Больш за 200 чалавек узялі ўдзел у адкрыцці юбілейнага акадэмічнага года “Універсітэту Залатога Веку”. Імпрэза адбылася 4 кастрычніка ў гарадскім доме культуры.
Сустрэча па традыцыі распачалася з выканання студэнцкага гімна “Гаўдэамус”.
Затым дырэктарка праграмы Лана Руднік прадставіла каманду праграмы – сваіх асістэнтак, сябраў Рады, а таксама выкладчыкаў УЗВ-10.
Нават з улікам таго, што не ўсе змаглі прыйсці на імпрэзу, на сцэну выйшла некалькі дзесяткаў чалавек!
З кранальным вершам і цёплымі пажаданнямі да ўдзельнікаў імпрэзы звярнуўся ганаровы студэнт УЗВ Іван Буднік.
Упрыгожваннем сустрэчы стаў канцэрт, падрыхтаваны артыстамі дзіцячай музычнай школы №2.
Выступае хор дзіцячай музычнай школы №2 пад кіраўніцтвам Ірыны Жыгулінай
У канцы сустрэчы студэнты атрымалі расклад заняткаў “Універсітэту Залатога Веку”, якія распачнуцца з 8 кастрычніка.
Студэнты УЗВ вывучаюць расклад заняткаў на першы семестр
Больш фотаздымкаў з адкрыцця УЗВ-10 глядзіце ў фотарэпартажы валанцёра з Польшчы Пшэмыслава Кучыньскага.
Праграма “Універсітэт Залатога Веку” была заснаваная ў красавіку 2010 г. сябрамі ГА “Цэнтр “Трэці сектар”.
З 2015 г. праграма рэалізуецца сумесна з установай “Цэнтр дадатковай адукацыі дарослых “Студыя карысных кампетэнцый“.
Мэтай “Універсітэту Залатога Веку” з’яўляецца паляпшэнне якасці жыцця сталых людзей праз іх інтэлектуальную, фізічную, сацыяльную актывізацыю, а таксама праз адстойванне іх інтарэсаў.
Сёлета “Універсітэт Залатога Веку” працуе ў межах праекта “Паляпшэнне якасці жыцця людзей ваеннага пакалення праз адукацыю і ўзаемадапамогу”, які прафінансаваны Фондам “Памяць, адказнасць і будучыня” (EVZ) у межах праграмы “Месца сустрэчы: дыялог”. Арганізатар праграмы ў Беларусі – міжнароднае грамадскае аб’яднанне “Узаемапаразуменне”.
Гэтая публікацыя не адлюстроўвае меркаванне фонда EVZ. Адказнасць за змест нясе аўтар/нясуць аўтары.