15 моваў за 1,5 гадзіны: у Гродне прайшла “Жывая Бібліятэка: мовы свету”

Змяніць памер шрыфта Болей Меней Скінуць
15 моваў за 1,5 гадзіны: у Гродне прайшла “Жывая Бібліятэка: мовы свету”

Атрымаць адрасную паштоўку на арабскай мове з традыцыйным малюнкам, пачуць песні на мове ігба, даведацца, чаму складана іншаземцам вывучыць рускую, навучыцца замаўляць піва на гішпанскай і паслаць кагосьці ў кусты на літоўскай маглі гарадзенцы падчас “Жывой Бібліятэкі: мовы свету”, якая прайшла ў Гродне 21 лютага, у Міжнародны Дзень Роднай Мовы.

Падчас мерапрыемства сапраўды было чуваць мовы з цэлага свету. Празвучала карэйская, кітайская і арабская, афраканскія мовы ігба і ндаў, еўрапейскія: нямецкая, французская, польская, літоўская, румынская, сербская і іншыя. Былі і дзве афіцыйныя мовы нашай краіны – беларуская і руская.

Алёна з Расіі дыскутуе з удзельніцамі наконт цяжкасцяў вывучэння рускай мовы

“Сёння, у Міжнародны Дзень Роднай Мовы, мы хацелі паказаць гэтае багацце моваў, якія  можам сустрэць на вуліцах Гродна. Мы часта забываем, што тут, побач, жывуць і іншыя нацыянальнасці і што яны таксама размаўляюць на сваёй роднай мове. Такога кшталту мерапрыемствы дапамагаюць зразумець разнастайнасць нашага грамадства і наблізіць да нас культуру тых, з кім сустракаемся штодня, мінаем на вуліцах” – распавяла пра ідэю мерапрыемства арганізатарка мерыпрыемства, Вольга Галецка.

У ролі спікераў выступалі носьбіты моваў – людзі, якія зараз жывуць у Гродне, але таксама тыя, хто вывучае замежныя мовы. Некаторыя жылі за мяжой і там пачалі іх вывучаць. Некаторыя вывучаюць іх на месцы, у Гродне: на курсах ці самастойна.

Ганка, якая па валанцёрскай праграме працавала ў Румыніі, распавядае пра румынскую мову

Сярод носбітаў – Таффі з Зімбабвэ, якая падчас Жывой Бібліятэкаі распавядала пра мову ндаў – адну з 16 афіцыйных моваў яе краіны. Па яе словах, такога тыпу мерапрыемства вельмі карыснае для тых, хто любіць іншыя мовы і культуры. “Я далучылася да яго, таму што хацела распавесці пра сваю мову, мне спадабалася ідэя таго, каб людзі распавядалі пра свае карані, хацела таксама падкрэсліць, якая існуе разнастайнасць культураў і моваў у Афрыцы” – распавяла Таффі.

Сумеснае фота з Таффі (першая злева ўвесре) і Іфуаняй (другая злева ўверсе), якія распавядалі пра мову ндаў і ігба

На Жывую Бібліятэку прыйшла таксама спадарыня Тамара, каб паслухаць пра нямецкую, літоўскую і карэйскую мову. Такі выбар – не без нагоды. У маладосці яна жыла нейкі час у Паўночнай Карэі, а кар’еру фармацэўтыкі пачынала ў Друскінінкае, дзе ёй прыйшлося камунікаваць таксама на літоўскай мове – сёння ёй цікава было пачуць пра мовы, з якімі яна сутыкалася раней. З задавальненнем вымаўляла знаёмыя сказы на літоўскай мове і лавіла новыя словы.

Рая з Нямеччыны і спадарыня Тамара з Гродна падчас размовы пра нямецкую мову

Гарадзенская Жывая Бібліятэка: мовы свету – толькі маленькая частка абходаў свята, якое адзначаецца ў гэты дзень у цэлым свеце. Міжнародны Дзень Роднай Мовы адзначаецца ва ўсім свеце 21 лютага з 1999 году . Гэты дзень быў абраны таму, што ў гэты дзень у 1952 годзе загінулі пяць студэнтаў, якія змагаліся за наданне мове бангла статуса дзяржаўнай у тагачасным Пакістане, усходняя частка якога пазней стала незалежнай дзяржавай Бангладэш.

Калі вы жадаеце вучыць замежныя мовы і сустракаць аднадумцаў – іх аматараў – арганізатары “Жывой Бібліятэкі”, ГА “Цэнтр “Трэці сектар”, запрашаюць далучыцца да штотыднёвага мерыпрыемства “Tandem Evenings in Hrodna”, падчас якога зможаце камунікаваць на розных мовах свету. Кожны тыдзень тут французская, нямецкая, польская, ангельская і гішпанская.

Аўтарка: Наташа Мадзільяні
Фота: аўтаркі

Дадаць каментар

  • Універсітэт Залатога Веку

    Універсітэт Залатога Веку

    Сайт праекта, скіраванага на сацыяльную і інтэлектуальную актывізацыю сталых людзей. Вучыцца ніколі не позна!

    Школа маладога журналіста

    Школа маладога журналіста

    Праект для тых, хто хоча паспрабаваць свае сілы ў журналістыцы. Працуе ў Гродне з 1997 г.! Далучайся!

Чытай

Чытаць навiны на hrodna.life
© 2012 Грамадcкае аб'яднанне "Цэнтр інфармацыйнай падтрымкі грамадcкіх ініцыятыў "Трэці сектар"
Каталог TUT.BY