Фестываль моладзевай журналістыкі "Твой стыль": Стартуй якасна!
Гродна | 16-18 мая 2014
about festival O festiwalu

Віват, пераможцы конкурсу і Фотабатла!

Поўная зала слухачоў, у паветры блукае хваляванне і ёсць маленькая доля напружаннасці. Чаму? У трэці дзень Фестывалю, 18 траўня, падводзяцца вынікі II Агульнабеларускага Фотабатла, а таксама конкурса для маладых журналістаў “Твой стыль”. Самыя розныя намінацыі, шмат падарункаў і прыемная атмасфера паспрыялі добраму настрою ўсіх прысутных.

14

Фотабатл праводзіцца ўжо другі раз. У гэтым годзе ўдзел прынялі 19 каманд з Мінска, Барысава, Слоніма, Слуцка і, канешне, Гародні. Ацэньваць працы выпала на долю гарадзенскім фатографам. І вынікі атрымаліся наступныя: 3 месца атрымала каманда з Маладзечна “Зеніт”, 2 – мінскія “CANONistki”. 1 месца – ў каманды “Жывы горад” з Гародні. Кожнаму з прызёраў і пераможцаў былі ўручаны дыпломы і прызы ад партнёраў фестывалю. Словы ўдзячнасці ўдзельнікі выказалі не толькі арганізатарам фэсту і конкурсу, але і ўсім, хто падтрымліваў іх на працягу ўсяго спаборніцтва, хто верыў у іх моц і перажываў разам з імі.

Хуткая змена падзей – і вось ўжо наступны прыемны момант. Вядучыя не прымусілі доўга чакаць прысутных і тут жа перадалі слова Ганцы Урбановіч, якая агучыла вынікі конкурсу для маладых журналістаў: 90 удзельнікаў, больш за 200 прац, 4 асноўных і 10 спецыяльных намінацыяў. Так, выбар у журы быў зусім нялёгкі.

Першая спецнамінацыя – “Вольнае мысленне”. Заснавальнік – праграма “Лятучы універсітэт”. Удзел прымалі аўтары артыкулаў, прысвечаных праявам і ўмовам развіцця вольнага, крытычнага мыслення ў Беларусі (выбітным асобам, ідэям і думкам, даследаванням, акадэмічным свабодам). Пераможцай стала Кацярына Раманава, якая атрымала ў якасці падарунка збор кніг ад чальцоў калегіўма Лятучага універсітэта.

конкурс "Твой стыль"

Наступная намінацыя і наступны пераможца. Тэлеканал Белсат адзначыў Юлію Харкевіч у намінацыі “Чацвёртая ўлада” (лепшы рэпартаж, у якім адлюстроўваюцца эфекты працы “чацвёртай улады”: што і якім чынам здолелі змяніць журналісты дзякуючы сваёй працы) і ўзнагародзіў яе 2-тыднёвай стажыроўкай ў варшаўскай рэдакцыі Белсата (адзін тыдзень у рэдакцыі тэленавінаў, другі – ў інтэрнэт-рэдакцыі) у перыяд з чэрвеня да жніўня 2014 г.

конкурс "Твой стыль"

Асацыяцыя дадатковай адукацыі і асветы ў намінацыі “Лепшы матэрыял, прысвечаны сферы нефармальнай адукацыі” узнагародзіла трох удзельнікаў: Дар’ю Варанцову, Ганну Сільвановіч і Васіля Корфа. Яны атрымалі не толькі грамату, але і кубачак з сімволікай фэсту і часопіс, які выдае асацыяцыя ўжо не першы год.

конкурс "Твой стыль"

Апладысменты не змаўкаюць, настрой падымаецца, а Ганка Урбановіч працягвае агучваць пераможцаў.

Яшчэ адна намінацыя – “Залатыя людзі залатога веку”. Заснавалі яе прадстаўнікі “Універсітэту Залатога веку”. Ацэньваліся матэрыялы, якія дэманструюць актыўную жыццёвую пазіцыю сталых людзей, якія выйшлі на пенсію, але не згубілі жыццёвага аптымізму і сваім прыкладам паказваюць, што жыццё на пенсіі ніяк не сканчаецца і што ў сталым ўзросце можна развівацца, спасцігаць свет, быць карысным грамадству. Цікавыя работы і не менш цікавыя пераможцы. Паліна Трыпуць і Кацярына Раманава сталі прызёрамі гэтага конкурсу і атрымалі ў якасці падарунка стужачку, якая была зроблена рукамі навучэнцаў УЗВ. Асобную ўзнагароду атрымала Юлія Харкевіч – яна запрошана на ўдзел у навучальным візіце ва Вроцлаў (Польшча) у першай палове 2015 г. Дыплом пераможцы ў гэтай намінацыі атрымала таксама слухачка гарадзенскага “Універсітэту Залатога Веку” Валянціна Звярынская.

конкурс "Твой стыль"

У намінацыі “Тваё права”, заснавальнікам якой з’яўляецца Беларускі дом правоў чалавека, перамагла Алена Касцюк, якая даслала матэрыял, які адлюстроўвае тэму правоў чалавека. Узнагарода: паездка ў Вільню на 2 дні з пражываннем у ДПЧ.

Платформа Talaka.by прадставіла намінацыю “Лепшае журналісцкае расследаванне” – конкурс на лепшае расследаванне, праведзенае журналістам для высвятлення ісціны. Занавальнікі адзначылі матэрыял Юлія Харкевіч. У якасці падарунка Юля атрымала тэхнічны дэвайс для журналіста.

Што ж, відаць, Юлія вырашыла ўзяць большасць узнагарод і пакуль што ў яе гэта атрымоўваецца! Малайчына!

“Адпачываем па-беларуску” – так гучыць наступная намінацыя, заснавальнікам якой з’яўляецца крама-клуб настольных гульняў “Кубік”. У межах намінацыі быў вызначаны лепшы фотарэпартаж (фотаздымкі з кароткім тэкставым апісаннем) пра цікавы адпачынак сучаснага беларуса. Пераможцам стала Алена Ляшкевіч, якая ў якасці заслужанай узнагароды атрымала набор беларускіх гульняў і цацак.

Кампанія “У Беларусь і Еўропу – БЕЗ ВІЗЫ” прадставіла намінацыю “Людзі і межы: ад падзеленай вёскі да падзеленай Еўропы”. Адзначаны быў лепшы журналісцкі матэрыял Ганны Яшынай, прысвечаны праблеме людской мабільнасці, межаў і адносінаў паміж беларусамі і людзьмі па іншы бок мяжы. Ганна атрымала фірмовыя рэчы ад кампаніі “У Беларусь і Еўропу – БЕЗ ВІЗЫ!” з лагатыпам кампаніі, зробленыя адмыслова для конкурсу.

Такім чынам былі аб’яўлены пераможцы ў спецыяльных намінацыях, якія заснавалі партнёры не толькі конкурсу, але і фэсту. Уперадзе – асноўныя намінацыі. Удзельнікі хвалююцца, прысутныя ў нечаканні. Вынікі агучваюцца.

Першая з асноўных намінацыяў – “No comments”. Удзельнікам трэба было прадставіць рэпарцёрскі відэаролік, які адлюстроўвае сутнасць цікавай для грамадства падзеі, з’явы настолькі, што не патрабуе дадатковых каментароў. Узнагароджваў пераможцаў Алесь Залеўскі, вядучы тэлеканала Белсат і сябра журы конкурсу. Месцы былі вызначаны наступным чынам: другое месца атрымала Людміла Лебедзь, першае – Аляксей Сіпачоў з відэаролікам “Гуканне вясны”.

конкурс "Твой стыль"

Другая намінацыя – “Нешта не так”. Гэта конкурс на лепшы артыкул альбо рэпартаж, прысвечаны вострым і актуальным для грамадства пытанням, нестандартным падыходам да іх вырашэння. Другое месца ў гэтай намінацыі заняў Арцём Гарбацэвіч, а трэцяе месца падзялілі паміж сабой Аксана Казлова, Арцём Гарбацэвіч і Грыбаноўскі Сяргей.

конкурс "Твой стыль"

Першай стала Кацярына Касцевіч, з чым яе павіншавалі сябры журы. Дарэчы, Кацярына – самая юная ўдзельніца конкурсу, яна навучаецца зараз у 9 класе.

конкурс "Твой стыль"

Трэцяя намінацыя – “Стылёвыя людзі”. Ацэньвалася інтэрв’ю, якое раскрывае ўнутраны свет асобы, якая вызначаецца актыўнай грамадзянскай пазіцыяй, нестандартным пунктам гледжання, незвычайнымі ўчынкамі альбо планамі. Вынікі атрымаліся наступныя: 3 месца падзялілі паміж сабой Яна Лазовік і Алена Кавальчук, 2 – Юлія Харкевіч, 1 – Кацярына Раманава.

конкурс "Твой стыль"

Апошняя асноўная намінацыя – “Лаві момант”. Журы выбірала лепшы рэпартажны фотаздымак, які перадае атмасферу падзеяў, адлюстроўвае іх дынамічнасць, стварае эфект прысутнасці гледача на месцы падзеі. Прызёрамі гэтага конкурсу сталі Людміла Лебедзь, Сяргей Гапон і Сяргей Людкевіч. Другі фотаздымак Сяргея Гапона быў вызначаны як лепшы, таму і атрымаў першае месца.

конкурс "Твой стыль"

Усе ўдзельнікі атрымалі цэнныя прызы, якія спатрэбяцца ім ў далейшай журналісцкай дзейнасці.

конкурс "Твой стыль"

unnamed (11)

Віншуем пераможцаў конкурсу і жадаем ім поспехаў і прафесійнага ўздыму!

Анастасія Шымко, фота Ірыны Новік

 

Мы на Flickr

Copyright 2014 "Трэці сектар"