Ад Замкавай да Віленскай. Першы аўдыёгід для шпацыру па былым гета стварылі ў Гродне

Змяніць памер шрыфта Болей Меней Скінуць
Ад Замкавай да Віленскай. Першы аўдыёгід для шпацыру па былым гета стварылі ў Гродне

Аўдыёгід «Арыенціры гета» распрацавалі студэнты ГрДУ імя Янкі Купалы і медыцынскага ўніверсітэта ў межах міжнароднага праекта «Вымяраючы гета», які ладзіўся з удзелам ГА “Цэнтр “Трэці сектар”.

Аўдыёгід для самастойнага гарадскога шпацыру – гэта экскурсія па гета № 1.

Каб яе прайсці, патрэбны толькі інтэрнэт: маршрут прывязаны да сучаснай карты горада, у кожнай кропцы можна праслухаць аўдыё пра гэтае месца і паглядзець тэматычныя фота.

Гід стварылі, каб нагадаць пра злачынствы, якія не маюць тэрміну даўнасці, і расказаць гісторыю вуліц, якімі мы ходзім штодня.

У межах праекта моладзь з Беларусі, Украіны і Малдовы вывучалі гісторыю гета ў сваіх гарадах і шукалі спосабы пазнаёміць з ёй землякоў.

У Гродне ў час вайны было два гета, але пра другое вядома вельмі мала. З гета № 1 жа звязана шмат гісторый. Яго і абралі гродзенскія студэнты для свайго праекта.

Карта для самастойных шпацыраў і падкасты

Да анлайн-карты прывязаны 12 кропак ад вуліцы Замкавай, уздоўж Вялікай Траецкай і да Віленскай.

У кожнай кропцы можна спыніцца і паслухаць гісторыю, звязаную з пэўным будынкам. На старонцы з картай да кропак дапасуюцца таксама тэкст і тагачасныя і сучасныя фотаздымкі, план гета.

Праект дае магчымасць прайсці экскурсію самастойна, без экскурсавода, ці нават не выходзячы з дому. Гэта досыць своечасова з улікам пандэміі каранавірусу і патрэбы змяншаць сацыяльныя кантакты і трымацца самаізаляцыі.

Аўдыёзапісы можна слухаць таксама як падкасты з платформы Soundcloud.

У тэкстах экскурсіі пераплецены асабістыя гісторыі вязняў гета і гістарычныя факты: асаблівасці побыту, заробкі, спосабы выжывання. Ёсць старонкі пра сінагогу, якая была пунктам збору перад вывазам жыхароў гета на смерць, Фару Вітаўта, дзе захоўвалі адабраныя ў яўрэяў рэчы, скарб, які знайшлі ў адным з дамоў у 2018 годзе.

Карта арыентаваная ў тым ліку і на школьныя экскурсіі, мусіць дапамагчы ў працы настаўнікам. Каманду стваральнікаў кансультавала экспертка ў галіне методыкі выкладання Халакосту Іна Соркіна.

Праект пакажуць дзевяцікласнікам у гродзенскіх гімназіях. Распрацоўкай студэнтаў змогуць карыстацца і гродзенскія музеі. Ёсць ідэя таксама размяшчаць QR-коды са спасылкамі на розныя моўныя версіі гіда.

«Па сутнасці, вам патрэбны толькі інтэрнэт. Вы прыходзіце на месца, адкрываеце карту, да кожнай кропкі прымацаваны аўдыёфайл, там жа тэкст і фота», — кажа Ліза Зайцава, каардынатарка праекта.

Ад Замкавай да Віленскай. Першы аўдыёгід для шпацыру па былым гета стварылі ў Гродне
Ліза Зайцава

Экскурсія на агульным сайце праекта «Вымяраючы гета» ўжо даступная на беларускай, рускай і англійскай мовах. Ідзе праца над перакладам на нямецкую і польскую.

Нагадваць, што ёсць злачынствы без тэрміну даўнасці

Працуючы над праектам, аўтары хацелі зноў узняць праблему Халакосту перад гараджанамі і наведнікамі Гродна і нагадаць усім пра злачынствы, якія не маюць тэрміну даўнасці. 

Ад Замкавай да Віленскай. Першы аўдыёгід для шпацыру па былым гета стварылі ў Гродне
Гарадзенская сінагога

«Зразумела, што на чужых памылках ніхто не вучыцца, але мы ўсё адно мусім гаварыць пра гэтыя памылкі», — перакананая Ліза.

«Калі ідзе гаворка пра вайну, асабліва на постсавецкай прасторы, пераважна вядзецца пра салдата, яго гераізм для фармавання гонару за дзяржаву, продкаў і гэтак далей, — тлумачыць яна. — Нямногія любяць успамінаць цёмныя, крывавыя моманты. Гета — і гета, але мала гродзенцаў ведаюць, у якой форме і якім маштабе гэта было. Лічбы загінулых агаломшваюць, гэта амаль палова насельніцтва Гродна».

Гід стварылі з нуля за пару месяцаў

Межы гета вядомыя, але аднаўляць яго гісторыю было няпроста. У архівах засталося няшмат дакументаў, пераважна — рукапісных і на нямецкай мове. Начальнік гета № 1 Курт Візэ ў канцы акупацыі знішчыў большую частку архіва, клапоцячыся пра будучыню. Стваральнікі гіда працавалі з вялікай колькасцю літаратуры, але многія звесткі ў ёй папросту дублююцца. Істотнай дапамогай стала «oral history» — успаміны людзей, якія перажылі гета, і гараджан, якія суіснавалі з гета ў той час, расказаў куратар праекта, гісторык Алесь Радзюк

Аўдыёгід па гродзенскім гета распрацоўвалі шасцёра студэнтаў гродзенскіх вну — будучыя юрысты, лінгвістка, гісторык. Каардынатарка праекта «Арыенціры гета» Ліза Зайцава, студэнтка гродзенскага меда, далучылася да праекта праз асабістае захапленне гісторыяй і архітэктурай Гродна.

Ад Замкавай да Віленскай. Першы аўдыёгід для шпацыру па былым гета стварылі ў Гродне

У тэхнічным плане стваральнікаў гіда кансультавалі Аляксей Шота і Ірына Новік з рэдакцыі Hrodna.life. Яны дапамаглі з запісам і апрацоўкай аўдыё, а таксама выбарам платформы для размяшчэння гіда. Многія дублі даводзілася запісваць па некалькі разоў, шмат высілкаў адабрала звядзенне файлаў. Тэксты праекта правяралі гродзенскія гісторыкі.

Праект зрабілі цалкам з нуля літаральна за пару месяцаў. Аўдыё адмыслова пісалі ў горадзе. На ім чуваць брэх сабак, касцёльныя званы, гукі вуліцы. Гэта мусіць даць слухачу большае пагружэнне ў атмасферу Гродна. Англійскі варыянт экскурсіі агучвала студэнтка-лінгвістка з ГрДУ Кацярына Дзедушкіна, рускі – навучэнец гістарычнага факультэта Мікіта Цімакоў, беларускі – гісторык Алесь Радзюк.

Што зрабілі ў Чарнаўцах і Кішынёве

Мікрапраекты пра гета ў сваіх гарадах рабілі таксама студэнты Кішынёва (Малдова) і Чарнаўцоў (Украіна).

У Кішынёве ўдзельнікі наклалі карту гета на сучасную карту горада, вызначылі зруйнаваную сінагогу, колішні рынак. Зрабіць гэта было не так проста, бо блізу 80% Кішынёва было зруйнавана ў вайну, фактура горада моцна змянілася. Аўтары праекта апытвалі людзей на вуліцах аб тым, што яны ведаюць пра раён былога гета, і ці ведаюць пра яго існаванне. Выявілася, што гараджане мала інфармаваныя, а адна з апытаных жанчын наогул сказала, што, мусіць, ахвяры гэта заслужылі. У межах праекта знялі відэа пра кішынёўскае гета і пра лёсы яго ахвяр.

Ва ўкраінскіх Чарнаўцах удзельнікі праекта «Вымяраючы гета» працавалі са спадчынай юнай паэткі Зельмы Меербаўм. З гета яе дэпартавалі ў працоўны лагер, дзе яна памерла ад тыфу. Перад дэпартацыяй яна перадала сяброўцы альбом са сваімі вершамі. Цяпер яны перакладзеныя на многія мовы свету. У Чарнаўцах стварылі аўдыёзапісы яе вершаў па-ўкраінску. Гісторыю таго, як шукалі інфармацыю пра паэтку, захавалі ў адмысловым блогу.

Надзея Вішнеўская, Hrodna.life

01 Студзеня 2021 | Няма каментароў | Пазнакі:

Дадаць каментар

  • Універсітэт Залатога Веку

    Універсітэт Залатога Веку

    Сайт праекта, скіраванага на сацыяльную і інтэлектуальную актывізацыю сталых людзей. Вучыцца ніколі не позна!

    Школа маладога журналіста

    Школа маладога журналіста

    Праект для тых, хто хоча паспрабаваць свае сілы ў журналістыцы. Працуе ў Гродне з 1997 г.! Далучайся!

Чытай

Чытаць навiны на hrodna.life
  • «Бывшие директора “Азота” перевернулись бы в гробу». Уволенные рабочие требуют восстановления и компенсации
    Азотовцы требуют признать увольнение незаконным,  компенсировать вынужденные прогулы и моральный ущерб. Свои потери каждый оценил в сумму от  3000 до 10 000 рублей. Hrodna.life собрал фрагменты выступлений рабочих, которых суд заслушал на 18 января. “Моему здоровью угрожала опасность” “Вечером 27 октября я отказался принять смену из-за большой загазованности [аммиаком – прим. ред.] на рабочем месте. […]
  • Затрыманага ў Бярозаўцы журналіста пакінулі пад вартай
    Затрыманы 20 студзеня ў Бярозаўцы Лідскага раёна незалежны журналіст Юрый Дзяшук застаецца за кратамі на 72 гадзіны. Журналіста змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання, піша Беларуская асацыяцыя журналістаў. Родныя мяркуюць, што затрыманне Дзяшука звязанае з крымінальнай справай, якую завялі з нагоды падтрымкі асуджанага на 5 гадоў зняволення актывіста Вітольда Ашурка ў судзе. 20 студзеня ў Лідзе […]
  • У 2020 годзе прадалі ўдвая больш зямельных участкаў пад будаўніцтва блакаваных дамоў
    У 2020 годзе прадалі ўдвая больш зямельных участкаў пад будаўніцтва блакаваных дамоў індустрыяльным спосабам, чым у 2019-ым, распавёў grodnonews.by дырэктар Гродзенскага цэнтра нерухомасці Іван Скерсь. Павышаным попытам карыстаецца зямля для будаўніцтва групы аднакватэрных блакіраваных жылых дамоў індустрыяльным спосабам. Самы вялікі ўчастак плошчай 13 гектараў прададзены ў мікрараёне Пагараны-Кашэўнікі. Інвестар з Мінска цяпер вядзе праектаванне будучай […]
  • У Ваўкавыску судзяць былога дырэктара завода, які адмовіўся збіраць подпісы за Лукашэнку, — яго абвінавацілі ў карупцыі
    20 студзеня ў судзе Ваўкавыскага раёна пачаўся разгляд справы Георгія Дзядзюшкі, які адмовіўся збіраць подпісы за Аляксандра Лукашэнку. Яго абвінавачваюць у атрыманні хабару. 52-гадоваму мужчыну пагражае да дзесяці гадоў пазбаўлення волі, піша naviny.media. Быў дэпутатам Дзядзюшка працаваў дырэктарам камбікормавага завода ў гарадскім пасёлку Рось Ваўкавыскага раёна – філіяле агракамбіната “Скідзельскі”. Стаж працы на заводзе — […]
© 2012-2021 Грамадcкае аб'яднанне "Цэнтр інфармацыйнай падтрымкі грамадcкіх ініцыятыў "Трэці сектар"