раз – за сябе і сваю арганізацыю, якая здолела на працягу такога доўгага перыяду ўтрымаць марку.

10 год існаваньня. 200 выпускнікоў. Больш за 1000 публікацыяў. Каля 20 навучальных газетак, каля 15 сталых выкладчыкаў. Што могуць сказаць гэтыя лічбы?

Статыстыка – рэч адносная. Усе лічбы варта вывучаць у параўнаньні альбо ў суадносінах з іншымі. Але з чым параўноўваць? Такога кшталту праект адзін з нямногіх ў Беларусі…

ПРА ГІСТОРЫЮ ПРАЕКТА І ТЫХ, ХТО ЯГО РОБІЦЬ

Праект “Школа маладога журналіста” рэалізуецца адным з найстарэйшых грамадскіх аб’яднанняў Беларусі “Цэнтр інфармацыйнай падтрымкі грамадскіх ініцыятыў “Трэці сектар”, заснаваным гарадзенскімі грамадскімі актывістамі і журналістамі ў 1997 годзе.

Арганізацыя працуе на карысць разьвіцця грамадскай актыўнасці розных колаў насельніцтва шляхам рэалізацыі інфармацыйных і адукацыйна-асветніцкіх праграмаў.

Распачыналі мы гэты праект у сакавіку 1997 года ў партнёрстве з “Моладзевым прэс-клубам” і газетай “Пагоня”.

Пра людзей, якія працуюць у праекце, можна распавядаць дастаткова шмат – яны розныя па прафесіях (журналісты, філолагі, гісторыкі, псіхолагі, юрысты), па поглядах, стылю жыцця, але тое, што аб’ядноўвае ўсіх – гэта нестандартнасць мысленьня, дэмакратычныя каштоўнасьці і актыўная грамадзянская пазіцыя.

Тых, хто працуе ў “ШМЖ”, можна падзяліць на тры катэгорыі: трэнераў, экспертаў і арганізатараў.

Роля трэнера (гэта не абавязкова журналіст) палягае найперш на ўменьні арганізаваць навучальны працэс: падрыхтаваць занятак, усталяваць атмасферу даверу ў групе, дапамагчы эксперту ў арганізацыі дыскусій і працы ў групах, падсумаванні вынікаў занятка.

Эсперты (у нашым выпадку гэта былі журналісты і галоўныя рэдактары некаторых гарадзенскіх СМІ) адказваюць найперш за змястоўную частку занятка (разуменне тэрміналогіі, асноўных правілаў і схем, каментар заданняў, якія навучэнцы выконваюць на занятку, карысныя парады і г.д.).

Ідэальны варыянт – праца эксперта і трэнера ў пары як на этапе падрыхтоўкі занятка, так і на этапах яго правядзення і ацэнкі.

Задачы арганізатара (куратара праекта) – забяспечыць усе неабходныя ўмовы для працы трэнераў і экспертаў, трымаць “руку на пульсе” жыцця групы, арганізаваць маніторынг публікацый, кантактаваць з рэдакцыямі і выконваць шэраг іншых абавязкаў па арганізацыі навучальнага працэсу.

БОЛЬШ, ЧЫМ ШКОЛА ЖУРНАЛІСТЫКІ

Першапачатковай ідэяй праекта была падрыхтоўка штатных і пазаштатных карэспандэнтаў для сродкаў масавай інфармацыі і выданняў грамадскіх арганізацый і ініцыятыў. Аднак хутка мы зразумелі, што журналістыка – гэта не толькі прафесія.

Журналістыка – гэта пазіцыя і выдатная школа грамадзянскай адукацыі, якая рыхтуе актыўных грамадзян.

Грамадзян, здольных быць эфектыўнымі і карыснымі у сваёй супольнасці – умець узаемадзейнічаць і камунікаваць, прымаць рашэнні, крытычна аналізаваць інфармацыю, вырашаць канфлікты і прагназаваць сітуацыю.

Таму другой мэтай праекта зьяўляецца разьвіццё грамадскай актыўнасці моладзі, павышэнне яе ўдзелу ў жыцці грамадства.

ШМЖ – гэта праект накіраваны на дарослых людзей, якія падзяляюць адказнасць за поспехі навучання

ШМЖ – гэта праект, які не можа быць рэалізаваны без партнёрства з рэдакцыямі СМІ, журналістамі і грамадскімі актывістамі

ШМЖ – гэта некамерцыйны праект

ШМЖ – гэта праект, які стымулюе беларускасць. Большасць заняткаў, якія праводзяцца ў Школе – праводзяцца па-беларуску.

ДЛЯ ТЫХ, КАМУ ЗА 16…

Кожны год навучэнцамі “ШМЖ” становяцца 20-25 чалавек з Гародні ва ўзросце ад 16 да 25 гадоў.

Такія ўзроставыя вымаганні, прынамсі, мы ставім, калі абвяшчаем чарговы набор ўдзельнікаў праграмы.

Здараюцца, канечне, выключэнні, але звычайна аснову кожнага набору складаюць студэнты і школьнікі старэйшых (10-11) класаў.

Абвяшчэнне набору ў “Школу” мы звычайна робім у верасні праз абвесткі ў мясцовых сродках масавай інфармацыі, навучальных установах, у электроннай рассылцы нашай арганізацыі “Кроніка грамадзкага жыцьця Гарадзеншчыны”.

Не трэба таксама адмаўляць такі важны канал распаўсюду інфармацыі, які ў народзе клічуць “АБС” (“адна баба сказала”),  які зараз становіцца ўсё больш папулярным (!) у часы ідэалагічнага кантролю і складанасці доступу да большасьці СМІ .

Набор звычайна доўжыцца тры-чатыры тыдні, на працягу якіх ахвотныя да ўдзелу ў праекце людзі павінны запоўніць анкеты і запісацца на суразмову.

Здаралася так, што на 25 месцаў прэтэндавала 100 чалавек і таму графік суразмоваў быў вельмі напружаным.

Для правядзеньня суразмовы звычайна запрашаюцца некалькі журналістаў – будучых выкладчыкаў “Школы”, а таксама каардынатары навучальнай і арганізацыйнай частак праекта.

Кожны з сябраў “камісіі” мае табліцу з крытэрамі, паводле якіх ацэньваецца кандыдат: наяўнасць публікацый у школьных газетках ці СМІ, матывацыя да ўдзелу ў праекце, арыентацыя ў грамадскім жыцці, веданне рынку СМІ і камунікатыўныя здольнасці.

Галоўнай мэтай суразмовы з’яўляецца дапамога ў раскрыцці патэнцыялу кожнага з кандыдатаў, выяўленне ў нефармальнай атмасферы яго здольнасцей (зрабіць гэта беспамылкова толькі на аснове анкеты складана).

Гэтую ж мэту пераследуюць і творчыя заданні, якія атрымліваюць у час суразмовы многія навучэнцы (тыя, хто маюць надрукаваныя матэрыялы, вызваляюцца часта ад гэтага задання).

Творчыя заданьні звычайна двух відаў – працягнуць тэкст інфармацыйнага паведамлення альбо падрыхтаваць у пары з іншым навучэнцам кароткае інтэрв’ю. Сумарная ацэнка па выніках суразмовы і за творчае заданне – прахадны білет на ўдзел ў праекце.

Мы практыкуем стварэнне 2-х відаў спісаў – асноўны і рэзервовы. Часта здараецца так, што па розных прычынах чалавек не можа працягнуць навучанне, і тады мы падключаем “рэзервістаў”.

У час першых набораў мы арганізоўвалі тэставанне на прафесійную прыдатнасць і схільнасць да прафесіі (такую паслугу можна было атрымаць у гарадскім цэнтры прафарыентацыі), але затым упэўніліся, што вынікі такога тэставаньня далёка не заўсёды з’яўляюцца аб’ектыўнымі: “лепшыя” па выніках тэставання, здараецца, не здольныя напісаць хоць адзін артыкул, а з “горшых” часам выходзяць таленавітыя журналісты.

Сярод нашых выпускнікоў шмат вядомых у гарадзенскай і беларускай журналістыцы імёнаў – Павал Мажэйка, Інга Астраўцова, Алена Сіневіч, Юлія Дарашкевіч, Дзяніс Курчэўскі, Таццяна Залеўская, Вольга Венская, Алена Стасюкевіч, Зміцер Ягораў, Марыя Садоўская, Алесь Залеўскі, Вольга Буевіч, Алена Пронская, Сяргей Бяганскі, Валеры Руселік і інш.

КРЫХУ ПРА КАНЦЭПЦЫЮ

Навучальная праграма “Школы маладога журналіста” складаецца з наступных частак: уводзіны, асновы камунікацыі, асновы журналістыкі, прававыя і этычныя аспекты журналістыкі.

На ўводных занятках мы знаёмімся паміж сабою, размаўляем пра тое, што такое журналістыка, якую ролю сродкі масавай інфармацыі адыграюць у грамадзтве, пра функцыі журналістаў.

Асобны блок заняткаў прысвечаны камунікацыі: а менавіта – майстэрству слухаць і чуць, у даступнай форме перадаваць інфармацыю і ўдакладняць сэнс атрыманай інфармацыі, разумець прычыны камунікацыйных бар’ераў і г.д.

На занятках па асновах журналістыкі мы знаёмімся з асноўнымі журналісцкімі жанрамі, вучымся складаць ліды і загалоўкі да сваіх тэкстаў. Ёсць тут і заняткі больш спецыялізаваныя, напрыклад, асвятленне грамадска-палітычнага жыцця, дзелавыя і эканамічныя навіны альбо культурнае жыццё, экажурналістыка і г.д.

Неад’емнымі элементамі гэтай часткі праграмы зьяўляюцца практыка ў мясцовых сродках масавай інфармацыі (звычайна напрацягу двух мясяцаў) і выданне вучэбных газет (звычайна мы ствараем дзве рэдакцыі, кожная з якіх за час удзелу ў праекце выдае па 2-3 нумары сваёй газэты).

Наступная частка заняткаў тычыцца прававых і этычных аспектаў працы журналіста. Гаворка ў часе гэтых заняткаў ідзе пра правы і абавязкі журналістаў, пра магчымыя прававыя пасткі, у якія могуць патрапіць неспрактыкаваныя журналісты.

Шмат увагі аддаецца таксама абмеркаваньню журналісцкай этыкі (часам мы нават стваралі ўласны этычны кодэкс навучэнцаў “ШМЖ”). Гэты блок ў праграме “ШМЖ” вельмі важны – з самага пачатку навучання нашы маладыя журналісты пачынаюць пісаць матэрыялы, супрацоўнічаць з рэдакцыямі СМІ і наша задачай з’яўляецца засцераганьне іх ад магчымых памылак і непрыемных сітуацый, звязаных з няведаннем асноваў заканадаўства, якое рэгламентуе працу журналістаў, а таксама пэўных этычных нормаў.

ВУЧЫМСЯ ПА-ІНШАМУ

Навучанне ў “Школе маладога журналіста” моцна адрозніваецца ад традыцыйных формаў навучання ў школах і ВНУ.

Навучальны працэс прадугледжвае выкарыстанне інтэрактыўных метадаў і прынцыпаў навучання дарослых.

Мы зыходзім з таго, што маем справу з людзьмі, матываванымі да навучання, гатовымі да актыўнага засвойвання новых ведаў, авалодваньня новымі ўменнямі.

Мы пагаджаемся з тым, што да кожнага навучэнца павінен быць індывідуальны падыход, таму што кожны навучаецца ў сваім тэмпе.

Навучанне засноўваецца па схеме “Ад простага (пазнавальнага) – да складанага” і прынцыпах мульцісэнсарнасьці, інтэракцыі і стымуляваньня зваротнай сувязі.

Пры распрацоўцы методыкаў правядзеньня кожнага занятку мы зыходзім з прынцыпа навучаньня праз досвед.

Паводле Дэвіда Колба, кожнаму чалавеку ўласцівы свой стыль навучання.

Хтосці, да прыкладу, лепш вучыцца праз актыўнае эксперыментаванне, а хтосьці аддае перавагу спакойнаму чытанню кніг альбо назіранню за іншымі людзьмі.

З гэтай прычыны на нашых занятках мы імкнемся ствараць магчымасці і для атрымання канкрэтнага досведу (напрыклад – правядзеньня інтэрв’ю), і для рэфлексійнага назірання (як гэтае інтэрв’ю выглядала збоку), і для абстрактнай канцэптуалізацыі (што было зроблена добра, што можна было б зрабіць лепш, як бы я паступіў у гэтай сітуацыі) і для актыўнага эксперыментавання з атрыманымі новымі ведамі.

Навучэнцы павінны выйсці з занятку з новым досведам – і гэта ёсць асновай тых метадаў, якія мы выкарыстоўваем у працы з маладымі журналістамі.

Інтэрактыўныя метады прадугледжваюць сумеснае навучанне (навучанне ў супрацоўніцтве): і удзельнікі і трэнер з’яўляюцца актыўнымі суб’ектамі працэса навучання.

Мэтай заняткаў з’яўляецца не толькі атрыманне новых ведаў і ўменняў, але і змяненне/паляпшэнне мадэляў паводзінаў.

Атрымліваючы новы досвед, назіраючы за сваімі рэакцыямі і паводзінамі іншых удзельнікаў навучальнага працэсу, чалавек змяняе сваю мадэль паводзінаў і сьведама яе засвойвае.

Інтэрактыўныя метады дазваляюць задзейнічаць не толькі сведамасць чалавека, але і яго пачуцці і эмоцыі, што, у сваю чаргу, дазваляе палепшыць якасць засваення матэрыялу.

Мы ў розны спосаб стымулюем актыўнасьць нашых навучэнцаў: арганізоўваем дыскусіі, прапаноўваем да абмеркаваньня жыццёвыя сітуацыі, шмат часу аддаем на працу ў групах.

Інтэрактыўныя метады карысныя яшчэ і тым, што развіваюць камунікацыйныя здольнасці навучэнцаў.

У адрозненне ад звыклай для большасці навучальных установаў мадэлі аднабаковай камунікацыі, дзе роля выкладчыка палягае на надаванні інфармацыі, а роля навучэнцаў – на яе пасіўным успрыняцьці, у “ШМЖ” усяляк культывуецца мадэль шматбаковай камунікацыі.

Роля трэнера на нашых занятках палягае на арганізацыі дыскусіі, стымуляванні крытычнага мыслення, заахвочваньні да выказваньня сваёй пазіцыі.

Усе ўдзельнікі навучальнага працэса пры гэтым узаемадзейнічаюць адзін з адным, абменьваюцца інфармацыяй, сумесна вырашаюць праблемы, мадэлююць сітуацыі, ацэньваюць дзеянні калег і свае ўласныя паводзіны.

Звычайна праграма навучання ў “ШМЖ” разлічана на 6-7 месяцаў.

Заняткі адбываюцца 2 разы на тыдзень увечары па 2 гадзіны. Быў досвед, калі мы планавалі заняткі ў іншы спосаб (напрыклад, навучанне ў першым наборы доўжылася 3 месяцы, а ў 2003/2004 гг. замест штотыднёвых заняткаў у нас былі два інтэнсіўныя пяцідзённыя трэнінгі і паміж імі практыка ў СМІ), але досвед паказаў, што пасьля 7 месяцаў – нараджаюцца здаровыя дзеці. Ой, канешне ж, журналісты

Кожны занятак патрабуе стараннай падрыхтоўкі. Пачынаючы ад плянаваньня мэтаў і задачаў, распрацоўкі зместу, выбару метадаў, рамкавых умоваў і сканчаючы раздаткавымі матэрыяламі і іншымі рэсурсамі .

Першае, чаму павінны нашыя ШМЖ-кі навучыцца –навучыцца чытаць, аналізаваць прачытанае і, вядома ж, пісаць.

Абавязковай умовай удзелу ў праекце ёсць падрыхтоўка навучэнцамі матэрыялаў для СМІ (за год мы маем каля ста надрукаваных матэрыялаў).

Часам, аднак, маладыя журналісты маюць праблемы з пошукам тэмаў і тады на дапамогу праходзіць “Гарачая патэльня”, якую мы практыкуем напрыканцы занятку.

Гэта сваеасаблівая бура прапановаў, у час якой і навучэнцы і трэнеры і эксперты агучваюць ідэі магчымых тэмаў матэрыялаў, называюць розныя падзеі і факты, якія могуць стаць добрай інфармацыйнай асновай для журналісцкіх матэрыялаў.

Навучанне ў “ШМЖ” не сканчаецца са сканчэннем занятку.

Вельмі вялікая частка адводзіцца на індывідуальную працу – кансультацыі, рэкамендацыі па напісаных матэрыялах.

Такога кшталту кансультацыі дазваляюць навучэнцам глыбей засвоіць тыя ці іншыя сакрэты журналісцкага майстэрства, адчуць сябе больш упэўнена на этапе, калі яны яшчэ не маюць сталых кантактаў з журналістамі і рэдактарамі, не ведаюць спецыфіку выданняў.

Пытанняў і праблемаў, асабліва на першым этапе, вельмі шмат. І ад таго, наколькі камфортнай будзе атмасфера, цікавыя выкладчыкі і ўважлівыя куратары залежыць поспех навучання.

Для атрымання пасведчання пра сканчэнне  “ШМЖ,  кожны навучэнец павінен мець не менш за 15 публікацый, падрыхтаваных за час удзелу ў праекце. Як правіла, больш як 2/3 удзельнікаў праекта штогод спраўляюцца з гэтай задачай.

Што дазваляе нам казаць паспяховы ці не наш праект?

Паказчыкі, на якія мы найперш арыентуемся пры ацэнцы вынікаў кожнага выпуску – колькасць публікацый, падрыхтаваных удзельнікамі, ступень іх актыўнасьці ў межах праекта (удзел у падрыхтоўцы вучэбных газет, удзел у дзейнасьці розных грамадскіх ініцыятываў і арганізацый), а таксама іх працаўладкаванне ў рэдакцыях СМІ, заангажаванне ў дзейнасць розных НГА. Кожны трэці наш выпускнік дагэтуль звязаны з журналісцкай альбо грамадскай дзейнасцю.

Добра, калі пад час рэалізацыі праекта акрамя метадалагічнага падмурку, добрай каманды (часта гатовай працаваць на валанцёрскіх пачатках) і іншых неабходных рэсурсаў з’явяцца “фішкі”, характэрныя толькі для вас.

Высілкамі кожнага набору ў нас прыдумляліся кожны раз новыя – святкаваньні, віншаванні, вечарыны і іншыя сумесныя мерапрыемствы, якія дазваляюць адчуць увесь смак нефармальнага навучання.

Сканчаем, як правіла, урачыстай вечарынай з уручэннем пасведчанняў навучэнцам і падзякаў выкладчыкам.

Матэрыял быў падрыхтаваны для часопіса “Адукатар”, 2009 г.



28 Снежня 2010 | 1 каментар |

Дадаць каментар

  • Універсітэт Залатога Веку

    Універсітэт Залатога Веку

    Сайт праекта, скіраванага на сацыяльную і інтэлектуальную актывізацыю сталых людзей. Вучыцца ніколі не позна!

    Школа маладога журналіста

    Школа маладога журналіста

    Праект для тых, хто хоча паспрабаваць свае сілы ў журналістыцы. Працуе ў Гродне з 1997 г.! Далучайся!

Чытай

Чытаць навiны на hrodna.life
  • #прашчальнаесловапрэзідзента. Як гродзенцы смяюцца з прэзідэнта
    Беларусы прагназуюць, што б пра іх сказаў Лукашэнка, калі б яны памерлі ад каранавіруса. Допісы пачалі з’яўляцца пасля таго, як Лукашэнка нетактоўна выказаўся пра дзве смерці ад COVID-19. Беларусы палічылі гэта абуральным і запусцілі флэшмоб. Глядзіце, што пішуць гродзенцы. Да херня вапрос. Баба. Пісят лет. Чэво дальшэ жыць та? Ні ана цібе дзіцей ні радзіт большэ, […]
  • Вербніца ў час пандэміі. Гродзенскія католікі прышлі на святочную імшу ў Фарным касцёле
    У нядзелю 5 красавіка  каталікі адзначылі уваход гасподні ў Іерусалім – Пальмовую, ці Вербную, нядзелю. У сувязі з эпідэміялагічным становішчам вернікам Гродна прапанавалі паўдзельнічаць у набажэнствах анлайн. Але многія гродзенцы вырашылі ўсё-такі наведаць храмы. Як праходзіла святочнае набажэнства ў гродзенскім Фарным касцёле, глядзіце ў рэпартажы БЕЛТА.  The post Вербніца ў час пандэміі. Гродзенскія католікі прышлі […]
  • У Беларусі – 562 выпадкі каранавіруса. 8 чалавек памерла
    Міністэрства аховы здароўя Беларусі апублікавала новыя лічбы колькасці заражаных і памерлых ад каранавіруса. Агульная колькасць пацверджаных выпадкаў інфекцыі вырасла на 28% за дзень. У Беларусі па стане на 05.04.2020 на стацыянарным лячэнні з каранавіруснай інфекцыяй знаходзяцца 502 чалавекі. У большай часткі пацыентаў захворванне працякае ў лёгкай ці сярэдняй форме. Ачунялі 52 чалавекі. 8 пацыентаў памерлі. Як […]
  • Што здарылася з кафэ і барамі Гродна з-за каранавіруса: зніжкі, скарочаны час і нават закрыцці
    Рэстараны, кафэ і бары ў Гродне абмяжоўваюць час працы або часова зачыняюцца. Дыскатэкі працуюць да 23.00, дзейнасць кальянных абмежаваная. Тым часам многія заклікаюць падтрымаць лакальны бізнес і любімыя месцы, каб пасля каранціну вы зноў маглі хадзіць туды. Установы, у сваю чаргу, уводзяць зніжкі ці інакш імкнуцца прыцягнуць наведвальнікаў. Кавярні “Наша Кава” і “Справа” Кавярня працуе […]
© 2012 Грамадcкае аб'яднанне "Цэнтр інфармацыйнай падтрымкі грамадcкіх ініцыятыў "Трэці сектар"
Каталог TUT.BY