PRodvizhenie-2019: беларускія і нямецкія актывісты абмеркавалі на Форуме ў Мінску ідэі сумеснай дзейнасці

Змяніць памер шрыфта Болей Меней Скінуць
PRodvizhenie-2019: беларускія і нямецкія актывісты абмеркавалі на Форуме ў Мінску ідэі сумеснай дзейнасці

Кола рэгіянальных фэстаў, стварэнне асацыяцыі фандрайзераў, арганізацыя візіта прадстаўнікоў нямецкіх НГА у Беларусь, сумесныя ініцыятывы па развіцці мясцовых супольнасцяў і дапамогі людзям у складаных жыццёвых сітуацыях. Гэта няпоўны пералік ідэй супрацы, якія абмяркоўваліся ў час Беларуска-Нямецкага Форума НГА. Форум адбыўся 7-8 снежня ў Мінску і сабраў каля ста прадстаўнікоў беларускіх і нямецкіх грамадскіх ініцыятыў.
Імпрэза распачалася з вітальнай прамовы амбасадара Германіі ў Беларусі Манфрэда Хутэрэра.

– “Германія з’яўляецца ключавым партнёрам Беларусі. У апошнія гады нашы стасункі добра развіваліся на ўсіх узроўнях. Але сапраўдная соль нашых адносінаў – гэта грамадскія ініцыятывы. Супрацоўніцтва на гэтым узроўні – гэта магчымасць наўпрост размаўляць адзін з адным. Толькі так можа нарадзіцца  і ўмацавацца давер” –  адзначыў сп-р Хутэрэр.

Сёлета праграма PRodvizhenie складалася з некалькіх частак:

  • Школы PR і медыякампетэнцый для прадстаўнікоў НГА (найперш з Віцебскай і Магілёўскай абласцей),
  • Школы плюралізму – трэнінгу для трэнераў,
  • Адукацыйнага візіту ў Нямеччыну,
  • Беларуска-Нямецкага Форума НГА «PRodvizhenie-2019».

Вынікі сёлетняй праграмы падсумаваў яе каардынатар у Беларусі, старшыня праўлення ГА “Цэнтр “Трэці сектар” Вітаўт Руднік.

PRodvizhenie-2019 Presentation by vitautr

– “Часта мы робім рэчы, якія істотна паляпшаюць жыццё людзей, развіваюць нашы рэгіёны, але не заўсёды ўмеем распавесці пра свае ініцыятывы. Ідэя праграмы PRodvizhenie ў тым, каб зрабіць дзейнасць, якой займаюцца беларускія грамадскія ініцыятывы, больш заўважнай і прызнанай. І, здаецца, у нас гэта пакрысе атрымліваецца! – кажа Вітаўт.

Удзельнікі праграмы PRodvizhenie вучыліся сёлета распавядаць пра свае праекты і ідэі ў сацыяльных сетках, ствараць інфармацыйныя і піяр кампаніі, кантэнт-планы па працы ў сацсетках, карыстацца рознымі мультымедыйнымі інструмантамі, планаваць цікавыя адукацыйныя праграмы.

Пра “залікоўку” выпускнікоў Prodvizhenie

Пра тое, які гэта дае плён, распавялі выпускніцы мінулагодняга выпуску праграмы Наталля Раманюк (Брэст), Наталля Хазяева (Мінск), Ілона Бяляцкая (Брэст) і Аляксандра Шор (Жодзіна).

– «Калі я падлічыла свае грамадскія справы за апошні год, то выйшла каля 40 мерапрыемстваў. Выходзіць, што кожныя дзесяць дзён было нешта яркае», – здзіўляецца сама сабе Наталля Раманюк з брэсцкай ініцыятывы MysaBag.

Яе ініцыятыва – стварэнне аўтарскіх экаторбак – даўно перарасла проста жаданне шыць шматразовыя “торбачкі” замест пластыкавых.

– “Экаторбы” – гэта проста спосаб данесці нашы ідэі і нашы каштоўнасці. Мы хочам прышчапіць людзям свядомае стаўленне да прыроды, клапатлівы падыход да рэсурсаў. Мы просім людзей задумацца, перагледзець сваё стаўленне да паўсядзённых звычак”, – кажа Наталля.

І прызнаецца, што дзякуючы атрыманым ведам у галіне піяру і прасоўвання ў сацыяльных сетках, ёй зараз няма патрэбы рабіць спецыяльныя інфармацыйныя кампаніі, бо ўвагі з боку медыя і грамадскасці і так вельмі шмат.

Выпускніцы праграмы Юлія Башынская (злева) і Наталля Раманюк

– “Гэта дзіўна, але цяпер “залікоўка працуе на студэнта”, – смяецца экаактывістка.

Цікавым атрымаўся і блок прэзентацый, прысвечаных вынікам сёлетняй стажыроўкі ўдзельнікаў праграмы ў Берліне. Аксана Кузіна (Віцебск), Дзяніс Васількоў (Магілёў), Аляксандр Сакавец (Пінск), Ірына Тархан (Маладэчна) і Аксана Дз’якава (Полацк) распавялі, што ў час візіту было наведана каля 30  нямецкіх арганізацый, што вынікамі стажыроўкі сталі новыя кантакты, а таксама ідэі новых праектаў.

Пра свае ўражанні ад стажыроўкі ў Берліне распавядае Дзяніс Васількоў, Цэнтр “Кола”, Магілёў

Кульмінацыяй першага дня працы Форума стаў IdeaLab – творчая лабараторыя па распрацоўцы ідэй сумесных праектаў.

Вынікам працы лабараторыі сталі канцэпцыі 8 сумесных беларуска-нямецкіх праектаў, над якімі ўдзельнікі дамовіліся  працаваць далей ужо ў дыстанцыйным фармаце.

Так нараджаюцца ідэі сумесных праектаў

Яркім момантам імпрэзы стала ўзнагароджванне пераможцаў конкурсаў за лепшы PR-матэрыял і за лепшую адукацыйную праграму, распрацаваныя ў межах праграмы.

Пераможцамі конкурса сталі:

– у намінацыі “Лепшы PR-матэрыял”:

– Установа “Інтэлектуальная майстэрня ўстойлівых перамен”, Мсціслаў

– Культурна-асветніцкая ўстанова «Цэнтр урбаністычных праектаў і ініцыятыў “Прастора”, Віцебск.

Падзякі ў гэтай намінацыі таксама атрымалі:

– Наталля Кісялёва, Дабрачынная супольнасць “Добрае сэрца”, Віцебск-Святлана Мінькова,

– Брэсцкі Клубны дом для людзей з псіхічнымі захворваннямі.

– у намінацыі “Лепша адукацыйная праграма”:

– Святлана і Алег Красныя за праграму “Акадэмія 50+”, Бабруйск

– Святлана Мінькова, Брэсцкі Клубны дом для людзей з псіхічнымі захворваннямі за праграму “Як абараніць свае асабістыя межы”

Падзякі атрымалі:

– Ірына Тархан і Юлія Башынская, “Нэкст Стоп Нью Лайф”, Маладзечна

– Аксана Дз’якава, Цэнтр “Струмок”, Полацк.

Каманда з Мсціслава стала пераможцай у конкурсе на лепшыя PR-матэрыялы

Скончыўся першы дзень Форума сяброўскай вечарынай з беларускімі і нямецкімі спевамі і танцамі.

“Што для вас PRodvizhenie?”

З такім пытаннем да залы ад Валерыя Паўлюкевіча (на здымку ніжэй) з Лунінца распачынаецца другі дзень Форума.

На сцэне пачынаецца разгортвацца сапраўдны тэатральны перформанс, падрыхтаваны камандай удзельнікаў імпрэзы пад кіраўніцтвам нямецкай эксперткі Беціны Пінцль!

Удзельнікі Форума апладысментамі сустракаюць спецыяльную госцю імпрэзы – адну з лепшых беларускіх экспертак у сферы PR Таццяну Курбат.

Прыведзеныя ёй натхняльныя прыклады арганізацый PR кампаній і акцый, заснаваныя на гісторыях канкрэтных людзей (у тым ліку на яе асабістым прыкладзе), нікога не пакідаюць абыякавымі.

– “Мінуў час камунікацый, заснаваных на прынцыпе “бізнес-бізнесу” альбо “бізнес-кліенту”. Зараз час камунікацый “ад сэрца да сэрца”, “ад душы да душы” – кажа Таццяна і знаходзіць шырокую падтрымку ў зале.

Таццяна Курбат нават у час перапынку працягвала адказваць на пытанні ўдзельнікаў Форума

На змену Таццяне на сцэне адзін за адным з’яўляюцца нямецкія эксперты.

Сябра праўлення нямецкага таварыства фандрайзераў Герхард Вальмаер

Пра гісторыі поспехаў і правалаў PR-кампаній розных арганізацый, прыёмы, прынцыпы і хітрыкі, якія можна выкарыстоўваць пры наладжванні сувязяў з грамадскасцю, зборы ахвяраванняў, рэалізацыі экалагічных і адукацыйных праектаў распавядаюць Ёрг Рэшке і Соня-Марыя Клаус, Ёнатан Кульбургер і Алена Жэрздзева, Херберт Лёнэр і Рута Вімба, а таксама Герхард Вальмаер.

Алена Жэрздзева распавядае пра досвед рэалізацыі медыяпраектаў для моладзі з украінскага Данбасу

Соня-Марыя Клаус скарыла аўдыторыю сваім майстар-класам пра крызісную камунікацыю

Ёрг Рэшце ахвотна дзяліўся з беларусамі сваім багатым арсеналам PR-інструмантаў

Немцы таксама маюць чаму павучыцца

– “Выдатна, што на форуме прысутнічалі арганізацыі з розных грамадскіх сфер, пачынаючы ад працы з людзьмі з інваліднасцю і сканчаючы аховай навакольнага асяроддзя. Важна, што яны сустракаюцца і маюць зносіны, – адзначае прадстаўнік нямецкай экалагічнай арганізацыі BUND Херберт Лёнер (на здымку ніжэй).

– На жаль, у Нямеччыне практыка такая, што, напрыклад, экалагічныя арганізацыі супрацоўнічаюць паміж сабой, але рэдка – з арганізацыямі з іншых сфераў. На мой погляд, вельмі важна, каб падтрымлівалася міжсектаральная кааперацыя”.

Па словах нямецкага госця, у Германіі мала ведаюць пра дзейнасць беларускіх няўрадавых арганізацый і ініцыятыў, як і пра Беларусь у цэлым. Тым не менш, нямецкія арганізацыі адкрытыя для супрацоўніцтва і абмену досьведам.

Гэта пацвярджае і суарганізатарка Беларуска-Нямецкага Форуму, кіраўніца нямецкай арганізацыі CoopForum International Людміла Корбут (на здымку ніжэй у цэнтры).

– “Знайсці нямецкіх удзельнікаў форуму не так проста, як хацелася б. Мы чакалі большай зацікаўленасці, але ў Мінск прыехалі найперш тыя, хто ўжо ведае пра беларускія НГА”, – распавядае Людміла.

– Літаральна тры тыдні таму прайшоў адукацыйны візіт беларускіх удзельнікаў праграмы ў Германію. Там яны пазнаёміліся з нямецкімі калегамі, запрасілі іх у Мінск і тыя адгукнуліся на прапанову, захацелі паглыбіць наладжаныя кантакты”.

Па словах Людмілы Корбут, беларускім актывістам таксама ёсць чаму павучыць гасцей.

– “Мы часта сутыкаемся з праблемай недастатковай адказнасці беларускіх удзельнікаў праграмы. Бывае, што прадстаўнікі НГА заяўляюць пра свой удзел у праграме, але затым не даязджаюць. І гэта кепска, але, з іншага боку, немцы маглі б павучыцца ў беларусаў імправізацыі. Там, дзе здараецца праблема, нямецкія калегі будуць уздыхаць і думаць, што гэта праблема, а беларусы хутка зарыентуюцца, скажуць: «Зусім не праблема». І прапануюць рашэнні!”, – кажа Людміла.

Арганізатарамі Форума і праграмы PRodvizhenie-2019 былі:

«PRodvizhenie-2019: PR і медыякампетэнцыі для грамадзянскай супольнасці ў рэгіёнах Беларусі» здзяйсняецца ў межах праграмы Міністэрства замежных спраў Германіі «Развіццё супрацоўніцтва з грамадзянскай супольнасцю краін «Усходняга партнёрства» і Расіі».

Фота: Дзяніс Зелянко, Вітаўт Руднік, Лана Руднік

Відэа: Аліна Сцяцова, Дзяніс Зелянко. Мантаж – Аляксандр Лібертад

 

 

Дадаць каментар

  • Універсітэт Залатога Веку

    Універсітэт Залатога Веку

    Сайт праекта, скіраванага на сацыяльную і інтэлектуальную актывізацыю сталых людзей. Вучыцца ніколі не позна!

    Школа маладога журналіста

    Школа маладога журналіста

    Праект для тых, хто хоча паспрабаваць свае сілы ў журналістыцы. Працуе ў Гродне з 1997 г.! Далучайся!

Чытай

Чытаць навiны на hrodna.life
  • Жаночы раман часоў пандэміі. Cерця 6. Крыся выходзіць замуж
    Вы памятаеце Крысю з першай серыі фотарамана? У гэтым сюжэце яна з’яўляецца зноў і выходзіць замуж. Хто стаў яе выбраннікам і як склаўся лёс дзяўчыны з 70-х – чытайце і глядзіце ў чарговай гісторыі ад Наталлі Дораш. Улетку 1974 г. мая прыяцелька Крысціна запрасіла мяне на вяселле. Выходзіла яна замуж не па гарачым каханні, а […]
  • Гол Марушыча прынёс “Нёману” сёмую перамогу запар
    4 ліпеня гродзенскі клуб атрымаў сёмую перамогу запар у чэмпіянаце Белаурсі. Падапечныя Ігара Кавалевіча ў Гродна абыгралі Іслач – 1:0. Адзіны гол у матчы на 91-й хвіліне забіў Зоран Марушыч. Сем перамог запар – гістарычная серыя для гродзенскай каманды. Галоўны трэнер ” Нёмана “Ігар Кавалевіч пасля матчу: – Быў цяжкі матч з добрай камандай. У […]
  • Адключаць гарачую ваду ў Гродне пачнуць з 8 ліпеня
    Адключэнні гарачай вады ў Гродне пачнуцца ў пачатку ліпеня і завершацца 25 жніўня, паведамлялі раней grodnonews.by у Гродзенскай гарадскай ЖКГ. Для паступовага і раўнамернага адключэння гарачай вады горад падзелены на тры зоны. Першая зона: занеманская частка горада, Прынеманне, частка цэнтра горада – з 8 па 21 ліпеня ў раёнах вуліц: Антонава, Аульская, другі завулак Белуша […]
  • У 2020 годзе ў Беларусі вырасла колькасць перадазіровак ад наркотыкаў
    У Беларусі адзначылі рост колькасці зарэгістраваных выпадкаў перадазіроўкі, паведамілі ў мясцовай міліцыі. Чатыры чалавекі ў 2020 годзе пасля атручвання памерлі. На працягу 2015-2018 гадоў у Гродзенскай вобласці зніжалася колькасць атручванняў. У 2015 годзе іх было 43, а ў 2018 — толькі 4. У 2019 годзе колькасць атручванняў паднялася да 10. За сем месяцаў у 2020 […]
© 2012-2019 Грамадcкае аб'яднанне "Цэнтр інфармацыйнай падтрымкі грамадcкіх ініцыятыў "Трэці сектар"