Пра конкурс

Budz-u-Trecim-2

Кожную хвіліну ва ўсім свеце людзі па добрай волі робяць добрыя справы на карысць іншых людзей.

Робяць не дзеля ўлады, не дзеля грошай. Такімі людзьмі багатая і наша Гарадзеншчына. Гэтыя людзі заслугоўваюць таго, каб пра іх ведалі!

Грамадскае аб’яднанне “Цэнтр “Трэці сектар” другі год запар праводзіць конкурс “Будзь у Трэцім!”, мэтай якога з’яўляецца папулярызацыя дзейнасці грамадскіх арганізацый, ініцыятыў і асоб Гарадзеншчыны, якія робяць вялікі ўнёсак у вырашэнне важных мясцовых пытанняў.

У конкурсе прымаюць удзел прадстаўнікі грамадскіх арганізацый і ініцыятыў Гарадзеншчыны, а таксама актыўныя асобы, якія займаюцца дабрачыннай дзейнасцю.

Кожны ўдзельнік мае добрую магчымасць зрабіць сваю грамадскую дзейнасць больш вядомай, далучыць да яе новых людзей.

Конкурс праводзіцца ў сямі намінацыях. Падрабязней пра гэта глядзі ў рубрыцы “Намінацыі”.

Пераможцаў конкурсу, якія атрымаюць дыпломы і прызы, вызначыць прафесійнае журы. У яго склад увойдуць прызнаныя эксперты ў сферах, заяўленых у намінацыях, з Беларусі і замежных краін.

Кожная з намінацый таксама прадугледжвае прыз глядацкіх сімпатый.

Урачыстая цырымонія ўзнагароджвання адбудзецца ў сакавіку 2013 года, дзе кожны ўдзельнік прэзентацыі зможа пазнаёміцца з дзейнасцю арганізацый і асобаў-пераможцаў.

Арганізацыі ды рознага кшталту ініцыятывы, дабраахвотна заснаваныя грамадзянамі для вырашэння розных праблемаў грамадства, прынята адносіць да трэцяга сектару (першы аб’ядноўвае дзяржаўныя арганізацыі, другі – камерцыйныя).

Ва ўсім свеце ўдзел у дзейнасці арганізацый трэцяга сектару з’яўляецца ганаровым, усяляк заахвочваецца з боку дзяржавы, устаноў адукацыі, кіраўніцтва фірм і прадпрыемстваў.