


Сітуацыю, якая цяпер адбываецца ў свеце, з лёгкасцю можна назваць унікальнай. Яшчэ больш унікальнай яна стала для валанцёраў, якія з’ехалі з Беларусі ў іншыя краіны па праграме European Solidarity Corps і спазналі на сабе ўсе асаблівасці еўрапейскага жыцця ў перыяд пандэміі.
У гэтым годзе ГА “Цэнтр “Трэці сектар” адправіў у Еўропу чатырох валанцёраў.
Хтосьці з іх з’ехаў на 6 месяцаў, хтосьці на 10, хтосьці – на цэлы год. Мы пачынаем серыю знаёмстваў з нашымі хлопцамі-валанцёрамі.
Першым пра свой досвед распавядае Іван Церах з Баранавіч. Іван з’ехаў на 10-месячны праект у арганізацыю “Integration durch Kunst” , якая арганізуе тэатральныя і музычныя прадстаўленні ў Брэмене (Германія) і за яго межамі.
– Іван, ці моцна паўплываў каранцін на твой праект? Калі так, як адаптаваліся ў арганізацыі?
– Каранцін паўплываў на ўвесь свет, было б дзіўна, калі б яго наступствы не закранулі і мой праект.
Пра тэатр:
У жыхароў слаўнага музычнага ганзейскага горада Брэмен патрабаванне відовішчаў (з магчымасцю заражэння) ліха саступіла месца патрабаванню хлеба, а таксама макаронаў і туалетнай паперы:)
У тэатры здарыўся калапс. Запланаваныя выступы пачалі пераносіцца на месяц, потым яшчэ на месяц, потым да лета і вось ужо цяпер мы разглядаем магчымасць рэанімаваць дзейнасьць хоць бы з верасня.
У нашай сферы ёсць сезоннасць і таму плануем прымеркаваць аднаўленне дзейнасці да старту новага сезона.
Мы шчыра верым, што гэта атрымаецца, бо інакш сэнс і значнасць майго знаходжання тут імкнецца да нуля.
Але і нават з гэтага пункту гледжання я нічым ужо дапамагчы не змагу, акрамя паражаў па тэлефоне і гд., бо ў сярэдзіне верасня я ўжо з’еду. Час бязлітасны.
Засмуціла тое, што два непасрэдна маіх уласных праекта, запушчаных у вытворчасць, прыйшлося адмяніць …
Тэатр напрамую звязаны з імправізацыяй. Мы хутка скемілі і падпарадкавалі прапанаваныя абставіны пад ужо новыя планы: у нас з’явілася шмат часу, каб абнавіць, палепшыць некаторыя часткі сцэны, разабрацца з дэкарацыямі, зрабіць неабходны рамонт, на які з-за пастаяннай занятасці памяшкання рэпетыцыямі і выступамі не хапала часу.
Таксама абзавяліся новай святлатэхнікай, якую таксама ўсталявалі і апрабавалі (акцёры нават яшчэ не ведаюць, як гэта ўсё змянілася).
Вядома, не абышлося без інтэлектуальнай дзейнасці: з камандай кіраўнікоў і калегаў выбудавалі новыя планы праектаў, прыдумалі тое, чаго яшчэ не было ў Брэмене. Зараз многае ў стадыі распрацоўкі, але сёе-тое ўжо ў вытворчасці.
– Што апынулася самым складаным для цябе падчас каранціну?
– Ня мець канкрэтнага плана дзеянняў. Нязвыкла без працы.
Калі я ехаў у Нямеччыну – я ехаў у Еўропу. Натуральна, я спадзяваўся і планаваў наведваць разнастайныя мясціны і тэрыторыі, і не важна што: гістарычны замак, або галерэя мастацтваў, стадыён “Вердэра” або фанацкі бар, алея ў батанічным садзе ці шпацыр па вуліцы чырвоных ліхтароў – усё гэта і шмат чаго яшчэ для мяне тут новае і цікавае.
Сям-там я, вядома, паспеў пабываць, але разнастайныя меры бяспекі максімальна абмежавалі мае планы. Але яшчэ ёсць тры з паловай месяцы, я ўсё паспею.
Яшчэ было складана не мець магчымасці пастрыгчыся:)
– А назаві хоць бы адну добрую рэч, якая здарылася з табой за час каранціну?
– Я кожны дзень прачынаюся – гэта ўжо вельмі добра!
Стала больш часу – дэталёва думаю пра многае, знайшоў мноства рашэнняў, паставіў некалькі новых мэтаў, якія мяне аж прама ух як зараджаюць.
Чытаю. Адгадаваў вусы!
Вучу нямецкую і не толькі.
А яшчэ, катаючыся на ровары, заўважаю прыгажосць сквераў, паркаў, якая радуе вока. Нават турма тут адна мне вонкава падабаецца, як Хогвартс.
Гэта ўсё зараджае нейкім невытлумачальным пазітывам. Я эстэт, мяне такое робіць больш шчаслівым.
А яшчэ я пастрыгся нагола.
– Працягні фразу: “Калі каранцін цалкам скончыцца, перш за ўсё я …”
– … Лягу спаць, каб не разарвала ад мітусні і думак, што зрабіць першым.
Увасобіць у жыццё закансерваваныя праекты будзе вельмі важнай задачай!
Далей …
Я, напэўна, на якія-небудзь выходныя звалю ў Пальму-дэ-Маёрку, проста каб там пахадзіць і зрабіць пару фотак (прывітанне Шуфутінскі). Гэта цалкам сабе ўзгадаваная мара.
Ну ці проста буду знаходзіць час скарыстацца бязмежнымі еўрапейскіх тэрыторыямі, магчымасцю наведаць як мага больш цікавых месцаў.
Хачу пракаціцца на яхце па Везеру і выйсці ў мора. Хачу максімальна насычацца жыццём!
Вось такім досведам падзяліўся з намі Іван, за што мы яму дзякуем і жадаем, каб праект станавіўся з кожным днём усё больш цікавым і каб усе мары і планы сталі рэальнасцю!
А калі ў вас ёсць пытанні да Івана, можаце смела задаваць іх у каментарах! А мы хутка пазнаёмім вас з іншымі валанцёрамі.
Марына Нікіфарэнка