ЕВС у Нямеччыне: “Гэта адчыняе перад табой новыя перспектывы мыслення”

Змяніць памер шрыфта Болей Меней Скінуць
ЕВС у Нямеччыне: “Гэта адчыняе перад табой новыя перспектывы мыслення”

З 11 верасня валанцёрка ГА “Цэнтр “Трэці сектар” Аліна Курнасевіч знаходзіцца на гадавым ЕВС-праекце ў Вюрцбурзе, Нямеччына. Аліна распавядае пра свой праект, дзеліцца сваімі ўражаннямі і думкамі:

Калі нехта запытвае, чым я тут займаюся, а адказваю: “Дапамагаю ўцекачам вывучаць нямецкую мову і культуру”. На гэта людзі рэагуюць па-рознаму. Хтосьці кажа: “Гэта, напэўна, вельмі цяжка”, а нехта проста кажа “Зразумела”, але думае “няўжо нічога лепей не знайшла?” (але такіх, на шчасце, не так ужо і шмат). Шчыра кажучы, перад пачаткам праекта я і сама не разумела, крута гэта ці не, цяжка ці не вельмі, але зараз я магу сказаць, што так, гэта няпроста і патрабуе шмат цярпення і самааддачы, але затое гэта вельмі цікава і адчыняе перад табой новыя перспектывы мыслення.

Працую я ў школе прафесійнай адукацыі імя Дона Боска, і школа гэтая няпростая. Гэта вельмі сучасная школа, абсталяваная па апошнім слове тэхнікі, якая навучае маладых людзей розным прафесіям па нямецкай дуальнай сістэме (гэта калі навучэнцы два ці тры разы на тыдзень наведваюць школу і вывучаюць тэорыю і базавыя практычныя навыкі, а ў астатні час працуюць і ўжываюць навыкі на рэальнай практыцы). Але выключнасць гэтай школы заключаецца ў тым, што працуе яна з асаблівай моладдзю, а менавіта з тымі, хто знаходзіцца ў неспрыяльнай сацыяльнай сітуацыі або мае асаблівасці ў развіцці. Акрамя таго, яна займаецца інтэграцыяй уцекачоў, у чым я прымаю актыўны ўдзел.

А ці не страшна табе было ехаць менавіта на такі праект?

Насамрэч, асноўнай маёй матывацыяй паехаць менавіта на гэты праект было жаданне праверыць на трываласць стэрэатып пра тое, што ўцекачы – гэта «ўтрыманцы, што прыехалі жыць за кошт паслухмяных падаткаплацельшчыкаў і не жадаюць працаваць». Прабыўшы на праекце ўжо амаль тры месяцы, я зразумела, адкуль у гэтага стэрэатыпу растуць ногі, але ён далёка не адпавядае рэчаіснасці. Больш за тое, стэрэатып пра тое, што ўсе ўцекачы – гэта сірыйцы, таксама з’яўляецца памылковым (прынамсі не ў школе, дзе я працую). Куды больш уцекачоў з Афганістана і з Ірана. Таксама вельмі шмат уцекачоў з краін Афрыканскага кантынента: Малі, Самалі, Эрытрэі і іншых. І калі паслухаеш, як людзі на працягу года або некалькіх на розных відах транспарту, пешкі і ўплаў, з адной часткі свету ў другую, часцей за ўсё праз Турцыю, суткамі без ежы і вады, начуючы «пад мостам», пакінуўшы сям’ю і родных , а хтосьці нават страціўшы іх назаўсёды, спрабуюць дабрацца да Нямеччыны ў пошуках лепшага жыцця, хочаш-не хочаш, а пачынаеш глядзець на іх жыццё, ды і на сваё таксама, зусім па-іншаму.

Ці моцна адрозніваецца нямецкая школа ад беларускай?

Адрозніваецца значна, але і падобныя моманты таксама ёсць: тут таксама ёсць свае праблемы, нязгоды з міністэрствам адукацыі, шмат бюракратыі (хаця яна нашмат больш апраўданая). З адрозненняў першае, што кінулася ў вочы, гэта зусім іншая атмасфера ў школе, як сярод навучэнцаў, так і настаўнікаў: лёгкая і нязмушаная. Хоць і з нямецкім менталітэтам таксама прыйшлося сутыкнуцца: вельмі ж яны любяць прытрымлівацца правілаў, таму давялося прыкласці трохі высілкаў, каб знайсці агульную мову.

Ну а акрамя працы ёсць чым заняцца?

Ну вядома! Вюрцбург – хоць і невялікае мястэчка, але затое вельмі прыгожы і ўтульны. Я не стамляюся атрымліваць асалоду ад віду на замак, ратушу і кафедральны сабор, кожны дзень праходзячы праз стары мост на Майне, ідучы з прыпынку на працу. Да таго ж вечаровую праграму для сябе таксама можна арганізаваць: можна пайсці на моўны абмен і пагутарыць на розных мовах, у тэатр, клуб або бар. Усё залежыць ад інтарэсаў. А можна ўзяць і паехаць на выходныя ў Нюрнберг або Бамберг. Дарэчы, у снежні па ўсёй Нямеччыне праходзяць калядныя кірмашы, на якіх можна купіць шмат розных рэчаў і падарункаў на Каляды, ці проста пахадзіць і палюбавацца, ну і выпіць глінтвейну, вядома.

Ці параіла б ты іншым паехаць на ЕВС?

Вядома! Гэта зусім новы і незвычайны досвед, са сваім цяжкасцямі, узлётамі і падзеннямі, але які дазваляе шмат чаго даведацца як аб іншай краіне і культуры, так і пра сябе.

Здымкі аўтаркі

Дадаць каментар

  • Універсітэт Залатога Веку

    Універсітэт Залатога Веку

    Сайт праекта, скіраванага на сацыяльную і інтэлектуальную актывізацыю сталых людзей. Вучыцца ніколі не позна!

    Школа маладога журналіста

    Школа маладога журналіста

    Праект для тых, хто хоча паспрабаваць свае сілы ў журналістыцы. Працуе ў Гродне з 1997 г.! Далучайся!

Чытай

Чытаць навiны на hrodna.life
  • У конкурсе #Паскарэнне можна ўпаляваць 2000 расійскіх рублёў, далучыўшы ўдалы праект сябра
    Нацыянальны інтэрактыўны конкурс у фармаце рэаліці-шоў # Паскарэнне набраў абароты. 115 праектаў ужо пададзена для ўдзелу ў конкурсе – і гэта не мяжа, кажуць арганізатары. Цяпер дастаткова прыцягнуць на конкурс праект сябра і ўдзельнічаць у розыгрышы дадатковых 2000 расійскіх рублёў. Як выйграць # Паскарэнне, калі няма крутой ідэі? Знайдзі крэатыўнага сябра і стань Хантэрам яго […]
  • Гродзенскую пажарную каланчу рыхтуюць да святаў
    Гродзенскія ратавальнікі ў аўторак 12 снежня пачалі ўпрыгожваць пажарную каланчу да надыходзячых святаў. Ужо 15 снежня 33-метровая вежа з уключэннем навагодняй ілюмінацыі ў Гродне ператворыцца ў цуда-елку. Традыцыя ўпрыгожваць каланчу пачалася ў 2014 годзе. На адмысловае ўключэнне святочнай ілюмінацыі штогод запрашаюць дзяцей. Летась на свята “Бяспечная елка” запрашалі дзяцей з дзіцячых дамоў, школ-інтэрнатаў, дапаможных школ […]
  • Як паспяхова выкарыстоўваць Форэкс стратэгіі
      У карыстачоў сеціва ёсць унікальная магчымасць зарабляць на здзелках куплі/продажу фінансавых інструментаў Форэкс рынку У карыстачоў сеткі ёсць унікальная магчымасць зарабляць на здзелках куплі/продажу фінансавых інструментаў Форэкс рынку. Граматны трэйдзінг гарантуе атрыманне прыбытку ў выглядзе стабільнага даходу ад гандлёвых аперацый. Пачаткоўцам трэйдарам рэкамендуецца дэталёва вывучыць тэарэтычную базу фарміравання цэн на міжнародным фінансавым рынку, а […]
  • У Шчары на Мастоўшчыне патануў трактар, знайшлі целы двух загінулых
    11 снежня ў дзяжурную частку Мастоўскага РАУС паступіла паведамленне аб тым, што ў рацэ Шчара паміж вёскамі Дварок і Макары Мастоўскага раёна знойдзены трактар ​​«Т-40» з прычэпам, які належыць жыхару вёскі Курылавічы гэтага раёна, паведамляе sk.gov.by. Вынайшлі, што ўласнік трактара ​​напярэдадні перадаваў ў часовае карыстанне 57-гадоваму жыхару вёскі Макараў, які мае пасведчанне трактарыста. Мясцовыя жыхары […]
© 2012 Грамадcкае аб'яднанне "Цэнтр інфармацыйнай падтрымкі грамадcкіх ініцыятыў "Трэці сектар"
Каталог TUT.BY