Фестываль моладзевай журналістыкі "Твой стыль": Стартуй якасна!
Гродна | 16-18 мая 2014
about festival O festiwalu

ІІ Агульнабеларускі ФотаБатл: каманды выйшлі на дыстацыю

У момант, калі мы публікуем гэты матэрыя на сайце, удзельнікі ФотаБатла з Гродна, Мінска, Гомеля, Слуцка, Маладэчна, Барысава і Слоніма лётаюць па вуліцах сваіх гарадоў у пошуку добрых ракурсаў. У 10.00 яны атрымалі тры конкурсныя заданні і зараз павінны зрабіць тры серыі фота, якія будуць найлепш адлюстроўваць зададзеную аргкамітэтам тэму.

Першым заданнем было прадставіцца і мы публікуем тут прэзентацыйныя фота каманд і кароткую інфармацыю пра іх. Удзельнікі даслалі іх нам сёння адразу пасля выхаду на старт.

Каманда “Дзеці Гародні”

kamanda Dzieci Harodni

Дзеці Гародні – тыя, хто гадуецца не толькі бацькамі, але і Гародняй. Яе мінулым, сапраўдным і будучым. Чаму ўдзельнічаем у фотабатле? Таму што ён дапамагае яшчэ адзін лішні дзень у жыцці ўважліва паназіраць навокал сябе, і ўбачыць тое, што не бачыш у шэрай штодзённасці…

Каманда “ФотаLike”

kamanda photolike

Прастор інтэрнэту. Прагляд фотаздымкаў. Фота. Яшчэ фота. О! Падабаецца! Лайк!

“ФотаLike” – каманда з Гродна, якая вырашыла паўдзельнічаць ў другім агульнабеларускім фотабатле, таму што ў жыцці вельмі мала яскравых момантаў, каб не скарыстацца імі! Крэатыўны пагляд на свет праз аб’ектыў, жаданне знайсці нешта новае ў звычайным і перазняць паўсядзённае аб’ядноўвае нас. Усім Лайк! 🙂

Каманда “CANONistki”

kamanda Canonistki

Мы (Юля, Віка, Даша) трыа фатографаў з Менску. Наша каманда завецца “CANONistki”. Мы любім Таранціна, “Кэнан” і здымаць. Мы вырашылі паўдзельнічаць у конкурсе, каб паспрабаваць сябе ў жанры рэпартажнага фота, весела правесці суботу, перамагчы і наведаць Гародню! 🙂

Каманда “Філаматы”

kamanda Philomaty

Мы вырашылі назвацца так, бо, як вядома з беларускай гісторыі, у пачатку ХІХ стагоддзя ў Віленскім універсітэце дзейнічала таемнае таварыства філаматаў – студэнтаў-патрыётаў сваёй краіны, ​мэтай якіх была асветніцкая дзейнасць. Мы ганарымся імі і вельмі шануем памяць аб іх, таму і вырашылі назвацца так.

Мы вырашылі паўдзельнічаць у фотаспаборніцтве, каб паспрабаваць свае сілы ў мастацтве фатаграфіі, знайсці невядомае ў родным горадзе і цікава правесці час разам. Нам падабаецца фатаграфаваць і рабіць нешта крэатыўнае і неардынарнае, а ў гэтым конкурсе нашыя здольнасці будуць ацэньвацца якраз па гэтых крытэрыях.

Каманда “Live city”

kamanda live city

“Жывы горад” гэта Людміла Лебедзь, Сяргей Людкевіч, Глеб Янкоўскі і Святлана Лебедзь.

Жыццё горада – гэта людзі, дзвіжуха, крэатыў, змены – усё, з чаго складаецца жыццё…

Наш удзел у фотобатле – гэта наша жыццёвая пазіцыя: не стаяць на месцы, развівацца, камунікаваць, атрымліваць і дарыць пазітыўныя эмоцыі, шукаць новыя ракурсы, магчымасці, бачанне.

Каманда “Lovejoy”

kamanda Lovejoy

Мы вырашылі так назваць каманду, бо:

1) Love = каханне

2) Joy = радасць

То бок, мы за адпаведныя каштоўнасці 🙂

Каманда складаецца з чатырох дзяўчын: Ірыны Агейчык (капітан), Ксеніі Сакун, Веранікі Кадзеш і Алены Сіповіч.

Мы вырашылі прыняць удзел у конкурсе, таму што лічым, што без здаровай канкурэнцыі і драйву фатограф не можа развівацца як творчая асоба і будучы прафесіянал. Як мы ўбачылі з вопыту папярэдняга “Фотобатла”, арганізатары прапануюць удзельнікам разнастайныя, займальныя і нечаканыя тэмы. Гэта заўсёды “казыча” могз, стварае інтрыгу і дае адчуванне “матылькоў у жываце”. Бо радасць і любоў – гэта асноўныя рухаючыя сілы нашай каманды!

Каманда “Зеніт”

kamanda Zenith

Мы называемся “Зеніт”, не таму, што аматары піцерскага футбольнага клуба.

Мы “зенітаўцы”, таму што маем напасрэднае дачыненне да фотатэхнікі.

Не-не, мы не выраблялі фотаапараты “Зеніт” на знакамітым заводзе нашага рэгіёна.

Мы проста не выпускаем з рук фотакамеры. І няхай нашы камеры не зусім “Зеніт”, але наш уласны погляд з аб’ектыва нашмат важнейшы.

З гэтай жа прычыны і ўдзельнічаем ў фотабатле. Мы не можам змірыцца з тым, што аб’ектывы нашых фотакамер штодзень бачаць такую прыгажосць, але яе не бачыце вы, немаладзечанцы. Таму сённяшнія здымкі – гэта наша запрашэнне. Паглядзіце, як у нас крута!

Каманда Kli4nik.info

kamanda kli4nik

Kli4nik.info – назва гомельскага маладзёвага сайту, з рэдакцыі якога і складаецца нашая каманда.

Вельмі любім Гродна за ягоную еўрапейскасць, выкшталтоцанасць і ўтульнасць. Не можам упусціць шанец яшчэ раз там пабыць. Значна цікавей зрабіць гэта праз перамогу ў фотабатле. Ніколі не ўдзельнічалі ў падобных конкурсах. Фотарэпартажы займаюць значную частку матэрыялаў нашага сайта, усе мы любім і цэнім фатаграфію, таму перакананы, што атрыманы досвед мы з карысцю скарыстаем у сваёй працы і цудоўна правядзем гэты сонечны суботні дзень.

Каманда “СлуцККор”

kamanda sluckcore 2

СлуцККор – слуцкі карэспандэнт. Мы прымаем удзел у фотобатле, каб паказаць наш погляд на свет праз аб’ектыў фотаапарата. У камандзе чатыры дзяўчыны. Усе мы выпускніцы школ маладога журналіста. Сёння Насця і Віка працуюць у рэгіянальнай газеце “Інфа-Кур’ер”, а Эмілія і Аліна – яе пазаштатныя карэспандэнты.

Каманда “Гарызонт завалены”

kamanda horizont zavalen

Гарызонт завалены – гэта, мабыць, самая частая памылка, з якой сутыкаюцца ўсе пачаткоўцы (і не толькі) фотасправы. Таму мы вырашылі называцца чымсьці блізкім і родным.

Калі ты вырашыў займацца фотажурналістыкай, то імкненне здымаць нельга штучна абмежаваць. І таму мы выкарыстоўваем любую магчымасць заваліць гарызонт 🙂

Каманда “Non Stop”

kamanda non stop

Мы – слонiмская каманда Non Stop. Гэта рух без перапынку. Мы гатовы iсцi i паўзцi, бегчы i нават плыць да сваёй мэты безупынна. Фотабатл – гэта выклiк, які мы не змаглi не прыняць.

Каманда “Авангард”

kamanda Avangard

“Авангард” – назва, якая мае вельмі шмат розных значэнняў. Гэта і музыка, і кінематограф, і мастацтва, і ваенны тэрмін. Кожную частку з гэтага мы маем у сваёй душы і ў сваім характары. Самі па сябе мы вельмі разнастайныя людзі, але нас аб’ядноўвае журналістыка і ўсё тое, што мы бачым навокал. Фотабатл – гэта конкурс, дзе можна навучыцца здымаць і незвычайна бычыць жыццёвыя рэчы.

***

Удзельнікі фотабатла маюць час да 18.00, каб выканаць нашыя заданні і даслаць выніковыя серыі фотаздымкаў. Поспехаў!

Мы на Flickr

Copyright 2014 "Трэці сектар"