Тысячы людзей на Гарадзеншчыне і за яе межамі даведаліся пра магчымыя негатыўныя наступствы будаўніцтва плацін на Нёмане й яго прытоках. Гэта сталася магчымым дзякуючы праекту, які на працягу красавіка-чэрвеня 2001 году ладзіла экалягічная група грамадзкага аб’яднаньня “Цэнтр “Трэці сектар”.
Праектаваньне будаўніцтва Гарадзенскай ГЭС на Нёмане распачалося па замове канцэрну “Белэнэрга” і ВА “Гроднаэнэрга”. У якасьці аргумантаў на карысьць праекту фігуруюць магчымасьць атрыманьня таннай экалягічна чыстай электраэнэргіі, стварэньне рэзэрвовай крыніцы электраэнэргіі для гарадзенцаў, зьяўленьне новай зоны адпачынку на берагах вадасховішча, якое ўзьнікне ля ГЭС, разьвіцьцё воднага турызму.
Эколягі, у сваю чаргу, сьведчаць, што будаўніцтва Гарадзенскай ГЭС прынясе шмат стратаў навакольнаму асяродзьдзю: могуць зьнікнуць некаторыя каштоўныя пароды рыб, будуць падтопленыя лясы ў месцы стварэньня вадасховішча, пачнецца дэфармацыя берагоў ракі, што выкліча правісаньне набярэжных вуліц, пашкоджаньні трубаправодаў, камунікацыяў. Акрамя таго, уздым узроўню вады ў раёне вадасховішча выкліча ўздым узроўню грунтовых водаў. А гэта азначае, што будуць затопленыя студні з чыстай вадой у навакольных вёсках.
Ініцыятаркай і кіраўніцай праекту была гарадзенская журналістка Ніна Палуцкая (на здымку).
З яе ініцыятывы ўпершыню ў горадзе былі праведзеныя адкрытыя грамадзкія слуханьні, прысьвечаныя пытаньню будаўніцтва плацін на Нёмане. Нягледзячы на тое, што гэтае мерапрыемства праігнаравалі ініцыятары будаўніцтва – энэргетыкі, слуханьні выклікалі вялікі розгалас.
На працягу траўня й чэрвеня публікацыі на гэтую тэму зьявіліся ў “Пагоні”, “Биржи информации”, “Вечернем Гродно”, “Glose z-nad Niemna”, “Белорусской деловой газете”, “Нашай свабодзе”, “Новом веке”, маладзёвых выданьнях “Дзядзінец”, “Разам”. Не абмінулі сваёй увагай узьнятую праблему гарадзенскія тэлевізія і радыё, “Радыё Рацыя”, Радыё “Свабода”.
Да ўсяго гэтага можна дадаць выдадзеныя ў межах праекту спэцбюлетэнь “Нёман як крыніца электраэнэргіі” і матэрыялы слуханьняў.
Не застаўся па-за ўвагай гарадзенцаў і “плывучы пікет”. Плот з надпісам “Захаваем Нёман для нашых дзяцей” праплыў па рацэ ў цэнтры гораду.
Апошняй акцыяй у межах праекту стаў пэрфоманс у галерэі “У Майстра”, дзе былі падведзеныя вынікі, а таксама прэзэнтаваныя кашулькі з надпісамі кшталту “Stop ГЭС”.
Праект паказаў, што грамадзкія арганізацыі ў стане фармаваць грамадзкую думку адносна тых альбо іншых праблем.
Застаецца спадзявацца, што гэтая грамадзкая думка ня будзе праігнараваная тымі, ад каго залежыць разьвязка гэтых праблем.
Часопіс “Трэці сэктар” (2001)