Фестываль моладзевай журналістыкі "Твой стыль": Стартуй якасна!
Гродна | 25-27 мая 2012
about festival O festiwalu

Журналістыка не згіне!

Да такой «сенсацыйнай» высновы прыйшлі эксперты, якія бралі ўдзел у фестывальным ток-шоў «Журналістыка — 2020».

Прагнозамі наконт эвалюцыі (а можа, дэградацыі) нашай прафесіі дзяліліся пад пільным вокам вядучага тэлеканалу «Белсат» Алеся Залеўскага публіцыст «Белгазеты» Віктар Марціновіч, карэспандэнт польскай штодзёнкі «Газета Выборча» Андрэй Пачобут, супрацоўнік польскага штомесячніка PRESS Марыюш Кавальчык і знакаміты беларускі блогер Яўген Ліпковіч.

Перад тым, як перайсці да прагнозаў, эксперты вырашылі ацаніць сённяшні стан беларускай журналістыкі і параўнаць яе з заходнімі ўзорамі. Галоўным адрозненнем нашай і замежнай журналістык атрымалася тое, што ў краінах, якія лічацца вольнымі, прынцыпы функцыянавання медыяў, іх тэматыку і асаблівасці працы саміх журналістаў дыктуе рынак. Ва ўмовах вольнага рынку медыі пераўтвараюцца ў камерцыйны прадукт і ад таго, як ён заспакойвае патрэбы і інтарэсы атрымальнікаў інфармацыі, залежыць паспяховае развіццё як саміх мас-медыяў, так і матэрыяльнае забеспячэнне журналістаў, якія ў іх працуюць.

Аптымістычным акцэнтам дыскусіі трэба прызнаць аднадумства экспертаў наконт апісання журналіста будучыні. Паводле іх ён будзе вымушаны не толькі пісаць тэксты, але таксама рыхтаваць мультымедыйны кантэнт, г.зн., здымаць відэа і запісваць гук. Калі ўявіць сабе такога шматбаковага рэпарцёра, атрымліваецца нейкі журналісцкі спецназавец, узброены адначасова камерай, мікрафонам ды некалькімі кампутарамі з мабільнымі мадэмамі, праз якія перадаюцца ў рэдакцыю карцінка, гук, а сам рэпарцёр у гэты ж час набірае на звешаным з шыі лаптопе, ці планшэце, суправаджальны тэкст, зачытваючы яго адначасова на адмысловы дыстанцыйна падключаны да рэдакцыйнай апаратуры мікрафон і ўсміхаючыся ў замацаваную на ілбе вэб-камеру.

У чым жа аптымізм такой перспектывы для беларускай журналістыкі? А ў тым, што ніводзін з экспертаў не спрачаўся з тэзай, што ў апісаных вышэй «монстраў» пераўтворацца да 2020 году адначасова як заходнія, гэтак і беларускія журналісты. Іншымі словамі, мы ўрэшце рэшт дагонім а, калі пастараемся, то і перагонім Амерыку.

Здзівіла, што, разважаючы пра шматфункцыйнасць журналістаў будучыні, эксперты не «дакруцілі» тэму і не заявілі, што хутка, адмыслова для журналістаў, будзе вынайдзенае прыстасаванне для тэлепатычнай сувязі з аўдыторыяў мас-медыя, у якім працуе журналіст. Дарэчы, вынаходніцтва гэтага прыстасавання навукоўцамі Беларускай НАН дазволіла б беларускім журналістам зрабіць рэвалюцыйны тэхналагічны прарыў у глабальным маштабе і ўсё-такі перагнаць Амерыку. Вось толькі існуе вялікая рызыка, што ў нашай краіне тэлепатычнае прыстасаванне будзе выкарыстоўвацца толькі праз дзяржаўныя СМІ ў мэтах прапаганды дасягненняў улады. Незалежныя ж журналісты будуць вымушаныя карыстацца састарэлымі інтэрнэт-тэхналогіямі і, як вынік – апазіцыя ў Беларусі ніколі не зрыне пануючы рэжым, які праіснуе да канца свету, а нават на адзін дзень даўжэй.

Глядзі тэлешоу “Журналістыка – 2020”!

Мы на Flickr

Copyright 2012 "Трэці сектар"