Фестываль моладзевай журналістыкі "Твой стыль": Стартуй якасна!
Гродна | 25-27 мая 2012
about festival O festiwalu

«Твой стыль» прэзентаваўся татальна

Электронныя рэсурсы амаль з усіх рэгіёнаў краіны правялі прэзентацыі на ІІІ Фестывалі моладзевай журналістыкі.

Пра магілёўскі інфармацыйны сайт gorad.by распавёў ягоны супрацоўнік Дзяніс Васількоў. Старонка існуе з кастрычніка 2010 года. У складзе рэдакцыі працуе пяць сталых журналістаў і сем фрылансераў. За няпоўныя два гады існавання gorad.by здолеў заваяваць сталую аўдыторыю і дамагчыся штодзённага наведвання сайта больш за тысячу карыстальнікаў інтэрнэту.
Па словах Дзяніса, супрацоўнікі сайта паставілі сабе за мэту рабіць карысны інфармацыйны рэсурс без залішняга шалупіння.
Асноўны прынцып нашай працы — гэта імкненне дамагчыся максімальнага даверу да сайта з боку аўдыторыі якасцю матэрыялаў, — кажа журналіст. Менавіта дзякуючы гэтаму, а таксама захаванню палітычнай незаангажаванасці gorad.by здолеў наладзіць неблагі кантакт з уладамі і рэгулярна атрымлівае карысную для чытача інфармацыю.

Магілёўцы вельмі актыўна прысутнічаюць у сацыяльных сетках і маюць амбітныя планы па развіцці сайта. У хуткім часе на gorad.by можа з’явіцца інтэрнэт-радыё і інтэрнэт-тэлебачанне.

Адмысловую моладзевую накіраванасць мае брэсцкі рэсурс dziedzich.org. Асноўныя тэмы, якія асвятляе гэты сайт — экалогія, культура і асвета. Алесь Анішчук з «Дзедзіча» паведаміў, што праца рэдакцыі не абмяжоўваецца інтэрнэтам.
Мы штомесяц выдаем папяровы бюлетэнь, — кажа журналіст.

Таксама на моладзь арыентаваны мінскі сайт ampby. org. Ягоны прадстаўнік Міхась Матусевіч патлумачыў, што ідэяй стварэння сайта была інтэграцыя моладзевага асяроддзя, знаёмства наведвальнікаў сайта з моладзевымі арганізацыямі, а таксама інфармацыйная падтрымка дзейнасці гэтых арганізацый.
Праблема ў тым, што беларуская моладзь ведае галоўным чынам пра праўладны БРСМ ды апазіцыйны «Малады фронт», – тлумачыць Міхась. Ён перакананы, што такі абмежаваны выбар вельмі крыўдзіць актыўных маладзёнаў, якія маглі бы рэалізаваць свае ідэі ў шматлікіх экалагічных, культурніцкіх ды іншых арганізацыях, пра якія рэдка з’яўляецца інфармацыя ў традыцыйных і арыентаваных на шырокія колы грамадства медыях.

Усе госці фестываля, якія скарысталіся магчымасцю прэзентаваць на ім свае выданні, падкрэслівалі ўнікальны характар фэсту і дзякавалі за магчымасць удзельнічаць ў ім.

Што тычыцца прэзентацыі нашага выдання «Твой Стыль», то ягоныя журналісты пасля прагляду падрыхтаваных матэрыялаў жартавалі, што «Твой стыль» абраў канцэпцыю татальнай прэзентацыі і зладзіў фэст, на які з’ехаліся «вяршкі» беларускай і замежнай журналістыкі.
Атрымліваецца доўгахвалёвая і геаграфічна шырокая прэзентацыя, дзякуючы фэсту нас запомняць калегі з масавых выданняў? — з усмешкай кажа рэдактарка «Твайго стылю» Кася Крот.

Мы на Flickr

Copyright 2012 "Трэці сектар"