Амаль два тыдні таму ў Гродна прыехала ЕВС-валанцёрка з Германіі Рая Вагнер. Яна будзе працаваць у ГА “Цэнтр “Трэці сектар” 9 месяцаў.
Рая будзе весці клубы нямецкай і ангельскай мовы ва “Універсітэце Залатога Веку”, нямецкі столік на Tandem evenings in Hrodna, а таксама арганізоўваць мерапрыемствы для моладзі.
Рая дзеліцца ўражаннямі ад падарожжа ў Беларусь і першага тыдня жыцця ў Гродна:
“Будучы 19-цігадовай валанцёркай з Германіі, я не ведала, чаго чакаць ад памежнага кантролю ў Беларусі. Я баялася міграцыйнай карткі, а таксама таго, што праз тое, што ў мяне шмат рэчаў, некаторыя з іх не дазволяць правезці. Але я дарма баялася: два з трох памежнікаў размаўлялі па-ангельску, не задавалі шмат пытанняў і ўвогуле праблем не было.
Кожны чалавек, з кім я паспела пазнаёміцца за першы тыдзень, падаўся мне вельмі добрым і ветлівым. Гродна выглядае падобна на гарады Германіі, але ўсе надпісы тут на беларускай ці рускай мове. У крамах нават ёсць нямецкія цукеркі.
Увогуле ўсё адчуваецца знаёмым, але я паспела заўважыць некаторыя адрозненні:
– Мне казалі, што зіма ў Гродна будзе вельмі халоднай, таму я не чакала, што прыйдзецца адчыняць вокны нават часцей, чым у Германіі. Негледзячы на тое, што я не знайшла батарэй у маёй кватэры, там насамрэч вельмі цёпла.
– Я не разумею, чаму большасць жанчын носіць тонкія калготы, калі на вуліцы дастаткова халодна.
– У Гродна вельмі шмат пешаходных пераходаў і людзі імкнуцца пераходзіць вуліцы толькі на пераходах. Жыхары Гамбурга звычайна пераходзяць вуліцы, дзе хочуць, не звяртаючы ўвагі на светлафоры і пераходы.
– Мне вельмі падабаецца, што амаль усе тут любяць піць гарбату. У Германіі ў асноўным усе п’юць каву. Гарбату п’юць толькі дома, калі захварэлі.”
У лістападзе Аксель, Эвеліна і Рая арганізуюць вечарыну, на якой можна будзе бліжэй пазнаёміцца з валанцёрамі і іх культурамі.