Як дапамагчы хворым дзецям і пабудаваць цырк, седзячы ў інтэрнэце?

Змяніць памер шрыфта Болей Меней Скінуць
Як дапамагчы хворым дзецям і пабудаваць цырк, седзячы ў інтэрнэце?

Чарговая сустрэча актыўнай моладзі, зацікаўленай ў прасоўванні сябе, сваіх ідэй і праектаў у Сеціве, адбылася у межах інфармацыйна-камунікацыйнага праекта BY_HUB, адным з ініцыятараў якога з’яўляецца ГА “Цэнтр “Трэці сектар”.

“Шукаюць не СМІ, а эксклюзіў”

Французскі журналіст і медыяэксперт Жан-Мары Коа (на здымку ніжэй), які ўсё сваё жыццё займаўся асвятленнем палітычных, эканамічных і сацыяльных падзей у свеце, у тым ліку на прасторах Усходняй Еўропы, з уласнага вопыта ведае: прыйшоў час традыцыйным СМІ прыстасоўвацца да новай эры медыя.

– Я знаёмы з журналістыкай дзвюх розных эпох: з той, што была да з’яўлення інтэрнэту, і той, што “жыве” зараз, – разважае ён. – З прыходам апошняй прыйшлося нашмат больш працаваць. Я, напрыклад, працуючы тады яшчэ на радыё France 5, павінен быў не толькі зманціраваць аўдыёперадачу, але паралельна напісаць якасны тэкст на сайт, калі ёсць магчымасць – сфатаграфаваць ці зрабіць відэа, хоць і на мабільны тэлефон. Новыя медыя ператвараюць журналіста ва ўніверсальнага прафесіянала, але, вядома, адначасова якасна рабіць усё вельмі цяжка.

Як падкрэслівае эксперт, новыя медыя прымушаюць журналіста працаваць больш аператыўна, мець хуткую рэакцыю і здольнасць “фільтраваць” няспынны паток інфармацыі. Акрамя гэтага, неабходна заўсёды быць у інтэрнэце. Толькі выконваючы ўсе гэтыя ўмовы можна стаць канкурэнтаздольным інтэрнэт-выданнем.

– Але ж тут ёсць вельмі сур’ёзныя недахопы: у журналістаў няма часу думаць і разважаць, аналізаваць, правяраць крыніцы і шукаць альтэрнатыўныя меркаванні экспертаў, – заўважае ён. – Колькасць матэрыялаў расце, але якасць зніжаецца.

Такія тэндэнцыі назіраюцца па ўсім свеце, тлумачацца вельмі проста: сучасны чытач ужо шукае не СМІ, ён шукае эксклюзіўную навіну.

Сам сабе журналіст

Больш шырока пачала развіваецца грамадская журналістыка: у блогах, сацыяльных медыя, твітэры. Далёка хадзіць за прыкладамі не трэба: як толькі Барак Абама даведаўся пра сваю перамогу, тут жа падзякаваў жонцы праз твітэр.

– Пасля з’явіўся акаунт у твітэры ў Папы Рымскага. Цікава, калі ж ужо сам Бог пачне пісаць твіты? – жартуе Жан-Мары Коа.

Да таго ж сёння можна у рэальным часе перадаваць у інтэрнэт і фота, і відэа, не маючы нават прафесійнага абсталявання. З аднаго боку, такія магчымасці не даюць журналістам рабіць навіны, седзячы ў крэсле і задавальняючы чытачоў “лёгкім” рэрайтам іншых рэсурсаў, с другога – набліжае кожнага з нас да журналістыкі.

Сродкі масавай інфармацыі Францыі вельмі асцярожна ішлі ў інтэрнэт: не было ўпэўненнасці ў стабільнасці, узгадвае журналіст. Яно і зразумела: людзі могуць перастаць плаціць за друкаваныя асобнікі! З цягам часу ўсё ж былі знойдзены розныя мадэлі: напрыклад, часткова платная электронная версія, інтэрнэт-бонусы для падпісчыкаў, рэклама…

Бойкі з Гуглам

А ці ведаеце вы, што сёння ў Еўропе журналісты аб’явілі вайну Гуглу, які “сцягвае” іх тэксты? Аўтары лічаць, што за кожную перадрукоўку яны павінны атрымоўваць грошы. Для параўнання: беларускія інфармацыйныя парталы, наадварот, зацікаўлены ў максімальнай перадрукоўцы тэкстаў для ўласнага піяру.

Дарэчы, гэта не адзіная прычына “крыўдзіцца” на Гугл. Вядома, адзначае медыяэксперт, што праз пашукавік складаюцца партрэты карыстальнікаў, а потым яны прадаюцца зацікаўленным, напрыклад, палітычным партыям. Тыя ўжо разумеюць, на што ціснуць, і могуць у сваіх праграмах маніпуляваць выбаршчыкамі.

Ці вось яшчэ прыклад: Гугл прыйшоў у Кітай на “асобных” умовах. Кіраўніцтва дзяржавы патрабавала перадаваць любую інфармацыю, калі гэта будзе ім патрэбна. Пасля дэмакратычных хваляванняў у Егіпце, у Кітаі заблакавалі сацыяльную сетку “Фэйсбук” і… стварылі нацыянальную! Атрымоўваецца, кожны, хто рэгіструецца там, губляе прыватнае жыццё – дзяржава пачынае назіраць. Акрамя гэтага, праз нацыянальную сацсетку яна “прапіхвае” сваю прапаганду.

Няма грошай – ідзі ў “Одноклассники”!

У працяг тэмы ўкраінскі блогер Мікола Малуха (на здымку) распавёў “байхабаўцам”, як з найменшымі выдаткамі арганізаваць перадвыбарчую кампанію праз сацыяльныя сеткі.

– У нас проста не было грошай. У той час, калі нашыя канкурэнты маглі дазволіць сабе выдаткаваць 2—2,5 мільёна даляраў на свае кампаніі, у нас усяго было каля 200 тысяч, – узгадвае ён. – Часткова дапамог народны фандрайзінг: мы прапанавалі “наняць палітыка на працу” і ахвяраваць, хто колькі можа…

Па сутнасці, сакрэт даверу аказаўся даволі простым: праз сеткі была забяспечана максімальная празрыстасць прадвыбарачнай кампаніі: распавядалі, куды ідуць грошы, чым займаецца кандыдат, якія мае планы, як можа кожны далучыцца да дзейнасці і г.д.

– Важна таксама было падабраць пляцоўкі. У нашым выпадку імі сталі “Одноклассники” і “ВКонтакте”, – кажа Мікола Мануха. – “Фейсбук” мы чапаць не сталі, там аўдыторыя больш адукаваная і “зубастая”, ім так проста не “ўльеш” за каго трэба галасаваць.

За ўвесь час кампаніі атрымалася прыцягнуць каля 260 валанцёраў, каля 80—100 былі даволі актыўнымі: нехта праграмаваў, нехта распрацоўваў дызайн матэрыялаў, нехта раздаваў газеты… Толькі на гэтых паслугах з’эканомілі каля 200 тысяч даляраў.

– Мы былі першыя ва Ўкраіне, хто разгарнуў такі палітычны піяр у інтэрнэце. Падаецца, наш досвед можна выкарыстоўваць на тэрыторыі большасці постсавецкіх краін, – рэзюміраваў блогер.

Са свету па нітцы

Эксперт краўдсорсінга Дзяніс Гурскі (на здымку) распавёў пра тое, як амаль кожны з дапамогай новых медыяў становіцца рухавіком, што вядзе да пэўных зменаў.

Больш чым два гады ён даследуе розныя інтэрнэт-сервісы, якія аб’ядноўваюць людзей з пэўнай праблемай.

Балючымі тэмамі могуць быць і дзіравыя дахі, і хваробы, і дрэннае абслугоўванне… Адным словам, усё тое, ад чаго б хацелася пазбавіцца.

Тут жа цікавы прыклад прыводзіць грамадская актывістка Алена Дуб (на здымку ўверсе): на гугл-мапу разам з аднадумцамі нанеслі кавярні і бары Кіева, дзе было забаронена паліць. Сама не чакала такога поспеху: мапа пачала актыўна папаўняцца, а ў нейкі час ператварылася ў адзін з інструментаў, які дазволіў лабіраваць забарону палення ў грамадскіх месцах.

– Праз некалькі дзён, на шчасце, мапа перастане быць актуальнай, – задаволена адзначае яна. – На заканадаўчым узроўні паліць у грамадскіх месцах забаранілі!

Краўдфандзінг таксама з’ява цікавая. Сутнасць яго ў тым, каб сабраць пэўную колькасць грошай на рэалізацыю грамадскага праекта. Вопыт замежжа паказвае, што людзі гатовыя ахвяраваць на розныя ідэі: ад выратавання дрэва да пабудовы новага цырка. Адным з найбольш удалых такіх праектаў у Беларусі спецыялісты лічаць ініцыятыву “Мае сэнс”. На спецыяльным сайце кожны з нас можа прадаць сустрэчу з сабою, усе грошы ідуць на лячэнне хворых дзяцей.

Ну што, цяпер ты адчуваеш, колькі цікавага прапусціў? Арганізатары BY_HUB абяцаюць, што наперадзе яшчэ шмат цікавых сустрэч з медыяэкспертамі і сеціўнымі актывістамі. Сачыце за навінамі!

Вольга Астаповіч


Даведка ТС:

BY_HUB – гэта пляцоўка для абмену ідэямі і для камунікацыі паміж людзьмі, зацікаўленымі ў тэхналогіях Інтэрнэту і эфектыўных камунікацыях дзеля павышэння якасці жыцця грамадства.

Навучальная частка праграмы ўключае ў сябе майстар-класы, гасцявыя лекцыі, баркэмпы, іншыя мерапрыемствы, якія будуць адпавядаць патрэбам і магчымасцям удзельнікаў.

04 Снежня 2012 | 1 каментар | Пазнакі: , ,

Дадаць каментар

  • Універсітэт Залатога Веку

    Універсітэт Залатога Веку

    Сайт праекта, скіраванага на сацыяльную і інтэлектуальную актывізацыю сталых людзей. Вучыцца ніколі не позна!

    Школа маладога журналіста

    Школа маладога журналіста

    Праект для тых, хто хоча паспрабаваць свае сілы ў журналістыцы. Працуе ў Гродне з 1997 г.! Далучайся!

Чытай

Чытаць навiны на hrodna.life
  • Міністр эканомікі патлумачыў, чаму дакументы аб інтэграцыі не публікуюць, а Мінфін пачаў працу над адзіным Падаткавым кодэксам
    Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім апублікавала адказ міністра эканомікі Беларусі Дзмітрыя Крутога наконт праграмы інтэграцыі, узгодненай прэм’ерамі Расіі і Беларусі. Ён патлумачыў, чаму дакумент не можа быць апублікаваны. Тым часам Мінфін ужо пачаў працу над адзіным з Расіяй Падатковым кодэксам, а ў сеціве стварылі грамадскую кампанію супраць паглыблення інтэграцыі. Алена Анісім пісала прэм’ер-міністру Беларусі Сяргею Румасу, што […]
  • Гродзенскіх закаханых падлеткаў, якія зноў уцяклі з дома, знайшлі
    Закаханыя падлеткі – уцекачы, якіх тыдзень таму абвесцілі ў вышук, знайшліся. Яны ўцякаюць з дома ўжо другі раз. Мінулы раз, у жніўні, 15-гадовая гарадзенка Дыяна Кавалёва і 17-гадовы Яўген Рукша прыйшлі самі, пасля таго, як больш за тыдзень хаваліся ў лесе. У інтэрв’ю яны распавялі, што збіраліся хавацца да таго часу, пакуль дзяўчынцы ня споўніцца 18. Тады яны […]
  • Маці, якая біла сваё немаўля, далі сем гадоў калоніі
    Гродзенку, якая збівала маленькага сына, асудзілі на 7 гадоў калоніі агульнага рэжыму. Прысуд вынес суд Кастрычніцкага раёну Гродна 16 верасня. Ён яшчэ не набыў законнай моцы, піша svaboda.org. Як расказалі ў судзе Кастрычніцкага раёну Гродна, 20-гадовая жанчына нарадзіла сына сёлета ў лютым. Калі дзіцяці было 2-3 месяцы, маці сістэматычна яго біла. Суд прызнаў жанчыну вінаватай […]
  • Амаль тысячу пачкаў беларускіх цыгарэт адправілі ў Вялікабрытанію поштай
    Амаль 1000 пачкаў цыгарэт з беларускімі акцызамі адправілі пад выглядам цацак з Беластока ў Вялікабрытанію. Польшча не заўсёды з’яўляецца канчатковай кропкай нелегальна перапраўленай з Беларусі кантрабанды цыгарэт. Чым далей ад Беларусі на Захад, тым цыгарэты ў цане робяцца даражэй, піша euroby.info. У час адной з праверак, праведзеных у першай палове верасня на пошце ў польскім […]
© 2012 Грамадcкае аб'яднанне "Цэнтр інфармацыйнай падтрымкі грамадcкіх ініцыятыў "Трэці сектар"
Каталог TUT.BY