lagatup_budz

Абвяшчэнне імёнаў найлепшых грамадскіх актывістаў Гарадзеншчыны, уручэнне каштоўных прызоў, выступ гурта “Людзі на балоце” – усё гэта і не толькі  на цырымоніі ўзнагароджвання пераможцаў конкурсу “Будзь у Трэцім!”

Падвядзенне вынікаў адбудзецца 4 красавіка. ГА “Цэнтр “Трэці сектар” ужо другі год запар ладзіць конкурс “Будзь у Трэцім!”, мэтай якога з’яўляецца папулярызацыя дзейнасці грамадскіх арганізацый, ініцыятыў і асоб Гарадзеншчыны, якія робяць вялікі ўнёсак у вырашэнне важных мясцовых пытанняў.

У гэтым годзе конкурс мае шмат асаблівасцей. Па-першае, колькасць намінацый павялічылася да сямі і ахоплівае самыя разнастайныя сферы, у якіх адбываецца грамадская дзейнасць.

Па-другое, у гэтым годзе пераможцаў у кожнай намінацыі абіраюць не толькі інтэрнэт-карыстальнікі, але і прафесійнае міжнароднае журы, у склад якога ўвайшлі 24 прызнаных эксперта з Беларусі, Польшчы, Украіны і Нямеччыны.

Таксама асаблівасцю гэтага года стала з’яўленне адмысловай старонкі конкурсу, дзе можна знайсці ўсю інфармацыю пра канкурсантаў, сябраў журы, умовы галасавання і г.д.

У конкурсе сёлета прымаюць удзел 30 канкурсантаў, сярод якіх пяць прадстаўнікоў вобласці. У пілотным конкурсе гэтая лічба была значна ніжэйшая.

Імёны пераможцаў вы зможаце даведацца першымі на ўрачыстай цырымоніі ўзнагароджвання, якая адбудзецца 4 красавіка па адрасе: вул.Будзёнага 48А, п.38. Пачатак – у 18 гадзін!

Акрамя ўручэння каштоўных прызоў і дыпломаў, удзельнікаў цырымоніі чакае падарунак – выступ гарадзенскага гурта “Людзі на балоце”!

Шчыра запрашаем на імпрэзу!