Ініцыятарамі стварэння кааліцыі з’яўляюцца ў тым ліку гарадзенскія арганізацыі “Цэнтр “Трэці сектар” і “Цэнтр дадатковай адукацыі дарослых “Студыя карысных кампетэнцый”. Першым крокам кааліцыі стала сумесная распрацоўка прапановаў у Нацыянальную Стратэгію актыўнага даўгалецця.
Першая арганізацыйная сустрэча па стварэнні кааліцыі прайшла 14 лістапада ў Мінску.
Апроч прадстаўнікоў згаданых вышэй арганізацый, удзел у ёй бралі кіраўнікі і актывісты міжнароднага грамадскага аб’яднання “Узаемапаразуменне”, грамадскага аб’яднання “Беларуская асацыяцыя сацыяльных работнікаў”, Беларускага рэспубліканскага геранталагічнага грамадскага аб’яднання, грамадскага аб’яднання “Клуб дзелавых жанчын “Бона” (Кобрын), грамадскай дабрачыннай габрэйскай арганізацыі “Хэсэд-Рахамім”, а таксама сябры Рады праграмы “Універсітэт Залатога Веку“.
Удзельнікі сустрэчы ўзгаднілі, што мэтай працы кааліцыі будзе паляпшэнне якасці жыцця сталых людзей праз павышэнне іх удзелу ў жыцці грамадства, інтэлектуальную і фізічную актывізацыю, адстойванне і прасоўванне іх правоў і інтарэсаў, а таксама праз умацаванне патэнцыялу арганізацый, якія працуюць у гэтай сферы.
Уваходзіць у кааліцыю змогуць прадстаўнікі грамадскіх, дзяржаўных, акадэмічных, міжнародных і замежных арганізацый, а таксама эксперты, якія займаюцца пытаннямі паляпшэння якасці жыцця сталых людзей.
Асноўнымі накірункамі сумеснай працы стануць:
– абмен інфармацыяй і досведам працы;
– арганізацыя дыялогавых пляцовак па пытаннях, звязаных з паляпшэннем якасці жыцця сталых людзей;
– распрацоўка і ўзгадненне рэкамендацый у Нацыянальную стратэгію актыўнага даўгалецце;
– прадстаўленне інтарэсаў грамадскага сектару краіны на міжнароднай арэне па пытаннях паляпшэння якасці жыцця сталых людзей.
У 2019 г. удзельнікі кааліцыі плануюць правесці некалькі тэматычных працоўных сустрэч, арганізаваць Форум актыўнага даўгалецця і яшчэ некалькі супольных мерапрыемстваў.
У бліжэйшы час будзе таксама створаная старонка кааліцыі ў Фэйсбуку.
Важнай часткай сустрэчы стала таксама ўзгадненне прапановаў у Нацыянальную Стратэгію актыўнага даўгалецця.
Узгодненыя прапановы былі дасланыя 15 лістапада ў Міністэрства працы і сацыяльнай абароны насельніцтва, якое займаецца распрацоўкай Стратэгіі.
На думку ўдзельнікаў сустрэчы, будучая Нацыянальная стратэгія павінна грунтавацца на такіх асноватворных дакументах, як Мадрыдскі міжнародны план дзеянняў па праблемах старэння (2002) і рэгіянальныя стратэгіі па яго ажыццяўленню, дакументы Сусветнай арганізацыі аховы здароўя па актыўным даўгалецці і здароўю, на досведзе працы Глабальнай сеткі гарадоў і супольнасцяў, прыязных да сталых людзей, а таксама іншых падобнага кшталту дакументах і ініцыятывах.
Галоўнай мэтай Стратэгіі павінна стаць стварэнне ўмоў для функцыянальнага і годнага старэння і максімальная рэалізацыі патэнцыялу кожнага чалавека на працягу ўсяго жыцця, паляпшэнне якасці жыцця сталых людзей, максімальнае падаўжэнне перыяду здаровага і стваральнага старэння ў прыязным для сталых людзей асяроддзі.
Пазнаёміцца з дасланымі прапановамі можна тут.
Наступная працоўная сустрэча сябраў кааліцыі адбудзецца ў пачатку 2019 года.
На працягу некалькіх апошніх гадоў стваральнікі кааліцыі ініцыявалі цэлы шэраг мерапрыемстваў па абмеркаванні прыярытэтных пытанняў, накіраваных на паляпшэнне якасці жыцця сталых людзей.
Прыкладамі такіх мерапрыемстваў з’яўляюцца:
Міжнародная канферэнцыя “Інтэлектуальная, фізічная і сацыяльная актывізацыя сталых людзей” (Гродна, сакавік, 2013)
Міжнародная канферэнцыя “Паляпшэнне якасці жыцця сталых людзей: на шляху да распрацоўкі планаў дзеянняў па пытаннях старэння” (Гродна, красавік, 2016)
Круглы стол “Горад, прыязны да сталых людзей” (Гродна, кастрычнік, 2017)
Форум універсітэтаў трэцяга Веку (Мінск, май 2018).
Упершыню ідэя стварэння кааліцыі была агучана на Форуме ўніверсітэтаў трэцяга веку ў Мінску (травень, 2018)
На кожным з гэтых мерапрыемстваў уздымаліся пытанні пра неабходнасць стварэння Нацыянальнай стратэгіі актыўнага даўгалецця.
Асноўныя прапановы да зместу гэтай Стратэгіі былі акумуляваныя яшчэ ў 2016 г. у Рэзалюцыі па выніках канферэнцыі “Паляпшэнне якасці жыцця сталых людзей: на шляху да распрацоўкі планаў дзеянняў па пытаннях старэння”, якая адбылася ў Гродне.
Сёлета пра намер стварэння такой Стратэгіі заявіла міністр працы і сацыяльнай абароны насельніцтва Ірына Касцевіч.