Цірольскія нататкі гарадзенскай валанцёркі

Змяніць памер шрыфта Болей Меней Скінуць
Цірольскія нататкі гарадзенскай валанцёркі

Тры маладзёны з Беларусі, Арменіі і Грузіі прынялі ўдзел у праекце “Магчымасці моладзевага ўсходнееўрапейскага партнёрства”, які адбыўся ў аўстрыйскім горадзе Інсбруку.  Праект быў рэалізаваны ў межах еўрапейскай праграмы “Моладзь у дзеянні” пры падтрымцы аўстрыйскай арганізацыі InfoEck.

Падчас праекта ўдзельнікі даведаліся, як распрацаваць і арганізаваць праект у межах праграмы “Моладзь у дзеянні”, наведалі моладзевыя ўстановы рэгіёна Тыроль, сустрэліся з моладзевымі актывістамі, каардынатарамі і валанцёрамі EVS (Еўрапейская валанцёрская служба), прадстаўнікамі Нацыянальнай аўстрыйскай агенцыі Сальта.

У першыя дні ўдзельнікі праекта знаёміліся з дзейнасцю цірольскай арганізацыі InfoEck – моладзевым інфармацыйным цэнтрам ў Інсбруку. Інфаэк аказвае інфармацыйную падтрымку моладзі і моладзевым арганізацыям. Тут маладыя людзі могуць атрымаць дапамогу ў пошуках працы, бясплатную юрыдычную кансультацыю, даведацца пра прапановы працы і навучання за мяжой. Акрамя гэтага, Інфаэк каардынуе арганізацыю моладзевых праектаў у межах праграмы “Моладзь у дзеянні” і дзейнасць усіх валанцёраў EVS не толькі ў Інсбруку, а і ва ўсім рэгіёне Ціроль.

Каманда “Інфаэк” адказвае на пытанні моладзі пра  магчымасці  навучання і працы за мяжой

Удзельнікі праекта наведалі некалькі моладзевых цэнтраў рэгіёна Ціроль. Каля 20 гадоў таму моладзевыя цэнтры былі заснаваныя па ініцыятыве аўстрыйскіх уладаў для таго, каб падлеткі мелі пляцоўку, дзе ў вольны ад школы час яны могуць сустракацца, бясплатна карыстацца кампутарам і інтэрнэтам, выконваць хатняе заданне ці проста бавіць час разам. У кожным моладзевым цэнтры ёсць міні-бар, дзе наведвальнікі могуць бясплатна ці за сімвалічную плату замовіць каву ці гарбату, а таксама скейт-пляцоўка і невялікая канцэртная заля, дзе пачынаючыя музыканты ладзяць свае канцэрты. Такія цэнтры ёсць у кожным, нават невялікім правінцыйным тырольскім горадзе і карыстаюцца вялікай папулярнасцю сярод падлеткаў. Уваход у моладзевы цэнтр бясплатны.

Большасць наведвальнікаў моладзевых цэнтраў – хлопчыкі 12-16 гадоў

У Інсбруку працуе вялікая колькасць валанцёраў з розных краінаў, але асабліва шмат прыязджае з Гішпаніі. Па словах аднаго з гішпанскіх валанцёраў, найбольшую папулярнасць валанцёрства набыла ў іх краіне падчас крызісу, калі маладыя людзі сталі адчуваць складанасці з пошукамі працы. Гішпанцы не адзіныя, хто імкнецца паехаць у Аўстрыю за лепшым жыццём. У гэтай адной з самых высокаразвітых краінаў Еўропы жыве і працуе вялікая колькасць імігрантаў з усяго свету. Гадоў 15-20 таму у краіне не хапала працоўнай сілы, таму сюды запрашаліся спецыялісты і рабочыя з іншых краін. Цяпер працаздольных людзей хапае, але замежнікі працягваюць ехаць. Таму не дзіва, што грамадскіх арганізацый, якія займаюцца пытаннямі міграцыі, тут надзвычай шмат. А дабрачынная арганізацыя “Карытас” заснавала ў Інсбруку нават своеасаблівы інтэрнат для імігрантаў, дзе людзі з розных краінаў свету могуць здымаць жыллё за сімвалічную плату. Акрамя жылых пакояў, на тэрыторыі інтэрната знаходзяцца невялікія касцёл і мячэць, сталовая і нават дзіцячы садок. У інтэрнаце пражывае больш за 100 чалавек, тэрмін пражывання неабмежаваны – нехта адразу знаходзіць сабе лепшае жыллё, уладкаваўшыся на добрую працу, а хтосьці жыве тут па некалькі гадоў. У інтэрнаце ладзяцца акцыі, накіраваныя на адаптацыю імігрантаў у Аўстрыі, і іншыя цікавыя праекты. Напрыклад, кожную пятніцу ў сталоўцы інтэрната арганізуецца вечар кухні якой-небудзь адмысловай краіны. А ў мінулым годзе ў інтэрнаце праводзілася акцыя, падчас якой жыхары пісалі свае імёны на сценах будынка. Сярод іншых знайшлося тут і імя нашай зямлячкі.

У суседнім ад Інсбрука горадзе Вёргле дзейнічае арганізацыя “Issba” – тут беспрацоўнаму прапаноўваюць часовае працоўнае месца, пакуль ён не знойдзе сталае месца працы. Выглядае цэнтр часовага працаўладкавання як міні-фабрыка з разнастайнымі відамі дзейнасці, дзе агулам працуе 30 чалавек. У цэнтра ёсць дамоўленасць з некаторымі ўстановамі горада па аказанню ім паслугаў. У адным з памяшканняў, напрыклад, працоўныя вырабляюць на станках дробныя дэталі для гарадскога механічнага завода, у другім робяць прадукты з другаснай сыравіны. Прадукцыя з другаснай сыравіны карыстаецца асаблівым попытам – гэта сумкі, тэчкі, заплечнікі, зробленыя з рэкламных плакатаў, якія засталіся ў горадзе пасля правядзення тут Алімпійскіх гульняў.

Цэх па вытворчасці прадукцыі з другаснай сыравіны

Цікавая ўстанова знаходзіцца ў прыгарадзе Інсбрука – гарадку Імст. Гэта цэнтр дапамогі людзям з псіхалагічнымі растройствамі. Наведваюць заняткі ў цэнтры людзі, якія перанеслі псіхалагічнае захворванне – дэпрэсію або сур’ёзнае нервовае растройста. Унікальнасць цэнтра ў тым, што акрамя псіхалагічнай дапамогі, якую атрымліваюць наведвальнікі, тут існуе сістэма часовага працаўладкавання людзей з псіхалагічнымі захворваннямі. У сталоўцы, якая дзейнічае пры цэнтры і з’яўляецца вельмі папулярнай у горадзе, частка працаўнікоў з’яўляюцца кліентамі цэнтра. Такім чынам у людзей, якія перанеслі псіхілагічнае захворванне, з’яўляецца магчымасць зноў вярнуцца да працы, адчуць звычайнае жыццё. Максімальны час, які можа працаваць кліент цэнтра ў гэтай сталоўцы – адзін год, за гэты час ён павінен знайсці сабе іншую працу. Акрамя гэтага, у цэнтры праводзяцца заняткі па рэабілітацыі – арт-тэрапія, заняткі з псіхолагам. Цэнтр з’яўляецца недзяржаўнай арганізацыяй і ўсе паслугі аказвае бясплатна, выкарыстоўваючы прыбытак ад сталовай на патрэбы арганізацыі.

Арт-тэрапія – самы ўлюбёны занятак кліентаў цэнтра

Падчас праекта ўдзельнікі атрымалі магчымасць не толькі даведацца пра асаблівасці працы з моладдзю ў рэгіёне Ціроль, але і атрымалі агульнае ўражанне пра дзейнасць аўстрыйскіх недзяржаўных арганізацый, параўналі асаблівасці працы грамадскіх аб’яднанняў у Аўстрыі, Беларусі, Грузіі і Арменіі і абмеркавалі магчымасці будучага супрацоўніцтва і запланавалі сумесныя праекты.

Дадаць каментар

  • Універсітэт Залатога Веку

    Універсітэт Залатога Веку

    Сайт праекта, скіраванага на сацыяльную і інтэлектуальную актывізацыю сталых людзей. Вучыцца ніколі не позна!

    Школа маладога журналіста

    Школа маладога журналіста

    Праект для тых, хто хоча паспрабаваць свае сілы ў журналістыцы. Працуе ў Гродне з 1997 г.! Далучайся!

Чытай

Чытаць навiны на hrodna.life
  • Міністр эканомікі патлумачыў, чаму дакументы аб інтэграцыі не публікуюць, а Мінфін пачаў працу над адзіным Падаткавым кодэксам
    Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім апублікавала адказ міністра эканомікі Беларусі Дзмітрыя Крутога наконт праграмы інтэграцыі, узгодненай прэм’ерамі Расіі і Беларусі. Ён патлумачыў, чаму дакумент не можа быць апублікаваны. Тым часам Мінфін ужо пачаў працу над адзіным з Расіяй Падатковым кодэксам, а ў сеціве стварылі грамадскую кампанію супраць паглыблення інтэграцыі. Алена Анісім пісала прэм’ер-міністру Беларусі Сяргею Румасу, што […]
  • Гродзенскіх закаханых падлеткаў, якія зноў уцяклі з дома, знайшлі
    Закаханыя падлеткі – уцекачы, якіх тыдзень таму абвесцілі ў вышук, знайшліся. Яны ўцякаюць з дома ўжо другі раз. Мінулы раз, у жніўні, 15-гадовая гарадзенка Дыяна Кавалёва і 17-гадовы Яўген Рукша прыйшлі самі, пасля таго, як больш за тыдзень хаваліся ў лесе. У інтэрв’ю яны распавялі, што збіраліся хавацца да таго часу, пакуль дзяўчынцы ня споўніцца 18. Тады яны […]
  • Маці, якая біла сваё немаўля, далі сем гадоў калоніі
    Гродзенку, якая збівала маленькага сына, асудзілі на 7 гадоў калоніі агульнага рэжыму. Прысуд вынес суд Кастрычніцкага раёну Гродна 16 верасня. Ён яшчэ не набыў законнай моцы, піша svaboda.org. Як расказалі ў судзе Кастрычніцкага раёну Гродна, 20-гадовая жанчына нарадзіла сына сёлета ў лютым. Калі дзіцяці было 2-3 месяцы, маці сістэматычна яго біла. Суд прызнаў жанчыну вінаватай […]
  • Амаль тысячу пачкаў беларускіх цыгарэт адправілі ў Вялікабрытанію поштай
    Амаль 1000 пачкаў цыгарэт з беларускімі акцызамі адправілі пад выглядам цацак з Беластока ў Вялікабрытанію. Польшча не заўсёды з’яўляецца канчатковай кропкай нелегальна перапраўленай з Беларусі кантрабанды цыгарэт. Чым далей ад Беларусі на Захад, тым цыгарэты ў цане робяцца даражэй, піша euroby.info. У час адной з праверак, праведзеных у першай палове верасня на пошце ў польскім […]
© 2012 Грамадcкае аб'яднанне "Цэнтр інфармацыйнай падтрымкі грамадcкіх ініцыятыў "Трэці сектар"
Каталог TUT.BY